Падляская паліцыя, прааналізаваўшы матэрыялы маніторынгу, устанавіла асобы 104 чалавек, якія парушылі закон падчас Марша роўнасці ў Беластоку, паведамляе
polskieradio24.pl. У дачыненні да 77 чалавек распачатыя справы па здзейсненым злачынствам або правапарушэнням.
Чытайце таксама:
Першы Марш роўнасці прайшоў у Беластоку днём 20 ліпеня пад лозунгам «Беласток — гэта дом для ўсіх». Падчас маршу яго ўдзельнікі падвергліся нападу з боку прадстаўнікоў каталіцкіх і нацыяналістычных суполак. У калону ляцелі петарды, цяжкія бутэлькі з вадой, камяні. У адрас дэманстрантаў гучалі абразы.
Мерапрыемства ахоўвалі некалькі соцень цяжка экіпіраваных паліцыянтаў, узвод кінолагаў, дзясяткі паліцэйскіх браневікоў і верталёт.
Гвалт у дачыненні да ўдзельнікаў Маршу асудзілі польскія ўлады. «Я асуджаю гэтыя хуліганскія, агрэсіўныя паводзіны, якія мы мелі магчымасць назіраць падчас падзей у Беластоку» , — сказаў прэм'ер-міністр Польшчы Матэуш Маравецкі, каментуючы інцыдэнты падчас Марша роўнасці.