Меркель адпусціла вусы, чым палохаць на Хэлоўін: тыдзень вачыма сусветных карыкатурыстаў

Фраў канцлер губляе кантроль, трапічны рэйх, жарсці вакол забітага журналіста — гэтыя і іншыя падзеі тыдня вачыма сусветных карыкатурыстаў.
Германія рыхтуецца да выбараў у рэгіянальны парламент зямлі Гесэн, дзе кіруючая кааліцыя кансерватараў сутыкнулася з пагрозай страты большасці. Паражэнне на выбарах можа выклікаць крызіс кабінета Ангелы Меркель. Апошняя, у сваю чаргу, не можа ўзяць працэс над кантроль. Мастак, вядомы пад псеўданімам Burkht, у жарт раіць фраў канцлеру капіраваць стыль аднаго вядомага нямецкага палітыка.
Свет у жаху чакае паведамленняў з Бразіліі, дзе 27 кастрычніка прайшоў другі тур прэзідэнцкіх выбараў. Фаварыт — пераможца першага раўнда, правы папуліст Жаір Балсанару, які ў выпадку перамогі паабяцаў выкінуць з краіны ўсіх сваіх апанентаў з левага лагеру. «Яны альбо з'едуць, альбо адправяцца ў турму», — сказаў Балсанару на адрас больш за 40% насельніцтва, якое не жадала галасаваць за яго. У прэсе нават жартуюць аб хуткім з'яўленні трапічныга рэйха. На гэтую тэму карыкатура грэцкага графіка Міхаэля Каўнфоўрыса (Michael Kountouris). Балсанару намаляваны ў выглядзе героя чаплінскага фільма «Вялікі дыктатар», які любіў танчыць з глобусам. У выпадку з выяўленым на малюнку Балсанару глобус замяніў герб Бразіліі.
Чым бліжэй 6 лістапада — дзень выбараў у кангрэс ЗША, тым імклівей расце градус палітычнага напружання ў ЗША. Усё таму, што ў выпадку фармавання дэмакратамі большасці, цяперашняму амерыканскаму лідару Дональду Трампу пагражае імпічмент. Як следства праціўнікі не грэбуюць ніякімі сродкамі. Цяперашнюю атмасферу ілюструе мастак Дана Самерс (Dana Summers). На яе малюнку дыктар з экрана анансуе выпуск палітычных навін, які мае глядацкія абмежаванні, паколькі змяшчае сцэны сэксуальнага гвалту і вербальнай агрэсіі.
Ніяк не згасае скандал вакол забітага ў арабскім консульстве ў Стамбуле апазіцыйнага журналіста Джамаля Хашогі. Нагадаем, што Хашогі не толькі забілі, але і разрэзалі цела на часткі. Афіцыйны Эль-Рыяд спрабуе невыразна апраўдвацца, у тым ліку, адзначаючы нябачаны прагрэс у краіне наконт правоў кабетаў. Менавіта пры цяперашнім каралю жанчыны атрымалі права кіраваць машынамі. Спробы адлюстраваць саудаўскага манарха як прыхільніка фемінізму выклікаюць хутчэй смех. На малюнку нямецкага часопіса Spiegel эмансіпацыя ў Саудаўскай Аравіі прадстаўлена ў выглядзе надання жанчынам права быць прафесійнымі кілерамі.

Тым часам на носе свята Хэлоўін. Хто-хто, а аўстрыйскі мастак Мар'ян Каменскі (Marian Kamensky) прапануе ў гэтым годзе палохаць не толькі традыцыйным гарбузом, але і адрэзанай рукой згаданага вышэй Джамаля Хашокджы. Прынамсі, на яго думку, рука журналіста будзе самым моцным жахам для Дональда Трампа – галоўнага стратэгічнага саюзніка саудзітаў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: