Літва: У палітыкі жаночае аблічча

У парламенцкіх выбарах, што прайшлі ўчора ў Літве, перамаглі апазіцыйныя партыі.
Фота з Delfi.lt

Фота з Delfi.lt


Перад усім у лідарах хрысціянскія дэмакраты — "Хаўрус Айчыны", які набірае 50 месцаў (з 141) у новым Сэймасе. Сацыял-дэмакратычная партыя набірае 13 мандатаў. Ліберальны рух Літвы атрымлівае таксама 13 мандатаў. Потым ідзе яшчэ адна ліберальная партыя Свабоды з 10 мандатамі. І 10 мандатаў атрымала цэнтрысцка-папулісцкая партыя Працы. Праўладная левацэнтрысцкая, а апошнім часам пераважна цэнтрысцкая партыя Хаўрус сялянаў і зялёных набрала 32 месцы, што не дазваляе ёй працягваць кіраваць краінай.

Ніводная партыя не набрала большасці, што скіроўвае асноўных пераможцаў уступаць у кааліцыю, каб стварыць кааліцыйны ўрад.

На дадзены момант вымалёўваецца патэнцыйная правацэнтрысцкая кааліцыя паміж трыма партыямі — хрысціянскія дэмакраты — "Хаўрус Айчыны", Ліберальны рух Літвы і Партыя Свабоды. Разам партыі маюць 74 месцы ў парламенце, што дазволіць ім скласці ўрад і мець большасць у Сэймасе. Не выключаецца, што некаторыя іншыя, напрыклад, 4 беспартыйныя дэпутаты далучацца да кааліцыі.

Варта адзначыць, што да перамогі гэтыя тры партыі прывялі жанчыны — лідарка хрысціянскіх дэмакратаў Інгрыда Шыманіце (патэнцыйная прэм'ер-міністарка), галава Ліберальнага руху Вікторыя Чміліце-Нільсэн, вядомая шахматыстка і грайсмайстарка, а таксама лідарка новай ліберальнай Партыі Свабоды Аўшрыне Арманайце.

Па словах былой прэзідэнткі Літвы Далі Грыбаўскайце, менавіта гэтыя кабеты прадэманстравалі смеласць і нябоязь адказнасці ў складаны час каронавірусу і знешнепалітычных выклікаў.

Усе тры партыі актыўна падтрымліваюць беларускае грамадства ў змаганні з дыктатурай, а таксама іх аб'ядноўвае крытыка праўладнай партыі за карупцыі і замаруджаных і неэфектыўных мераў барацьбы з ковідам.

Яшчэ адна асаблівасць гэтых выбараў — працяг заняпаду сацыял-дэмакратычнага руху Літвы (адразу дзвюх сацыял-дэмакратычных партыяў), які зноў спазнаў паразу: нават лідар асноўнай Сацыял-дэмакратычнай партыі Гінтаўтас Палуцкас не прайшоў у парламент. А таксама не прайшоў у Сэймас такі зубр літоўскай палітыкі, як былы амбасадар у Беларусі і цяперашні міністр замежных справаў Лінас Лінкявічус.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: