Маёмасць карупцыянераў у Мексіцы перададуць бедным

У Мексіцы маёмасць карупцыянераў пойдзе на карысць беднякам. Урад правядзе аўкцыён з мэтай продажу дарагіх аўтамашын і іншай маёмасці, што канфіскавалі ў крыміналу і карумпаваных чыноўнікаў.

Урад Мексікі вырашыў дапамагчы бедным грамадзянам, прадаючы з аўкцыёну нерухомасць і аўтамабілі карупцыянераў, паведамляе “The Guardian”.

Праграма дапамогі бедным атрымала назву “Робін Гуд”. Усе атрыманыя ад аўкцыёну грошы пойдуць у муніцыпалітэты на сацыяльныя праекты. "Усё, што канфіскавана ў злачынцаў, будзе вернутае суполкам, перш за ўсё бедным", — заявіў прэзідэнт Мексікі Андрэс Мануэль Лопес Абрадор.

Першы аўкцыён адбудзецца 26 траўня ў былой прэзідэнцкай рэзідэнцыі Лос-Пінас. На таргі выставяць 82 дарагіх аўтамабілі марак Lamborghini, Mercedes-Benz, Chevrolet, Posche. Іх агульны пачатковы кошт складае 1,5 мільёна долараў.

Акрамя таго, на таргі выстаўлены тры дамы, адзін з якіх належаў былому палітыку. Гэтыя грошы пойдуць на дапамогу людзям, якія праходзяць рэабілітацыю ад наркотыкаў. Адзначаецца, што некаторыя апазіцыянеры палічылі гэта мерапрыемства папулізмам.

Паводле korrespondent.net

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!