Ля беларускага консульства ў Беластоку адбыўся пікет памяці рэпрэсаваных

Лампадкі, партрэты беларускіх паэтаў і бел-чырвона-белыя сцягі. Так грамадскі актывіст Аляксандр Лаўрэнцьеў ды іншыя ўдзельнікі акцыі ўшанавалі памяць расстраляных у 1937 годзе паэтаў.
Беларускае консульства ў час правядзення пікета аказалася зачыненым. Кажа Дзмітрый Сіўко:

Аляксандр Лаўрэнцьеў арганізаваў пікет. Было праінфармаванае консульства, што ён адбудзецца а 16-й гадзіне. Мы прыехалі за гадзіну да пачатку пікета і даведаліся, што консульства працуе сёння да 15 гадзін. Хоць па графіку — да 17. Гэта вельмі сумна, што консульства, як і ўся ўлада ў Беларусі, не шануе памяць.

«Ноч расстраляных паэтаў», перакананыя ўдзельнікі пікета, — гэта нагода ўспомніць усіх ахвяраў рэпрэсій у Беларусі. Не толькі часоў Сталіна, але і часоў Лукашэнкі. А таксама магчымасць цвяроза паглядзець на сучасную палітычную сітуацыю, у якой апынулася Беларусь сёння. Кажуць Аляксандр Лаўрэнцьеў ды Андрусь Цянюта:

— Прыйшоў сюды, каб выказаць салідарнасць са зніклымі палітыкамі, а таксама пісьменнікамі, якія былі замардаваныя сталінскім рэжымам. Канешне, апроч гэтага мяне хвалюе тэма беларуска-расійскай інтэграцыі. Ніхто не мае права забіраць у нас, беларусаў, наш дом.

— Усе мы выдатна разумеем, што зараз адбываецца ў Расіі. І гэты ж рэжым можа вярнуцца і да нас. Калі мы інтэгруемся, можа паўтарыцца ўсё тое ж самае, што ў 1937-м. Усе непажаданыя і гэтай, і той уладзе будуць ліквідаваныя
.




Акцыя памяці расстраляных паэтаў выклікала мізэрнае зацікаўленне з боку беларусаў Беластока і мясцовых СМІ.

Ганна Комінч, racyja.com 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!