«Лёс ЕС будзе вызначацца рэакцыяй на сітуацыю ў Беларусі»

Сігнал ЕС для ўладаў Беларусі і Расіі павінен выразна трансляваць, што вярнуцца да нармальнага жыцця немагчыма. Пра гэта падчас свайго выступу на 25-м Еўрапейскім форуме ў Вахау заявіла прэм'ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманітэ, якая ўзяла ўдзел у мерапрыемстве ў якасці ганаровага госця канцлера Аўстрыі Себасцьяна Курца.


Тэма форуму сёлета «На шляху да новых гарызонтаў», а яго мэта — умацаванне еўрапейскай супольнасці, абмеркаванне бягучых спраў Еўрасаюза і праблем Цэнтральнай Еўропы, перадае REFORM.by.

Выступленне Інгрыды Шыманітэ апублікавана на сайце літоўскага ўрада. Значная яго частка была прысвечана Беларусі. У ім яна нагадала пра сітуацыю з нелегальнай міграцыяй на беларуска-літоўскай мяжы, заявіўшы, што гэта адбываецца з ведама і дапамогі беларускіх уладаў і падкрэсліла, што парушэнне правоў чалавека ў Беларусі і Расіі таксама з’яўляецца праблемай для Еўрасаюза.

«Мы не можам ігнараваць той факт, што некаторыя крызісы ўсё яшчэ набіраюць абароты і пагаршаюцца ля нашых межаў. Мы не можам ігнараваць жорсткія парушэнні асноўных правоў чалавека ў Расіі і Беларусі, дзе ўрады працягваюць прыгнятаць уласнае грамадства. Рост аўтарытарызму ў непасрэднай блізкасці ад нас — таксама наша праблема. Сігнал для абодвух рэжымаў павінен быць выразным: “Вярнуцца да нармальнага жыцця” немагчыма. Адзіны шлях наперад у Беларусі — гэта спыненне катаванняў, вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, дыялог з грамадзянскай супольнасцю і новыя дэмакратычныя прэзідэнцкія выбары ў 2021 годзе», — заявіла яна.

Прэм’ер упэўненая, што аўтарытэт ЕС правяраецца і будзе правярацца кожны дзень у краінах Усходняга суседства, і блок павінен быць цвёрды ў сваім адказе.

Літоўскі прэм’ер казала пра важнасць падтрымкі расійскай грамадзянскай супольнасці.

«ЕС не павінен ігнараваць знешнюю агрэсію Расіі і яе ўмяшанне ў суверэнныя справы нашых усходніх суседзяў з дапамогай замарожаных канфліктаў, дэзінфармацыі і гібрыдных інструментаў, а таксама вакцынавай дыпламатыі. Расія выкарыстоўвае канфлікты для сваіх геапалітычных выгод і падрывае стабільнасць краін Усходняга партнёрства і іх супрацоўніцтва з ЕС. Такім чынам, мы павінны падтрымліваць адзінства Захаду, паколькі гэта лепшы адказ на агрэсіўныя дзеянні Расіі. Палітыка санкцый і стратэгічнае цярпенне могуць і будуць уплываць на паводзіны Расіі, але толькі калі мы будзем заставацца цвёрдымі і адзіныя», — мяркуе палітык.

«Дыктатары, што ўтрымліваюць уладу цаной чалавечых жыццяў і свабоды, падаваліся далёкімі ад некаторых еўрапейскіх сталіц. Што ж, Вільня знаходзіцца ўсяго ў трох гадзінах прамога палёту ад Афін. Але рэжым у Беларусі вырашыў сілай пасадзіць лайнер Ryanair і ўзяць у закладнікі больш за сотню грамадзян ЕС у Мінску толькі для таго, каб выбавіць Рамана Пратасевіча, маладога журналіста, якога Лукашэнка лічыць ворагам дзяржавы. А сам Лукашэнка даўно стаў ворагам свайму народу. Я глыбока, шчыра ўдзячная за неадкладную падтрымку Аўстрыі і многіх краін Еўропы і свету падчас таго, як Літва перажывала гэты акт дзяржаўнага тэрарызму. Еўрапейскі Саюз быў такі ж хуткі і моцны ў сваім адказе, як ніколі, і я веру, што наша неба стане крыху больш бяспечнае пасля таго хваравітага ўрока, які нам выклалі» — адзначыла Шыманітэ.

«Але таксама як нам удаецца падтрымліваць адзін аднаго, калі краіны ЕС падвяргаюцца тэрору, мы не можам забываць, што народ Беларусі адчувае гэты тэрор ужо больш за чвэрць стагоддзя — і становіцца ўсё мацней з тых часоў, як фарс “выбары” падарваў легендарнае беларускае цярпенне ў жніўні мінулага года. З тых часоў вуліцы Мінска і іншых беларускіх гарадоў былі гвалтоўна ачышчаныя ад мас. Але пакуты беларускага народа працягваюцца. Мы можам бачыць гэта, калі глядзім на ледзь замаскіраваныя сінякі на твары і руках Рамана Пратасевіча, а таксама ў вачах Сафіі Сапегі, калі яны вымушаныя даваць “прызнальныя паказанні” ў злачынствах, якіх яны ніколі не здзяйснялі. Мы бачым гэта ў вачах жонкі Вітольда Ашурка, якая хавае свайго мужа, які памёр у турме ад меркаванага спынення сэрца. Мы можам бачыць гэта на фотаздымках шматлікіх безыменных жанчын, якія чакаюць сваіх блізкіх каля дзвярэй турмы, паколькі яны павінны быць вызваленыя — але гэтага не адбываецца, зноў і зноў. На карту пастаўленыя жыцці дзясяткаў, сотняў тысяч беларусаў. Што тычыцца нас, ЕС, Еўропы — наш лёс і наш характар будуць вызначацца тым, як мы будзем рэагаваць», — заявіла яна.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: