Малдова. «Птушку шкада»

Апошні час Малдову ліхаманіць. Сітуацыйны блок учорашніх антаганістаў — прамаскоўскіх сацыялістаў і празаходняга альянсу ACUM — выступіў супраць алігарха Плахатнюка, які падмяў пад сябе суды і вертыкаль.

Закладнікамі разборак сталі... індыкі. Падчас пратэстаў ля будынка адміністрацыі прэзідэнта-сацыяліста Ігара Дадона аматары Плахатнюка перакінулі праз плот пяць жывых індыкоў. Толькі пасля таго, як пратэстоўцы сышлі, птушак вызвалілі супрацоўнікі аховы.

Сімвалічны падтэкст акцыі канчаткова не зразумелы. Некаторыя ўбачылі тут прыём з арсенала сіцылійскай мафіі, якая падкідвае ахвяры дохлую рыбу. Магчыма, Дадону хацелі намякнуць, што ён скончыць, як індыкі, якія часцяком ідуць на святочную вячэру.

У любым выпадку, мясцовыя эколагі абурыліся. «Гэтыя дзеянні, учыненыя публічна, дэманструюць бесчалавечнае стаўленне і супярэчаць этыцы і маральным каштоўнасцям у адносінах да жывых істотаў», — гаворыцца ў іх заяве. Акрамя таго, яны патрабуюць прыцягнуць маніфестантаў да крымінальнай адказнасці паводле артыкулу «Жорсткае абыходжанне ці катаванне жывёл».


У атмасферы цяперашняй палітычнай катавасіі сумнеўна, што нехта будзе займацца індыкамі, але сама выхадка прыхільнікаў Плахатнюка з птушкамі знешне выглядала так адмоўна, што дакладна не дадала алігарху папулярнасці.

Паводле малдоўскай прэсы

Фота, відэа: publika.md, noi.md




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: