Мадура разарваў дыпламатычныя адносіны з ЗША

Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура ў сераду 23 студзеня абвясціў аб разрыве ўсіх адносінаў з ЗША, як дыпламатычных, так і палітычных. Выступ Мадура паказала дзяржаўнае тэлебачанне Венесуэлы. Амерыканскім дыпламатам даецца 72 гадзіны на тое, каб пакінуць тэрыторыю Венесуэлы.
«Выступаючы перад тварам народаў свету, у якасці канстытуцыйна абранага прэзідэнта, я прыняў рашэнне разарваць дыпламатычныя і палітычныя адносіны з імперыялістычнымі ўладамі ЗША», — заявіў Мадура.

Ён абвінаваціў Вашынгтон у імкненні змяніць уладу ў Венесуэле па ўзоры звяржэння левых урадаў ў Лацінскай Амерыцы ў XX стагоддзі — у Гватэмале, Бразіліі, Чылі і Аргентыне. «Яны хочуць дамагчыся абрання новага прэзідэнта нашай рэспублікі, выкарыстоўваючы для гэтага неканстытуцыйныя метады», — падкрэсліў Мадура.

У сераду лідэр венесуэльскай апазіцыі Хуан Гуайдо абвясціў сябе часовым прэзідэнтам краіны. ЗША і шэраг іншых краін, уключаючы Канаду і Бразілію, прызналі яго законным лідэрам Венесуэлы. Дзярждэпартамэнт ЗША перасцярог Мадуру ад гвалтоўнага варыянту ўтрымання ўлады. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, адказваючы на ​​пытанне пра магчымасць ваеннага варыянту, заявіў, што такі варыянт не разглядаецца, але «ўсе опцыі застаюцца на стале». Пра якія опцыі казаў прэзідэнт ЗША, ён не ўдакладніў.

Паводле vedomosti.ru

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!