Міністр энергетыкі Літвы звярнуўся ў МАГАТЭ з нагоды БелАЭС

Літва звяртае ўвагу Міжнароднага агенцтва па атамнай энергетыцы (МАГАТЭ) на тое, што ўсё яшчэ не падпісана пагадненне паміж ведамствамі Літвы і Беларусі аб раннім абвяшчэнні аб атамнай аварыі. Між тым, на БелАЭС ужо дастаўлена атамнае паліва. 


"Беларусь яшчэ не падпісала двухбаковае пагадненне аб раннім апавяшчэнні аб атамнай аварыі. Такая сітуацыя не можа быць прымальнай практыкай, да якой можна было б ставіцца памяркоўна, паколькі гаворка ідзе пра бяспеку дзяржаў і людзей", — адзначыў у заяве міністр энергетыкі Літвы Жыгімантас Вайчунас. У лісце, адрасаваным гендырэктару МАГАТЭ Рафаэлю Гросі, акцэнтуецца, што ў Беларусі працавалі некалькі місій арганізацыі, аднак ні іх справаздачы, ні справаздачы аб рэалізацыі іх рэкамендацый дагэтуль не абнародаваны, а тое, што Мінск адмаўляецца публікаваць такія справаздачы, перашкаджае празрыстай ацэнцы місій і іх вынікаў.

Міністр таксама адзначае, што давер да атамнай энергіі і МАГАТЭ цяпер залежыць выключна ад дзеянняў самога агенцтва і належнай рэакцыі на сітуацыю ў Беларусі, да якой "нельга ставіцца памяркоўна".

Нагадаем, у мінулую сераду Міністэрства энергетыкі Беларусі паведаміла, што дастаўлена паліва для першага рэактара БелАЭС. Рэагуючы на гэта, Літва заклікала Мінск спыніць пачатак запуску станцыі. Літва сцвярджае, што БелАЭС, якая знаходзіцца за 50 кіламетраў ад Вільні, будуецца без выканання патрабаванняў бяспекі.

Паводле delfi.lt

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: