Як мафія шчыруе на пандэміі

На фоне пандэміі італьянская мафія імкліва стварае інстытуты паралельнай улады.

Фота www.news.tut.by


Даўно ўжо прайшлі часы, калі падчас трансляцый серыялу пра прыгоды камісара Катаніі вуліцы рабіліся бязлюднымі. І не толькі таму, што няма больш рэжысёраў, здольных рабіць якасныя стужкі пра мафіёзі. Словазлучэнне «італьянская мафія» ў нейкі час перастала выклікаць асацыяцыю са структурай, якую ніяк нельга перамагчы.

Па-сутнасці, мафія не змагла вярнуць сабе той уплыў, які мела напярэдадні славутай аперацыі «Чыстыя рукі» (па-італьянску — Mani pulite), беспрэцэдэнтнага комплексу паліцэйскіх мерапрыемстваў і судовых працэсаў у Італіі 1992–1993 гадоў, накіраваных супраць уплыву арганізаванай злачыннасці на праваахоўныя органы і палітыкум. Як вынік — пра італьянскую мафію апошнім часам у прэсе пісалі хіба што ў кантэксце забастовак смеццяроў у Неапалі. Праз прафсаюзы супрацоўнікаў гэтай сферы неапалітанская Камора, як лічыцца, чыніць ціск на адміністрацыю.

І вось цяпер пра мафію зноў кажуць як пра сур’ёзны выклік Італіі. Усё дзякуючы каронавірусу, які прымусіў італьянскі ўрад абвясціць яшчэ 9 сакавіка жорсткі рэжым каранціну, што неўзабаве выклікала матэрыяльныя праблемы ў шматлікіх сем’ях, чальцы якіх страцілі працу. Нагадаем, што ўзровень беспрацоўя на Апенінах вясной перакрочыў рысу ў 20 працэнтаў ад усяго працоўнага насельніцтва. Сюды можна смела дадаць і тры працэнты італьянцаў, якія працуюць у нефармальным сектары.

Не дзіўна, што ўжо напрыканцы сакавіка муніцыпалітэты на італьянскім Поўдні (найбольш эканамічна слабы рэгіён) пачалі казаць пра магчымыя бунты. Так, у Палерма ў мясцовай інтэрнэт-прасторы нават узнікла ініцыятыва атакаваць у час Х нейкі супермаркет. Ідэю «лайкнулі» 600 чалавек. Спатрэбілася папярэджанне сілавікоў, каб запланаваную атаку скасавалі.

У пачатку красавіка італьянскаму ўраду была прадстаўлена справаздача сакрэтнай службы. Яе аўтары пісалі пра «патэнцыйную небяспеку паўстанняў і бунтаў — як спантанных, так і арганізаваных». Асабліва небяспечная сітуацыя, як сцвярджалася ў рапарце, склалася ў рэгіёнах, дзе падпольная эканоміка і прысутнасць арганізаванай злачыннасці з’яўляюцца асноўнымі фактарамі рызыкі.

Аднак «хросныя бацькі» вырашылі пайсці іншым, негвалтоўным, шляхам. Грамадзянскія актывісты Італіі кажуць пра спробу мафіі заручыцца падтрымкай насельніцтва за кошт стварэння структур падтрымкі гэтага самага насельніцтва. Ахвярам негатыўных сацыяльных наступстваў эпідэміі раздаюць прадукты, пэўныя грашовыя сродкі і гэтак далей.

Падобная філантропія вельмі непакоіць італьянскую дзяржаўную адміністрацыю. Калі верыць галоўнаму пракурору, які звярнуў увагу на апісаную з’яву, з часам бенефіцыяраў гэтай дапамогі мафіёзі будуць прасіць аказаць нейкія паслугі. У выніку мафія атрымлівае пароль для ўваходу ў легальную гаспадарку, мясцовую ўладу, што дазволіць браць пад кантроль рэсурсы грамадства і пераразмяркоўваць іх. Перш за ўсё, крымінал будзе імкнуцца прыцягнуць супрацоўнікаў з эканамічнай і адміністрацыйнай сфераў, каб мець уплыў на тых, хто кантралюе магчымасці працаўладкавання.

У падобных разліках эксперты абапіраюцца на вопыт 2008 года, калі Італія перажывала шок ад глабальнага фінансавага крызісу. Падчас крызісу многія малыя і сярэднія прадпрыемствы трапілі ў сетку мафіёзных арганізацый. У гэты перыяд было нескладана падкупіць прадпрымальнікаў ці папросту браць пад дах бізнес у абмен на грошы і эканамічную абарону.

Цяперашні італьянскі ўрад Джузэпе Контэ прыняў выклік мафіі. Ужо выдаткавана 400 мільёнаў еўра на харчовую дапамогу і 4,3 мільярда еўра для муніцыпалітэтаў, каб яны маглі праводзіць акцыі салідарнасці. Стартавала праграма арганізацыі часовай працы. «Паміж дзяржавай і мафіяй пачалася гонка на час. Калі ўрад не паспяшаецца, прадпрымальнікам паспеюць прыставіць нож да горла», — кажа адзін са спецыялістаў.

Аднак вынік гэтай гонкі цяжка прагназаваць з-за хаосу, які выклікала ва ўрадавых кабінетах эпідэмія. На рашучасць кабміна ўплывае і крытыка правай апазіцыі, якая набірае пункты.

Стаўка ў спаборніцтве ўлады і мафіі незвычайна высокая. Як піша французская прэса, «анансаваныя Рымам і Еўрасаюзам праграмы фінансавай дапамогі ахвярам крызісу ствараюць рызыкі, калі мафія праз падкантрольныя бізнес-кампаніі атрымае велізарныя грошы». У перспектыве гэта дазволіць сіндыкатам аднавіць былы маштаб уплыву як мінімум у Паўднёвай Італіі.

Калі мафіёзныя кланы здолеюць дарвацца да еўрапейскіх фондаў, яны могуць нават прапанаваць бедным італьянцам сваю альтэрнатыўную мадэль сацыяльнай дзяржавы. Мафія ўжо дапамагае сем’ям, у якіх ёсць арыштаваны муж або сын. У перспектыве за кошт фінансавай дапамогі мафія можа пашырыць маштаб сацыяльнай падтрымкі, дзякуючы ліквіднасці, якую забяспечвае незаконны абарот наркотыкаў. «Мафія хутка можа стаць альтэрнатывай дзяржаве», — каментуе цяперашні трэнд Клаудыё Фава, кіраўнік камісіі па барацьбе з мафіяй на Сіцыліі.

Падаецца, часы камісара Катані вяртаюцца.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: