Літва адклікае яшчэ шэсць дыпламатаў з Беларусі

З амбасады Літвы ў Беларусі з’едуць яшчэ як мінімум шэсць работнікаў у дадатак да тых пяці, што з’ехалі раней. Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка кіраўніка МЗС Лінаса Лінкявічуса Раса Якілайтэне.

Фота Reuters


«Беларускі бок не ўлічыў нашу кампрамісную прапанову і ў парадку ультыматуму запатрабаваў паменшыць колькасць дыпламатаў. Калі мы не пагадзіліся, дыпламатаў, якія працавалі ў Беларусі, хацелі абвясціць персонамі нон грата, а гэта ўскладніла б іх магчымасць працаваць у будучыні. З улікам гэтых ультыматумаў мы адклікалі яшчэ шэсць дыпламатаў, каб спыніць гэты працэс абмежавання дыпламатычных кантактаў», — распавяла Якілайтэне.

Прадстаўніца МЗС патлумачыла, што нягледзячы на тое, што Літва добраахвотна адклікала сваіх работнікаў, яна ацэньвае дзеянні афіцыйнага Менска як недружалюбныя.

«Разам з партнёрамі па ЕС сёння на Радзе замежных спраў ЕС мы прынялі рашэнне пачаць працэс пашырэння спісу якія трапілі пад санкцыі асоб з Беларусі яшчэ на некалькі дзясяткаў, у тым ліку і самога Лукашэнкі», — дадала Якілайтэнэ.

Нагадаем, 2 кастрычніка МЗС Беларусі запатрабавала ад пасольстваў Польшчы і Літвы скараціць колькасць дыпламатаў: у літоўскай амбасадзе замест 25 павінна застацца 14 дыпламатаў, у польскай — замест 50 павінна застацца 18. Таксама ў МЗС Беларусі рэкамендавалі адклікаць паслоў Літвы і Польшчы на радзіму для кансультацый.

Амбасадар Польшчы Артур Міхальскі і амбасадар Літвы Андрус Пулокас пакінулі Беларусь 5 кастрычніка. 9 кастрычніка МЗС Польшчы выканаў патрабаванне беларускага боку і адклікаў 32 польскіх дыпламата.

Паслоў таксама адклікалі Германія, Латвія, Эстонія, Чэхія, Балгарыя і яшчэ шэраг краін. На раніцу 10 кастрычніка ў Мінску з амбасадараў краін ЕС заставаліся толькі амбасадар Аўстрыі і амбасадар Італіі.

Паводле Беларускі партызан



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: