Мінабароны РФ паказала касетныя бомбы на выставе пра вайну ў Сірыі. Расія заўсёды адмаўляла іх выкарыстанне

Міністэрства абароны РФ паказала на выставе ў падмаскоўным ваенна-патрыятычным парку «Патрыёт» касетныя бомбы, якія, як мяркуецца, выкарыстоўвалі падчас вайны ў Сірыі.

Касетныя бомбы на выставе ў парку «Патрыёт». Фота Conflict Intelligence Team


Пра гэта гаворыцца ў расследаванні расійскай даследчай групы Conflict Intelligence Team, удзельнікі якой наведалі выставу.

Макеты бомбавых касет РБК-500 АО-2,5РТ і РБК-500 ШОАБ-0,5 выставілі ў павільёне, пазначаным як «Экспазіцыя ўзбраення і ваеннай тэхнікі, што прымяняюцца падчас вядзення ваенных дзеянняў у Сірыйскай Арабскай Рэспубліцы».


У CIT лічаць, што макеты бомбавых касет на выставе фактычна даказваюць, што «расійская авіяцыя выкарыстоўвае ў тым ліку і касетныя боепрыпасы». Пра гэта даследчая група гаварыла ў сваім расследаванні 2016 года. У ім сцвярджалася, што самалёты, якія знаходзяцца на расійскай авіябазе Хмеймім у Сірыі, нясуць бомбавыя касеты розных тыпаў.

Касетныя боепрыпасы, у прыватнасці, паказвалі ў сюжэце тэлеканала RT пра візіт міністра абароны РФ Сяргея Шойгу на авіябазу Хмеймім у чэрвені 2016 года. Пасля тэлеканал адрэдагаваў сюжэт, выдаліўшы кадры з бомбамі «з меркаванняў бяспекі ваеннаслужачага», які патрапіў на відэа. Праз пэўны час RT апублікаваў запіс у першапачатковым выглядзе.


У Мінабароны РФ раней адмаўлялі, што выкарыстоўваюць касетныя боепрыпасы ў Сірыі. Афіцыйны прадстаўнік ведамства Ігар Канашэнкаў казаў, што на авіябазе Хмеймім такіх бомбаў наогул няма.

 Паводле meduza.io.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: