Мінская група АБСЕ вітае распачатую дээскалацыю сітуацыі на мяжы Арменіі і Азербайджана

Мінская група (МГ) АБСЕ вітае стабілізацыю сітуацыі на мяжы Арменіі і Азербайджана з 16 ліпеня. Сустаршыні групы Ігар Папоў (Расія), Стэфан Вісконці (Францыя), Эндру Шафёр (ЗША) і асабісты прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ Анджэй Каспшык ў пятніцу, 24 ліпеня, заклікалі канфліктуючыя краіны падрыхтавацца да сур'ёзных перамоваў для пошуку рашэння па праблеме Нагорнага Карабаха.
«Сустаршыні заклікаюць бакі скарыстацца цяперашнім скарачэннем актыўных баявых дзеянняў, каб падрыхтавацца да сур'ёзных прадметных перамоваў з мэтай пошуку ўсёабдымнага рашэння канфлікту. Сустаршыні ў чарговы раз падкрэсліваюць, што ў гэты цяжкі перыяд вельмі важна ўстрымлівацца ад правакацыйных заяваў і дзеянняў, уключаючы пагрозы ... грамадзянскаму насельніцтву або крытычна важнай інфраструктуры», — гаворыцца ў заяве МГ АБСЕ.


АБСЕ заклікае устрымлівацца ад крытыкі Мінскай групы

У дакуменце адзначаецца, што нядаўнія публічныя заявы, якія крытыкуюць сумесныя намаганні дзяржаў - сустаршыняў МГ АБСЕ і якія заклікаюць ў аднабаковым парадку стварыць новыя ўмовы або змяніць фармат працэсу ўрэгулявання, не спрыяюць аднаўленню канструктыўнага дыялогу.

Сустаршыні заклікалі бакі прадэманстраваць палітычную волю па дасягненню трывалага мірнага ўрэгулявання шляхам ўстрымання ад максімалісцкай пазіцыі, правакацыйных заяваў і дзеянняў і захавання рэжыму спынення агню.

МГ АБСЕ таксама пацвердзіла, што прынцыпы і элементы, выкладзеныя ў заяве сустаршыняў ад 9 сакавіка 2019 года (з вітаннем прыхільнасці лідараў Арменіі і Азербайджана сустрэчы пад эгідай сустаршыняў МГ АБСЕ), працягваюць складаць аснову іх пасрэдніцкіх намаганняў. «Сустаршыні гатовыя сустрэцца з лідарамі або іх прадстаўнікамі ў любы час. Сустаршыні таксама падкрэсліваюць, што назіральнікі АБСЕ павінны вярнуцца ў рэгіён як мага хутчэй», — падкрэслілі ў МГ АБСЕ.

Сітуацыя на мяжы Арменіі і Азербайджана застаецца напружанай

Баявыя сутыкненні на армяна-азербайджанскай мяжы пачаліся 12 ліпеня і працягваліся чатыры дні. У апошнія дні сітуацыя крыху стабілізавалася, але застаецца напружанай.

Рэжым спынення агню паміж Арменіяй і самаабвешчанай Нагорна-Карабахскай рэспублікай з аднаго боку і Азербайджанам з другога боку быў устаноўлены ў маі 1994 года. Перамоўны працэс ідзе пры пасярэдніцтве Мінскай групы АБСЕ, створанай ў 1992 годзе для пошуку шляхоў мірнага ўрэгулявання нагорна-карабахскага канфлікту. У яе ўваходзяць Азербайджан, Арменія, Беларусь, Германія, Італія, Швецыя, Фінляндыя і Турцыя. Сустаршынямі групы з'яўляюцца Расія, Францыя і ЗША.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: