Міражы імперыі

Сыход з Еўрасаюза брытанскія еўраскептыкі мараць кампенсаваць адраджэннем былой Брытанскай імперыі, якую завочна ахрысцілі «Імперыя 2.0».

Фота www.teara.govt.nz

План еўраскептыкаў нескладаны: узмацніць інтэграцыю сярод краін-сябраў Брытанскай Садружнасці — аб’яднання дзяржаў, якія калісьці былі калоніямі Брытанскай імперыі. Зрабіць гэта можна, калі адрадзіць былы імперскі дух, які, у сваю чаргу, быў вельмі моцна звязаны з ідэямі ліберальнай эканомікі і вольнага гандлю.

Як пішуць эксперты з групы Conservative Free Enterprise Group (асноўныя ідэолагі праекту «Імперыя 2.0»): «Вызваленая ад ЕС, у саюзе з часткай англамоўнага свету, Вялікабрытанія можа адрадзіць сваю гандлёвую спадчыну, выкарыстоўваючы каланіяльную гісторыю інтэгравацца ў новую глабальную эканоміку азіяцкага стагоддзя». Дадатковы акцэнт робіцца на тым, што былыя калоніі павінны быць удзячныя Лондану за стварэнне інфраструктуры, развіццё адукацыі і судовай сістэмы.

Аднак ёсць адно «але» — у былых калоніях праект «Імперыі 2.0» відавочна не выклікае захаплення. У Індыі эліта высмеяла прапанову з Лондану. Адзін з індыйскіх парламентараў параўнаў ідэю перазагрузкі імперыі з паветраным шарам, які намагаюцца надзьмуць тады, калі ён імкліва падае. Лондану адразу ўзгадалі ўсё, што паспелі нарабіць брытанскія каланізатары ў Індыі: у прыватнасці, забойства 35 мільёнаў абарыгенаў і татальную беднасць. «Перад тым, як казаць пра вяртанне Брытанскай імперыі ў Індыю, адкажыце на пытанне: як самая багатая ў свеце індыйская нацыя, будучы калоніяй Брытаніі, стала самай беднай», — кажа адзін з палітыкаў у Дэлі.

Пры гэтым індусы не лічаць, што павінны быць удзячныя Лондану за пабудаваную чыгунку або сістэму пачатковых школаў. Як пішуць індыйскія медыя, неабходнасць будаваць чыгунку была выкліканая не клопатам каланізатараў пра тубыльцаў, а патрэбай стварыць эфектыўную каланіяльную адміністрацыю.

Праўда, у аматараў адраджэння імперыі існуе «план Б» — адраджаць яе не адразу, а на грунце так званых «белых дамініёнаў» (Канада, Новая Зеландыя, Аўстралія). Большасць насельніцтва гэтых дзяржаў — нашчадкі эмігрантаў з Брытаніі. Іх побытавая культура вельмі падобная па брытанскую, не кажучы пра тое, што фармальным кіраўніком усіх згаданых дзяржаў ёсць брытанскі манарх. Плюс, да атрымання поўнай незалежнасці канадцы, новазеландцы і аўстралійцы абіралі дэпутатаў у брытанскі парламент. Агульнае палітычнае мінулае, на думку еўраскептыкаў, можа спрыяць імклівай палітычнай інтэграцыі і развіццю яе інстытутаў.

Прапаноўваецца стварыць зону вольнага гандлю з удзелам пералічаных краін, што стане каталізатарам імперскага рэнесансу. На Альбіёне ўжо падлічылі, што ў выпадку рэалізацыі ідэі, на планеце паўстане блок, эканамічны патэнцыял якога не будзе саступаць Кітаю, ЗША і ЕС.

Трэба прызнаць, што кіраўнікі былых «белых дамініёнаў» сапраўды больш лагодна, чым тыя ж індусы, ставяцца да ідэі падобнага аб’яднання. Прынамсі, аўстралійскі МЗС вітаў магчымы рэжым вольнага гандлю з Вялікабрытаніяй. Аналагічнае пытанне ўздымалася падчас візіту ў Канаду прынца Уільяма.

Аднак нават брытанская прэса адзначае, што ўсё гэта вельмі патыхае нафталінам. Сёння мы назіраем далёка не першую спробу стварыць клон былой імперыі. Яшчэ Уінстан Чэрчыль пасля Другой сусветнай вайны лабіяваў ідэю так званага «Anglosphere» — аб’яднання ўсіх англамоўных народаў свету пад дахам адной палітычнай структуры. Прычым палітык дапускаў, што краінай-форвардам новага фармавання будзе не Брытанія, а Злучаныя Штаты. Дарэчы, Чэрчыль не хаваў, што канцэпцыя новай імперыі — альтэрнатыва сяброўству краіны ў ЕС.

Былі і іншыя варыянты рэанімацыі імперскага калосу. У 1950–1960-я былым «белым дамініёнам» прапаноўвалася ўвайсці ў праект пад назвай CANZUK (абрэвіятура ад назваў краін: Канада, Аўстралія, Новая Зеландыя, Аб’яднанае Каралеўства). Больш таго, мелі месца канкрэтныя мерапрыемствы: у 1962-м адбылася тэматычная канферэнцыя з удзелам дэлегацый згаданых краін. На гэтым, праўда, усё і скончылася. Прычым, як адзначае прэса, былыя калоніі і Англія тады былі значна больш культурна інтэграваныя за кошт агульнай калектыўнай памяці пра Другую сусветную вайну.

Эрозія імперскай ідэнтычнасці ў «белых дамініёнах» адбываецца на фоне глабалізацыі, калі праз новыя эканамічныя сувязі ствараюцца новыя культурныя арыенціры. У Канадзе, якая разам з ЗША і Мексікай з’яўляюцца сябрам Паўночнаамерыканскай зоны свабоднага гандлю (NAFTA), больш цікавяцца падзеямі ў Мехіка, чым у Лондане. Для аўстралійцаў у прыярытэце кааперацыя з азіяцкімі краінамі. Нават бедныя брытанскія экс-калоніі ў Афрыцы даўно знайшлі сабе новага патрона ў выглядзе Пекіну, які актыўна ўключае мясцовую сыравіну ў свае вытворчыя ланцужкі.

Існуе яшчэ адна праблема на шляху будаўніцтва «Імперыі 2.0». Гэта самі аматары «Імперыі 2.0», а дакладней, іх светапогляд. Складнікам брытанскага імперскага імпульсу XVII–XIX стагоддзяў была гатоўнасць ісці на кантакт з новым і невядомым. Каланіяльная экспансія праходзіла пад сцягам лібералізму, які дамінаваў у брытанскай палітыцы. Між тым, еўраскептыкі — жудасныя ксенафобы, якія, наадварот, выступаюць супраць мультынацыянальнай супольнасці.

З улікам гэтага, наўрад ці ідэя адраджэння імперыі стане мейнстрымам у Вялікабрытаніі ў часы пасля Brexit. І наогул, падаецца, зараз Лондану трэба думаць не пра заморскія тэрыторыі, а пра тое, як захаваць у сваім складзе Шатландыю і Паўночную Ірландыю. Дарэчы, на гэтым тыдні ў Белфасце праваліліся кааліцыйныя перамовы, што ўзняло градус палітычнай напружанасці ў рэгіёне.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: