Меркель сыходзіць, прыходзіць Мерц?

Шэраг уплывовых нямецкіх медыя амаль сінхронна выдалі аднолькавы прагноз наконт вынікаў снежаньскага з’езду Саюза хрысціянскіх дэмакратаў (CDU). На іх думку, Ангелу Меркель на пасадзе кіраўніка партыі дакладна зменіць Фрыдрых Мерц. Відавочна, што з часам ён і ўзначаліць федэральны ўрад.

Фота www.focus.de

Выбар на пасаду новага лідара CDU знешне нагадваў вядомую лічылку пра «дзесяць негрыцянят». Калі Меркель толькі заявіла пра свой сыход з пасады лідара партыі, клуб тых, хто патэнцыйна мог заняць вакансію, ацэньваўся прыкладна ў 12 чалавек. Пасля колькасць кандыдатаў скарацілася да 3–4. Нарэшце застаўся толькі адзін. Калі не адбудзецца нічога экстравагантнага, то віншаванні на будучым з’ездзе прыме Фрыдрых Мерц.

Мерц нарадзіўся ў 1955 годзе. Служыў у войску, у ВНУ вывучаў права. Працаваў карпаратыўным адвакатам, пакуль не зрабіў бліскучую палітычную кар’еру — у 1994 годзе быў абраны ў Бундэстаг, каб у 1999-м стаць лідарам фракцыі. Аднак у 2009-м з-за канфлікту з Меркель пайшоў з кіраўніцтва партыі і да апошняга часу працаваў у бізнесе. 30 кастрычніка Мерц заявіў пра намер кіраваць CDU — і нечакана стаў фаварытам.

Прагнозы СМІ наконт перамогі Мерца грунтуюцца, у асноўным, на інсайдарскай інфармацыі партыйных функцыянераў, якія ведаюць пра настроі шарагоўцаў. Да таго ж існуюць інтэрнэт-апытанкі. Паводле іх, Мерц атрымае каля 35 працэнтаў. Яго асноўны канкурэнт — Анегрэт Крамп-Карэнбаўэр — можа разлічваць на 22 працэнты. Яшчэ адзін крытык Меркель Енс Шпан карыстаецца падтрымкай 8 працэнтаў.

Дарэчы, пра Крамп-Карэнбаўэр. Раней Меркель прызначыла яе на пасаду партыйнага генсека, такім чынам даючы зразумець, каго яна бачыць сваім пераемнікам. Аднак пераемнасці ў нямецкіх кансерватараў можа і не здарыцца. Новы старшыня будзе актыўна пераглядаць спадчыну цяперашняга канцлера.

Ад Мерца, перш за ўсё, чакаюць карэктываў іміджу партыі. Канфлікты Меркель і Мерца мелі яскравы ідэалагічны характар. Меркель імкнулася зрушыць партыю ў больш левую нішу палітычнага спектра. Мерц дамагаўся кансервацыі ранейшага правацэнтрысцкага курсу.

Магчыма, Мерц будзе эксплуатаваць і больш правую антыэмігранцкую рыторыку. Прынамсі, у свой час шырокі розгалас атрымала яго заява пра неабходнасць стварэння мадэлі «нямецкай культуры», якая будзе здольная інтэграваць усіх імігрантаў. Ён таксама гучна падтрымліваў заклікі супраць падвоенага грамадзянства для жыхароў ФРГ. Так ці інакш, ад Мерца чакаюць перш за ўсё рашучых дзеянняў супраць правапапулістаў з «Альтэрнатывы для Германіі», якія актыўна перацягваюць на свой бок электарат кансерватараў.

Мерц, будучы адным з лідараў CDU, выступаў за пашырэнне свабодаў для бізнесу. Напрыклад, насуперак пазіцыі Ангелы Меркель, выступаў за агульнаеўрапейскую бюджэтную палітыку і агульны рынак працы.

Акрамя таго, не так даўно Мерц далучыўся да апублікаванага ў газеце «Handelsblatt» маніфесту, падпісантамі якога выступілі шэраг вядомых нямецкіх інтэлектуалаў і эканамістаў. У тэксце пад назвай «Мы занепакоеныя лёсам Еўропы і будучыняй Германіі» гаворыцца пра неабходнасць падтрымаць амбіцыйныя праекты Эмануэля Макрона. Парыж, як вядома, выступае за імклівую інтэграцыю Еўропы — аж да стварэння асобнага еўрапейскага войска. Такая пазіцыя яўна не пасуе поглядам нацыяналістычнага крыла партыі кансерватараў.

З улікам згаданага, цяжка казаць пра тое, якім дакладна будзе курс канцлера Фрыдрыха Мерца. Між тым, крытыкі на яго адрас ужо хапае. Пішуць, што татальнае адмаўленне спадчыны Меркель зробіць немагчымай кааліцыю з эсдэкамі і зялёнымі. Як следства — партыя будзе паступова сыходзіць у правае гета, дзе яе саюзнікам можа стаць толькі тая самая маргінальная «Альтэрнатыва для Германіі». Занепакоенасць выклікае і той факт, што Мерц доўгі час працаваў з буйнымі кампаніямі, і таму можа ператварыцца ў лабіста карпарацый. Нарэшце, памятаючы, як калісьці Меркель без сантыментаў выкінула Мерца з кіраўніцтва партыі, пішуць пра магчымасць таго, што Мерц, заняўшы крэсла лідара, адразу пачне помсціць прыхільнікам Меркель. Без сумневаў, такія разборкі прывядуць да крызісу ўсёй структуры.

З іншага боку, Меркель і яе пратэжэ AKK (такую мянушку далі Анегрэт Крамп-Карэнбаўэр) рана адпраўляць у архіў гісторыі. Меркель доўгі час кіравала партыяй і цудоўна ведае партыйны арганізм, рэгіянальныя і ідэалагічныя плыні, амбіцыі асобных палітыкаў. Яшчэ хапае часу, каб цвяроза ацаніць стан рэчаў і падрыхтавацца да вырашальнага бою з Мерцам. Усё вырашыцца 7–8 снежня.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: