М'янма: ад дыктатуры да дыктатуры

У М’янме (былая назва краіны — Бірма) армія адхіліла ад улады законна абраны грамадзянскі ўрад, у нейкім сэнсе адправіўшы краіну ў часе прыкладна на 60 гадоў у мінулае.

Улетку 1958 года ў Бірме здарыўся зацяжны палітычны крызіс, падчас якога парламенту з-за адсутнасці ў ім стабільнай большасці не ўдалося сфарміраваць урад. У гэтых умовах прэм’ер-міністр У Ну прапанаваў перадаць уладу ўплывоваму, але фармальна палітычна нейтральнаму галоўнакамандуючаму У Не Віну, каб той «аднавіў у краіне закон і парадак» і правёў новыя парламенцкія выбары.

28 кастрычніка 1958 года пасля галасавання на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў старшыня Ман Ба Саінг абвясціў, што У Не Він аднагалосна абраны прэм’ер-міністрам. Генерал узначаліў часовы ўрад і ўвёў жорсткія меры супраць апазіцыі. 20 лістапада 1958 года дэпутаты парламента Бірмы прынялі надзвычайны закон, які прадугледжваў да 7 гадоў турэмнага зняволення за распаўсюд антыўрадавай інфармацыі. У Не Він таксама пазбавіў правоў і прывілеяў шанскіх князёў.

У лютым 1960 года часовы ўрад правёў усеагульныя выбары. У Не Він саступіў уладу У Ну. Але ўжо 2 сакавіка 1962 года бірманская армія ажыццявіла ваенны пераварот. У Не Він выступіў па радыё і заявіў пра стварэнне Рэвалюцыйнага савета пад яго кіраўніцтвам і ўрада з васьмі міністраў. 3 сакавіка дзеянне Канстытуцыі было прыпыненае, а парламент распушчаны. У Не Він сустрэўся з палітычнымі дзеячамі краіны і заявіў, што прычынай перавароту стала патрабаванне Шанскай дзяржавы аб стварэнні Бірманскай Федэрацыі і падрыхтоўка сепаратысцкага паўстання. З Бірмы былі высланыя прадстаўнікі Фонду Форда і Фонду Азіі, абвінавачаныя ў шпіянажы на карысць СЕАТ (Арганізацыя Дамовы Паўднёва-Усходняй Азіі).

У красавіку была апублікаваная палітычная дэкларацыя Рэвалюцыйнага савета «Бірманскі шлях да сацыялізму», у якой спалучаліся нацыяналізм, марксізм і будызм. Адначасова было вырашана, што краіна павінна пайсці па шляху будаўніцтва сацыялізму. Усе палітычныя партыі, акрамя кіруючай, распускаліся. Уся ўласнасць нацыяналізавалася.

Аднак бірманскі сацыялізм быў незвычайным у праекцыі на Кітай або СССР. Бірма адмовілася інтэгравацца ў савецкі або кітайскі блокі. Як вынік — рэжым не атрымліваў ніякай падтрымкі звонку, і інвестыцыйныя рэсурсы былі слабыя. Не дзіўна, што ўсе праблемы дасацыялістычнага перыяду захаваліся ў поўнай меры: беднасць, адсталасць сельскай гаспадаркі і крайняя неразвітасць прамысловасці.

Не спрыялі прыходу сацыялізму і асабістыя дзівацтвы генерала У Не Віна. Як піша адна з інтэрнэт-крыніц, «генерал праславіўся мноствам незразумелых ініцыятыў: ён не раз невядома дзеля чаго загадваў разбураць масты, а потым будаваць іх нанова. А аднойчы выдаў указ, які змяніў левабаковы рух у краіне на правабаковы… Спадзеючыся здабыць неўміручасць, ён купаўся ў крыві дэльфінаў, меў мноства каханак».
Бірманскі афіцыёз тлумачыў павольнае развіццё краіны «процідзеяннем буржуазных элементаў», хоць буржуазія і памешчыкі ў Бірме былі вельмі слабыя і нешматлікія, няздольныя на супраціў ды не мелі палітычных структур. Значна больш моцны супраціў аказвалі мясцовыя камуністы, сепаратысты і бароны наркакартэляў.

У другой палове 1980-х гадоў У Не Він і яго атачэнне зразумелі, што бірманскі сацыялізм аганізуе, і трэба для пачатку хаця б спыніць інфляцыю. Дзеля гэтага абралі шлях, які праз тры гады паўтарыў савецкі прэм’ер Віктар Паўлаў, — вырашылі выключыць з грашовага абарачэння некаторыя банкноты, паменшыўшы грашовую масу на 80%. Уладальнікі гэтых купюр імгненна сталі жабракамі. Не дзіўна, што мільёны людзей выйшлі на вуліцы. Сістэма захісталася. Пратэстоўцаў падтрымалі некаторыя чыноўнікі і нават вайскоўцы. Але ў выніку стары парадак быў адноўлены. Хоць для гэтага, праўда, давялося расстраляць дэманстрацыю пратэсту, забіўшы некалькі тысяч чалавек.

Неўзабаве генерал У Не Він сышоў у адстаўку, і нават папрасіў прабачэння ў народа, але па факце ён захаваў у руках рэальную ўладу. Адначасова ад сацыялізму было вырашана адмовіцца. Цяпер вайскоўцы пачалі будаваць рэжым, які абапіраецца на нацыяналізм і будызм (будысцкая царква пры гэтым была пастаўленая пад жорсткі кантроль). Для ідэалагічнага замацавання дзяржавы новага тыпу ў 1989 годзе ваенныя перайменавалі Бірму ў М’янму, а сталіцу Рангун — у Янгон. Адзін з генералаў абвясціў сябе нашчадкам бірманскіх каралёў.

Аднак і Буда не дапамог. У выніку ў 1990-х гадах давялося пагадзіцца на правядзенне свабодных выбараў. На іх перамогу атрымала апазіцыйная Нацыянальная ліга за дэмакратыю (НЛД) на чале з доктарам філасофіі Аўн Сан Су Чжы — дачкой нацыянальнага героя Бірмы генерала Аўн Сана. Зразумела, ваенныя ўладу ёй аддаваць не збіраліся: парламент быў аператыўна разагнаны, новыя тысячы людзей загінулі пад кулямі або збеглі за мяжу. Сама Аўн Сан Су Чжы аказалася пад хатнім арыштам, нягледзячы нават на тое, што праз нейкі час атрымала Нобелеўскую прэмію міра.

Пасля гэтага выбары ў краіне былі выключана «элегантнымі». На іх перамагала толькі праўладная партыя. За шырмай гэтай «дэмакратыі» ішоў неўтаймаваны крадзеж. Адзін з бірмазнаўцаў параўноўвае раскошу генералаў з шыкам блізкаўсходніх манархій. Кіраўнік хунты Тан Шве адкрыта наклаў на грамадзян «даніну» ў выглядзе падарункаў. У 2004 годзе сума «падарункаў» яму і яго сям’і склала 700 мільёнаў еўра. Зрэшты, спыніць крызісныя з’явы гэта не дапамагло.

У выніку давялося зноў ісці на саступкі. У 2012 годзе прайшлі давыбары ў парламент з 46 дэпутатаў. На 43 акругах мандаты атрымалі кандыдаты ад партыі Аўн Сан Су Чжы. У выніку Ліга сфарміравала ўрад, які, праўда, каардынаваў сваю дзейнасць з вайскоўцамі. Аднак такі парытэт не задаволіў генералаў. Скарыстаўшыся ростам сацыяльнага напружання, 1 лютага 2021 года вайскоўцы заявілі пра фальсіфікацыі выбараў кіраўніцтвам Лігі і абвясцілі ваеннае становішча.

Безумоўна, на выступ іх натхніў і той факт, што Аўн Сан Су Чжы перастала быць іконай дэмакратыі ў вачах Захаду пасля таго, як яна адмовілася асудзіць рэпрэсіі ваенных супраць этнічнай мусульманскай меншасці. Не менш за 700 тысяч бірманскіх мусульман вымушаныя былі збегчы ў суседні Бангладэш.

Такім чынам, на мінулы тыдні Бірма завяршыла цыкл — ад дыктатуры праз сацыялістычны эксперымент, клерыкальную аўтакратыю і паўдэмакратыю зноў да дыктатуры. Ці доўга пратрымаецца такі стан рэчаў, сказаць цяжка. З аднаго боку, галоўны эканамічны партнёр краіны — Кітай, — не выказаў пратэсту праз путч. Але з іншага — ваенныя неаднаразова даказвалі, што пры іх праўленні ні пра які прагрэс гаворкі быць не можа. Не кажучы ўжо пра тое, што народ, пачынаючы з 1990-х, упарта галасуе за дэмакратаў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: