Літоўская журналістка да літоўскага бізнесу: Лукашэнка альбо сумленне

Літоўская журналістка і гістарыца ў сферы навукі і тэхналогіяў Аўдра Гірыёце здаўна сачыла за няспынным і нейкім асалодным для ўлады гвалтам у Беларусі. Апошняй кропляй для яе стала забойства Рамана Бандарэнкі і гвалтоўная пастаноўка арышту і нібы прызнання Міколы Дзядка.


З Міколам яна сустракалася і брала ў яго інтэрв’ю, калі ён яшчэ навучаўся ў Літве. І 17 лістапада Аўдра напісала адкрытага ліста літоўцам, перадусім літоўскім прадпрымальнікам, якія маюць бізнес ў Беларусі. Зварот так і называецца — Lietuvos verslas renkasi: Lukašenka ar sąžinė (Літоўскі бізнес выбірае: Лукашэнка ці сумленне). І хоць тэкст — гэта зварот да літоўскіх прадрымальнікаў, але натхнённы ён Беларуссю, Міколам Дзядком, і вельмі часта ён актуальны для многіх у Беларусі, якія працягваюць праводзіць палітыку страўса. Ён актуальны для расійцаў, і асабліва сотні тысячаў беларусаў Расіі, якія дасюль не ведаюць, што адбываецца на радзіме насамрэч.

Ліст журналісткі цалкам ніжэй (пераклад з літоўскай мовы мой).


Ліст літоўскім прадпрымальнікам, якія вядуць бізнес у Беларусі

Вітаю! Як вы маецеся?

Пэўны час гэта быў ваш выбар, пра які мы не маглі гаварыць. 600 і больш кампаніяў з літоўскім капіталам — часам яны нават гэтым ганарыліся. Магчыма, мы не звярталі ўвагі на той факт, што вы на працягу многіх гадоў выступалі галоўнай сілай у стрымліваньні літоўскіх палітыкаў, а разам з іншымі бізнэсменамі Захаду, еўрапейскіх палітыкаў ад больш жорсткіх рашэнняў і больш актыўнага рэагавання на парушэнні правоў чалавека і тэрор Лукашэнкі.

Вам, у адрозненне ад замардаваных і прыніжаных беларусаў, дыктатура акупаецца.

І мне. Усім нам гэта акупаецца, літоўская чыгунка па-ранейшаму перавозіць грузы з Беларусі ў Клайпедскі порт. Чаму? Што павінен зрабіць Лукашэнка, каб ЕС не перашкаджаў? Што было б занадта жорсткім для нас у ЕС? Мы робім выгляд, што не ведаем пра «болевыя калідоры», прыдуманыя беларускімі сілавымі структурамі, вытанчаныя катаванні, сэксуалны гвалт? Няўжо мы ігнаруем парушэнне правоў чалавека, бо мы там толькі дзеля працы?


Наш калектыўны комплекс ахвяры настолькі моцны, што, нават кажучы пра сітуацыю ў Беларусі, мы бачым сябе і сваю эканоміку як патэнцыйную ахвяру. Патрымайце кампутарную мышку, я зараз заплачу.

Калі мы маем бізнес у краіне, дзе эканомікай кіруе рэжым, калі мы дапамагаем яму знешне, то мы — хаўрусьнікі і прыхільнікі рэжыму. Бізнес — аснова рэжыму, без грошай вы не купіце слезацечны газ і не будзеце на што ўтрымліваць сілавікоў.

Мы практычныя, разумныя, магчыма, у нас нават вельмі добра ўсё атрымліваецца, але кожны еўра, які мы зарабляем такім чынам, цяпер крывавы. Не будзем прывозіць гэтыя грошы ў Літву і ўкладаць іх у замежныя банкі. Яны не прынясуць шчасця. Не будзем лічыць страты, мы проста памяншаем шкоду. Садзейнічанне гвалту і прымусу — гэта шкода, якую ніхто не зможа кампенсаваць, за што потым не дапамогуць ніякія прабачэнні, мы ведаем гэта з гісторыі нашай краіны.

Мы можам адказаць як спажыўцы, а вы — як прадпрымальнікі. Не чакайце, пакуль вам хто-небудзь аб гэтым скажа. Вы вольныя людзі. Проста выходзьце адтуль, нікому нічога не тлумачачы, і ніхто не зможа ўспомніць абставінаў, пры якіх вы вялі свой бізнес.

Давайце не будзем аплакваць свет, гледзячы на спісы і прыбытак нашых кампаніяў.

Спыніце свой бізнес, апраўдваючыся, што вы робіце гэта для беларусаў. Беларусы — гэта Мікола Дзядок і тысячы іншых арыштаваных і зніклых без вестак. Можа, вы шчырыя, магчыма, вы адмовіліся ад прыбытку з таго часу, як пачаліся акцыі пратэсту, і ўсё, што зарабляеце, аддаеце страйкамам, падтрымліваеце сем’і затрыманых. Нават калі так — досыць. Што б вы там ні рабілі — вырубалі беларускія лясы, рабілі мэблю для Ікеі, кіравалі крамамі ці заводамі, кансультаваліся з іншымі еўрапейскімі бізнэсменамі, «згодна з правіламі» — зараз самы час выбрацца адтуль.


Страты? Скажам, ваш бізнес быў разбураны сіламі прыроды, і кампенсацыяў няма, бо нікому не варта было калябараваць з дыктатурай.

Так пішучы, ці не думаю я пра вашых дзяцей, якія могуць збяднець праз страчаныя інвестыцыі?

Я думаю пра іх. Вы разумныя і практычныя і, як разумныя прадпрымальнікі, вы інвестуеце туды, дзе паважаюцца правы чалавека. Вы ўкладзеце грошы ў добрае імя.

Якраз дзеля сваіх дзяцей вы зробіце гэта, каб ім не трэба было хаваць, што ж рабілі іх бацькі — на якім баку былі, калі катавалі людзей.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: