Microsoft абяцае папярэджваць карыстальнікаў пра напады з боку дзяржавы

Акрамя Microsoft, аб спробах узлому з боку ўрадавых органаў папярэджваюць карыстальнікаў кампаніі Google, Facebook, Twitter і Yahoo.



leeet.net


Амерыканская карпарацыя Microsoft будзе апавяшчаць карыстальнікаў свайго паштовага сэрвісу Outlook аб нападах з боку хакераў, якіх спансуе дзяржава. Аб гэтым паведамляецца ў блогу кампаніі, піша Бі-бі-сі.

Microsoft два гады таму пачала карыстальнікам паведамляць пра спробы ўзлому. З гэтага часу пры наяўнасці дастатковых падстаў кампанія будзе ўдакладняць, што атака арганізавана хакерамі, звязанымі з урадам якой-небудзь дзяржавы.

"Калі вы атрымалі адно з такіх апавяшчэнняў, гэта не азначае, што ваш рахунак сапраўды быў узламаны. Гэта азначае, што ў нас ёсць інфармацыя аб спробе ўзламаць ваш рахунак",  гаворыцца ў блогу Microsoft.

Рэйтэр паведамляе са спасылкай на двух былых супрацоўнікаў Microsoft, што эксперты кампаніі вызначылі крыніцу хакерскай атакі, выяўленай у 2011 годзе. Па дадзеных карпарацыі, спроба ўзлому была арганізавана ўладамі КНР, адзначае агенцтва.

Тады хакеры атакавалі акаўнты дыпламатаў, журналістаў, праваабаронцаў і грамадскіх дзеячаў, у тым ліку лідэраў тыбецкага і уйгурскага нацыянальных меншасцяў.

Агенцтва папрасіла Microsoft адказаць, чаму інфармацыю пра крыніцу атакі не перадалі карыстальнікам. Кампанія паведаміла ў заяве, што ім не ўдалося ўстанавіць, адкуль была арганізавана спроба ўзлому.

Пасля той атакі кампанія папрасіла карыстальнікаў змяніць паролі, але не паведаміла, што іх спрабавалі ўзламаць акаўнты. Пяць ахвяраў атакі паведамілі Рэйтэр, што яны не ўспрынялі просьбы змяніць паролі як знак таго, што іх акаўнты былі атакаваныя.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: