Месца статуі Леніна ў Кіеве зойме інсталяцыя «Рытуал прыроды»

На месцы помніка Леніну на бульвары Тараса Шаўчэнкі ў Кіеве вырашана размясціць інсталяцыю «Рытуал прыроды» мексіканскай мастачкі Ісы Карыльё.
На перыяд з 3 па 17 траўня 2017 года пусты пастамент накрыюць жывым размарынам. Пасля расліны раздадуць усім жадаючым. Грошы на праект, узгоднены са сталічнымі ўладамі, вылучыў грамадскі фонд «Ізаляцыя».

Як адзначаецца ў прэс-рэлізе, мексіканская мастачка прапануе звярнуцца да гаючых сіл прыроды і «нейтралізаваць ідэалагічную напружанасць вакол пастамента».

«Рытуал прыроды» перамог у міжнародным конкурсе «Грамадскае пагадненне 2017 года».

Каля 1500 людзей з 3 па 9 красавіка галасавалі за праекты-фіналісты, якія перад гэтым адабрала міжнароднае журы. За «Рытуал прыроды» прагаласавалі 38,5% рэспандэнтаў.

Мне здаецца сімвалічным, што па выніках народнага галасавання быў абраны праект, які акцэнтаваў ідэю ачышчэння з дапамогай прыроды складанага ў многіх адносінах месца, дзе ў часы Другой сусветнай вайны стаяла шыбеніца, а пазней — помнік Леніну. Гэты выбар таксама сведчыць і пра тое, што кіяўлянам не хапае зялёных зон у цэнтры горада, — адзначыла куратар праекта «Грамадскае пагадненне 2017 года» Кацярына Філюк.

Пасля зносу помніка Леніну ў Кіеве 8 снежня 2013 года па ўсёй Украіне пачаўся масавы «ленінапад».

Манументы пачалі зносіць ў сотнях гарадоў, пасёлкаў і вёсак, пераважна заходняй, цэнтральнай і паўночнай Украіны. Пасля «ленінапад» дакаціўся і да усходу. Увосень 2014 года знеслі гіганцкую статую Леніна ў Харкаве.

Заканадаўчая дэкамунізацыя Украіны пачалася ўвесну 2015 гады пасля прыняцця адпаведнага закона Вярхоўнай радай.

Па стане на студзень 2017 года на Украіне дэмантавалі 1320 помнікаў Леніну. Нядаўна ў Чопе знесены помнік Леніну прадалі на аўкцыёне.


Паводле bbc.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: