Метро Каракаса стала бясплатным: няма паперы для квіткоў

У сталіцы Венесуэлы Каракасе 53 станцыі метро адкрылі свае турнікеты перад усімі жадаючымі. Як паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на былых супрацоўнікаў дзяржаўнай кампаніі Metro de Caracas C.A., гэта звязана з немагчымасцю вырабіць квіткі.

Як і большасць абсталявання, якое выкарыстоўваецца ў метро Каракаса, сыравіну, неабходную для вытворчасці квіткоў, Венесуэла таксама закупляе за мяжой. Аднак дзяржава, вымушаная ва ўмовах жорсткага эканамічнага крызісу эканоміць валютныя рэзервы, ужо больш за год не давала транспартнай кампаніі валюту на іх набыццё. У выніку кіраўнікі станцыі метро атрымалі ўказанне проста зрабіць уваход для пасажыраў бясплатным, калі запас праязных дакументаў заканчваецца.

Паслугамі метро Каракаса штодня карыстаюцца больш за 2 млн чалавек.

Венесуэла ўваходзіць у спіс самых галадаючых краін свету. Сярэдняя заработная плата ў Венесуэле складае 32 долараў у месяц — гэта ў дванаццаць разоў менш, чым тры гады таму. Аднак большасць жыхароў (насельніцтва краіны — 30 млн. чалавек) працуе за мінімальную зарплату, якая складае 20 долараў у месяц (як у адной з самых адсталых краін свету Эфіопіі).
 
Мясцовая валюта працягвае імкліва абясцэньвацца. Эканамісты прагназуюць інфляцыю ў 1000% у бліжэйшыя 6-7 месяцаў.
 
Паводле dw.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!