Макрон: Лукашэнку давядзецца сысці

У інтэрв'ю выданню Le Journal du Dimanche Эманюэль Макрон назваў тое, што адбываецца ў Беларусі "крызісам улады" і заявіў, што захапляецца мужнасцю пратэстуючых беларусаў.
Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон лічыць, што Аляксандру Лукашэнку варта добраахвотна сысці. "Відавочна, яму прыйдзецца сысці", — заявіў францускі лідар у інтэрв'ю выданню Le Journal du Dimanche, апублікаваным у ноч на нядзелю, 27 верасня.

"Гэта крызіс улады, аўтарытарнай улады, якая не можа прыняць логіку дэмакратыі і якая трымаецца сілай", — такімі словамі Макрон апісаў сітуацыю, якая склалася ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Пасля таго, як Цэнтрвыбаркам абвясціў пра тое, што Лукашэнка атрымаў перамогу з вынікам у 80 працэнтаў галасоў, дзясяткі тысяч чалавек па ўсёй краіне пачалі штодня выходзіць на вуліцы з пратэстамі.

Улада адрэагавала на пратэсты жорсткімі затрыманнямі і збіццём дэманстрантаў. 23 верасня Аляксандр Лукашэнка, не папярэдзіўшы пра гэта грамадскасць і сусветных лідараў, правёў цырымонію ўласнай інаўгурацыі, што выклікала чарговую хвалю абурэння грамадзян.


Жанчыны на пратэстах у Беларусі

Па словах Эманюэля Макрона, яго захапляе мужнасць беларусаў, якія ўдзельнічаюць у пратэстах . "Яны ведаюць пра тое, на якую рызыку ідуць, выходзячы кожны тыдзень, па выхадных, на дэманстрацыі, і ўсё-такі яны працягваюць гэта рабіць, імкнучыся удыхнуць жыццё ў дэмакратыю, якую так даўно душаць у гэтай краіне", — сказаў Макрон.

Асаблівай павагі пры гэтым, па словах французскага прэзідэнта, заслугоўваюць жанчыны, якія ўдзельнічаюць у пратэстах. Па дадзеных беларускіх праваабаронцаў з цэнтра "Вясна", на пратэсце, які адбыўся ў суботу, 26 верасня, было затрымана больш за сотню чалавек.

24 верасня прэс-служба вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі паведаміла, што Еўрасаюз адмаўляецца прызнаваць Аляксандра Лукашэнку законным абраным прэзідэнтам Беларусі.

dw.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: