Мастак ператварыў бяздомных у «пакемонаў» і прадае магчымасць сачыць за імі

Мастак з Даніі Крысціян фон Хорнслет заявіў, што стварыў гульню накшталт «чалавечага тамагочы». Авангардыст усталяваў на 10 лонданскіх бяздомных прылады з GPS, і цяпер за іх перамяшчэннем можна кругласутачна назіраць з дапамогай адмысловага прыкладання.
Крысціян фон Хорнслет (крайні справа) і яго бяздомныя

Крысціян фон Хорнслет (крайні справа) і яго бяздомныя

Сам ён называе гэта акцыяй, якая раскрывае праблемы грамадства. Але праваабаронцы лічаць, што праблемы ў самога мастака.

Мастак прадае кожнага бяздомнага за 25 тысяч фунтаў (каля 63 685 BYN). Але як і каму трэба заплаціць, пакуль незразумела. На афіцыйным сайце гаворыцца, што ўсе падрабязнасці будуць апублікаваны пазней. Але ўжо зараз там можна бясплатна паназіраць за перамяшчэннем некаторых «пакемонаў».


 Акрамя права сачэння за бяздомным пакупнік атрымае партрэт свайго «гадаванца», выкананы залатой фарбай. На сайце таксама прыводзіцца зусім кароткае апісанне прадаванага персанажа. Напрыклад, пра нумар шосты вядома, што яму 28 гадоў і ён родам з Паўднёвай Афрыкі.


Выбраць сабе валацугу па гусце можна з каталога на афіцыйным сайце. Таксама ў праекта ёсць свой інстаграм з фотаздымкамі ўдзельнікаў.

Па словах мастака, сваёй акцыяй ён хоча прыцягнуць увагу да праблем бяздомных людзей і абыякавага стаўлення грамадства да іх.

«Мы можам адправіць чалавека на Месяц, але не можам зрабіць так, каб на вуліцах Вялікабрытаніі не засталося бяздомных».

Хорнслет заявіў, што на працягу наступных некалькіх тыдняў мае намер выпусціць серыю дакументальных відэаролікаў пра жыццё валацугаў, якія ўдзельнічаюць у праекце. На яго думку, падобнае шоу будзе значна цікавей, чым назіранне за жыццём Кім Кардаш'ян. Усе валацугі, якія прымаюць удзел у акцыі, атрымалі грошы, хоць сума і не называецца.

«Я прыватызаваў бяздомных. Так, гэта абсурдна, але гэта проста адлюстраванне рэчаіснасці».

З мастаком не згодны прадстаўнік арганізацыі па абароне бяздомных Пол Нобл, які заявіў, што датчанін сваёй акцыяй можа «пахаваць сур'ёзную праблему пад пластом авангарднай сенсацыйнасці».

«Праект будзе раскрытыкаваны. Але ён звяртае ўвагу на тое, што ў Лондане становіцца ўсё больш бяздомных, тады як новыя кватэры прадаюцца за мільёны фунтаў, а затым пустуюць».

Крысціян фон Хорнслет ужо вядомы скандальнымі праектамі. Напрыклад, у 2006 годзе ён прапанаваў жыхарам вёскі ў Угандзе памяняць свае імёны на Крысціян фон Хорнслет у абмен на скаціну. Ва ўрадзе Уганды тады заявілі, што мастак дзеля сваіх мэтаў карыстаецца галечай і бядотным становішчам іншых людзей.

Паводле medialeaks.ru

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: