Літоўскі Сейм ухваліў змякчэнне ўмоў для пераезду беларускіх кампаній

Сейм Літвы ўхваліў законапраекты, якія вызначаюць больш зручныя ўмовы для пераводу супрацоўнікаў кампаній з трэціх краін і членаў іх сем’яў. У асноўным гэта тычыцца беларускіх кампаній, зацікаўленых у інвеставанні ў Літву.


Пакет законаў аб трансферы работнікаў і членаў іх сем’яў, прыняты ў аўторак, набудзе моц 15 чэрвеня пасля яго падпісання прэзідэнтам, піша REFORM.by.

Прынятыя рашэнні вельмі важныя для таго, каб «прыцягнуць больш інвестыцый і таленавітых людзей у Літву і больш простая працэдура магла б выкарыстоўвацца, у першую чаргу, нашымі беларускімі суседзямі, каб бяспечна працягнуць сваю дзейнасць у Літве», — патлумачыла новаўвядзенне міністарка эканомікі Літвы Аўшрыне Армонайтэ.

Мяркуецца, што ўхвалены пакет дасць магчымасць стварыць не менш за 3 тысяч новых працоўных месцаў. Больш ліберальная сістэма таксама дазволіць інвестыцыйным кампаніям зэканоміць значную частку выдаткаў на рэлакацыю: кошт перасялення аднаго чалавека часам складае каля 10 тысяч еўра.

Зацверджаныя змены ў заканадаўства прадугледжваюць, што ўсе пераведзеныя работнікі змогуць падаць заяву на атрыманне віду на жыхарства ў Літве. Бюро па працаўладкаванні не будуць ацэньваць іх кваліфікацыю або досвед працы. Акрамя таго, члены сем’яў пераведзеных рабочых не будуць паддавацца ацэнцы, ці адпавядаюць яны патрэбам літоўскага рынку працы. Яны будуць мець права працаваць у Літве і атрымаць від на жыхарства.

Змены ў правілах закрануць кампаніі, якія абавязваюцца інвеставаць не менш за 1,45 мільёна еўра і стварыць не менш за 20 працоўных месцаў. Каб пазбегнуць злоўжыванняў, інвестар павінен будзе выплачваць супрацоўнікам заработную плату ў памеры не менш за 1,5 ад сярэдняй заработнай платы, якая дзейнічае ў месцы інвеставання.

Міністэрства эканомікі і інавацый Літвы абвясціла, што ў бліжэйшы час урад разгледзіць магчымасць вызвалення ад мытных пошлін і імпартнага ПДВ на перавозку асабістых рэчаў супрацоўнікаў кампаній з трэціх краін.

Паводле звестак літоўскага агенцтва развіцця замежных інвестыцый «Investuok Lietuvoje», зараз 43 беларускія прадпрыемствы ўжо пачалі працэс пераезду, а яшчэ 40 разглядаюць магчымасць пераносу сваёй дзейнасці ў Літву.

Са жніўня 2020 года многія беларускія кампаніі ўжо пераехалі ў Літву. Сярод іх — «Epam Systems», «World of Tanks — Wargaming», распрацоўшчык прыкладання «Flo Health» для жаночага здароўя, а таксама софтверныя кампаніі «Coherent Solutions» і «Godel Technologies».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: