Меркель пойдзе на пенсію?

Пасля правалу 20 лістапада перамоваў наконт фармавання кааліцыі «Ямайка» ўпершыню ў гісторыі Германіі немцаў запросяць на датэрміновыя парламенцкія выбары. Адзін з іх вынікаў вядомы ўжо зараз — пры любым раскладзе Меркель пойдзе на пенсію.

Фота www.cont.ws

Хаця з пункту гледжання стабільнасці сістэмы датэрміновыя выбары — не лепшая з’ява, правал перамоваў па фармаванні «Ямайкі» (кааліцыя хрысціянскіх дэмакратаў, лібералаў і «зялёных») утрымлівае таксама пазітыўныя моманты. Прынамсі, фіяска кааліцыі горача віталі ў Парыжы. На думку прэзідэнта Эмануэля Макрона, стварэнне кабінета з удзелам «Свабодных дэмакратаў» (FDP) было б пахаваннем еўрапейскай інтэграцыі. Лібералы адмоўна ставяцца да пражэктаў Макрона наконт інтэнсіфікацыі працэсаў еўрапейскага аб’яднання.

Гэтым аспектам пазітыўныя моманты правалу «Ямайкі» не абмяжоўваюцца. На думку палітолагаў, датэрміновыя выбары дапамогуць партыям больш дакладна вызначыцца па ключавых пытаннях, што дапаможа ім хутчэй дасягнуць кампрамісу.

Што тычыцца прагнозаў наконт вынікаў галасавання, то ў прэсе не выключаюць, што лібералы пакажуць горшы вынік, чым на выбарах у верасні. На думку шмат каго, іх лідар Хрысціян Лінднэр выявіў сябе падчас перамоваў не з лепшага боку, намагаючыся ператварыць перамоўны працэс ва ўласнае шоў.

Чуткі пра новыя выбары зноў абудзілі дыскусію пра левую кааліцыю (партыя «Левыя», сацыял-дэмакраты і «Зялёныя»). Пра магчымасць такога аб’яднання шмат казалі ўвесну. Тое, што з часам спекуляцыі наконт левага ўраду зніклі, звязвалі з пазіцыяй кіраўніцтва «Зялёных». У партыі на той час перамагла фракцыя «рэалістаў», якая разлічвала на канструктыўны дыялог з Саюзам хрысціянскіх дэмакратаў Меркель (CDU). Цяпер, пасля правалу спробаў дамовіцца з правымі, партыя вымушана не адмаўляцца ад перспектываў удзелу ў кааліцыі левых.

Вельмі інтрыгуючай выглядае будучая выбарчая кампанія сацыял-дэмакратаў (SPD). Пасля апошніх выбараў яны катэгарычна адмовіліся ад удзелу ў кабінеце Меркель, і на цяперашні момант з’яўляюцца галоўнай партыяй апазіцыі. За гэты час унутры кіраўніцтва адбылася важная змена: на пасаду кіраўніка фракцыі ў Бундэстагу была абраная 46-гадовая Андрэа На́лесі, якая ўздымае класічныя для эсдэкаў пытанні барацьбы з беспрацоўем, пенсій і гэтак далей. Не выключана, што менавіта яна можа кан’юктурна стаць кандыдатам на пасаду канцлера. Стаўка на тое, што ў выпадку дуэлі Меркель — Налесі, апошняя будзе выглядаць больш прывабна за кошт маладосці і інтарэсу да сацыяльных праблемаў.

Левы трэнд SPD можа паўплываць на перспектывы посткамуністычнай партыі «Левыя», якая знаходзіцца ў стане крызісу ідэнтычнасці. На ўсходзе краіны — электаральным бастыёне левых, — усё часцей галасуюць за ксенафобаў. Каб захаваць сімпатыі выбаршчыка, частка «Левых» гатовая таксама ўжываць ксенафобскую антымігранцкую і прапуцінскую рыторыку, што, натуральна, не падабаецца больш ідэйным таварышам. Арыенцір на кааліцыю з SPD дазволіць «Левым» узяць дыстанцыю ад падтрымкі курсу Пуціна.

Будучыя выбары дазво­ляць адказаць на вельмі важнае пытанне: ці стала прапісаліся ў вышэйшым дывізіёне нямецкай палітыкі правыя папулісты з партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD)? У верасні «Альтэрнатыва для Германіі» зрабіла сапраўдны фурор, атрымаўшы 12 працэнтаў галасоў. І, хаця на наступны дзень пасля перамогі ўнутры «Альтэрнатывы для Германіі» выбухнулі разборкі аж да сыходу з партыі сустаршыні, AfD захоўвае рэйтынгі. Лідары партыі мараць пра ўваходжанне ў склад ураду, аднак такі сцэнар малаверагодны.

Добры вынік AfD на наступных выбарах можа хіба што запусціць дыскусію сярод кансерватараў пра неабходнасць шукаць партнёра на правым флангу. Тым больш, аналаг ужо ёсць — у Аўстрыі ўвосень паўстаў кабінет, дзе кансерватары падзяляюць партфелі з правымі папулістамі з «Партыі Свабоды». За імпарт аўстрыйскай мадэлі выступаюць баварскія сацыялісты, якія гістарычна ідуць на выбары ў блоку з CDU.

Аднак самае галоўнае пытанне — што будзе з Ангелай Меркель? Крах кансультацый наконт «Ямайкі» ў прэсе разглядаюць як яе асабістую паразу. Калі ўзгадаць вельмі слабыя для хрысціянскіх дэмакратаў вынікі на вераснёўскіх выбарах, гэта ўжо другі запар яе пракол, што адразу мабілізавала аматараў падседзець фрау канцлера. Тройка прэтэндэнтаў пакуль выглядае так: міністр фінансаў — 37-гадовы Йенс Шпан, прэм’ер-міністр зямлі Саар — 55-гадовая Анегрэт Крамп-Карэнбаўэр, дэпутат — 45-гадовая Юлія Клёкне. Першым раўндам барацьбы за пасаду лідара могуць стаць прызначаны на сярэдзіну снежня з’езд CDU.

Праўда, большасць каментатараў пагаджаюцца, што досведу і харызмы ў пералічаных кандыдатаў пакуль не дастаткова, і на будучыя выбары ў чацвёрты раз запар CDU павядзе цяперашні лідар. Нарэшце, каб абраць новага правадыра, у кансерватараў банальна няма часу. Так ці інакш, у тым, што гэта будзе апошняя кампанія Меркель, ніхто ўжо не сумняваецца. Як мяркуюць некаторыя СМІ, дата 20 лістапада 2017 года ўвойдзе ў падручнікі гісторыі Германіі як канец эры Ангелы Меркель.



Каментаваць