Міжнародная супольнасць не мае права дапусціць, каб хоць адзін генацыд «акупіўся»

У лютым 2014 года Масква ўпершыню ў пасляваеннай гісторыі Еўропы захапіла частку тэрыторыі іншай суверэннай дзяржавы, дэстабілізаваўшы тым самым еўрапейскую і глабальную сістэму бяспекі. Тады свет практычна аднадушна асудзіў анексію Крыма Расіяй і з тых часоў не змяніў сваёй пазіцыі, хоць Крэмль быў упэўнены, што Крым яму хутка даруюць, як і Грузію ў 2008 годзе.
Усе прытомныя палітыкі, аналітыкі і юрысты згаджаюцца, што Масква груба парушыла міжнароднае права, ніхто не сумняецца, што з прававога пункту гледжання Крым належыць Украіне. Але разам з тым шмат хто ў свеце лічыць, што «чыста па-чалавечаму» ўчынак Пуціна можна зразумець, бо, як яны дзесьці чулі, «Крым заўсёды быў расійскім».

Чытайце таксама: Беларусь афіцыйна прызнала, што Крым расійскі?

Цяжка знайсці больш абсурдны і менш абгрунтаваны міф, але, як ні дзіўна, ён пусціў глыбокія карані па ўсім свеце і змог пракрасціся ў міжнародную масавую свядомасць. Прычына, відавочна, у тым, што расійская прапаганда пачала патроху запускаць гэтую дэзінфармацыю адразу ж пасля распаду СССР, калі вайной яшчэ і не пахла. Затое, калі вайна прыйшла, «неафіцыйная» міжнародная думка была ўжо апрацаваная.

Але ёсць неаспрэчныя факты, якія абвяргаюць гэты міф. Аўтахтонным народам Крыма з'яўляюцца крымскія татары, якія мелі сваю ўласную дзяржаву — Крымскае ханства. Гэта была моцная і высокакультурная мусульманская дзяржава. Што да расіян, то іх на паўвостраве проста не было, калі не лічыць ваеннапалонных. На пачатку ХVIII стагоддзя дзякуючы рэформам Пятра Першага Масковія ператвараецца ў Расійскую імперыю, набірае сілу і заваёўвае суседнія еўрапейскія краіны. Эстонію і Латвію яна заваявала ў 1721 годзе, Літву, Беларусь і частку Польшчы, уключаючы Варшаву — у 1795 годзе, Фінляндыю — у 1809. Сёння гэта суверэнныя нацыянальныя дзяржавы, члены ААН, некаторыя — Еўрапейскага Саюза і НАТА. І наўрад ці ў каго павернецца язык сказаць, што яны «заўсёды былі расійскімі».

Крымскае ханства патрапіла ў спіс заваяваных Масквой дзяржаў у 1783 годзе — з гістарычнага пункту гледжання параўнальна нядаўна. Такім чынам, казаць пра нейкую першапачатковую прыналежнасць Крыма Расіі — чысты абсурд. Гэта проста адна з краін, адзін з народаў, якія Расійская імперыя ў тыя часы зняволіла сілай зброі. Адзінае адрозненне Крыма ад іншых згаданых вышэй дзяржаў у тым, што пасля распаду Расійскай імперыі ў 1917 годзе татарам не ўдалося адстаяць уласную незалежнасць. Крым, як і Украіна, быў захоплены бальшавікамі і застаўся ў складзе ўсё той жа Расійскай імперыі, але ўжо пад назвай СССР.

Аднак у Савецкім Саюзе Крыму «пашанцавала» нават менш, чым Украіне. Украіна стала «саюзнай рэспублікай» з фармальнымі прыкметамі дзяржаўнага суверэнітэту, а Крыму ў 1921 годзе бальшавіцкая Масква дала толькі статус аўтаноміі, прычым у складзе Расійскай, а не Украінскай саюзнай рэспублікі. Такое рашэнне Крамля адкрыта супярэчыла аб'ектыўнай рэальнасці, паколькі геаграфічна Крымскі паўвостраў з'яўляецца часткай Украіны, а з Расіяй не мае ніякай тэрытарыяльнай сувязі. Адміністрацыйная прыналежнасць да Расіі пры тэрытарыяльнай прыналежнасці да Украіны значна ўскладняла эканамічнае развіццё паўвострава, пастаўкі на які практычна цалкам ажыццяўляліся з Украіны.

Выправіла сітуацыю сама ж Масква, якая нарэшце вымушана была прызнаць геаграфічныя і геаэканамічныя рэаліі. У 1954 годзе Крэмль ініцыяваў перадачу Крыма з Расійскай да Украінскай рэспублікі (у Крамлі не маглі і ўявіць, што Украіна калі-небудзь стане незалежнай, таму для кіраўніцтва СССР Крым, як і ўся Украіна, усё роўна заставаўся фактычна расійскім). Асобна падкрэслю: перадача Крыма была праведзена з выкананнем законаў і працэдур СССР. Расійскі міні-міф пра тое, што Крым Украіне самавольна падарыў дурны Хрушчоў —вульгарная выдумка. У 1954 годзе Хрушчоў яшчэ не меў дастаткова ўлады для падобнай самадзейнасці.

Ну вось мы і падышлі да разумення таго, што ў рэчаіснасці азначаюць заклінанні «Крым заўсёды быў расійскім». Аказваецца, што гаворка ідзе нават не пра паўтараста гадоў у палоне Расійскай імперыі (1783 - 1917), таму што тады б падобныя прэтэнзіі тычыліся і астатніх былых калоній, а цяпер незалежных дзяржаў. Вырашальным тут з'яўляецца знаходжанне ў складзе Расійскай савецкай рэспублікі з 1921 па 1954 год, гэта значыць усяго толькі 33 гады нядаўняй гісторыі! Падобна на тое, што з моманту распаду СССР расійскіх кіраўнікоў прыводзіла ў шаленства думка, што калі б не 1954 год, то Крым так і застаўся б у складзе Расіі. Пры гэтым іх не бянтэжыла тое, што калі б не 1921 год, то ён быў бы ў складзе Украіны, а калі б не 1783 — то і наогул незалежнай дзяржавай з 0% расійскага насельніцтва.

 І вось у 2014 годзе імперскае нахабства ўзяло верх — Крэмль пайшоў на адкрыта бандыцкі захоп Крыма, напляваўшы на міжнароднае права, гістарычную логіку і справядлівасць.


Як анекдот прывяду яшчэ адзін расійскі міні-міф пра Крым, які ў 2014 годзе запусціў у абарот асабіста расійскі прэзідэнт. Ён заявіў, што «для Расіі Крым мае сакральнае значэнне і менавіта там знаходзіцца духоўная крыніца фармавання расійскай нацыі і дзяржавы», паколькі ў Крыме прыняў хрысціянства князь Уладзімір, які потым ахрысціў усю Русь.

Князь Уладзімір сапраўды хрысціўся ў 988 годзе ў Крыме (прынамсі, так кажа летапіс) і ў тым жа годзе ахрысціў сваю дзяржаву. Але ён быў кіеўскім, а не маскоўскім князем, і ахрысціў ён Кіеўскую Русь, а не Расію. Што ж тычыцца Масквы, Расіі і самога расійскага этнасу, то ў той час іх яшчэ проста не існавала. У лясах на месцы Масквы тады дамінавалі фіна-вугорскія плямёны, якія толькі праз некалькі стагоддзяў былі асіміляваныя славянамі і сталі ядром сучаснай расійскай нацыі. Такім чынам, зноў абсурд! Тым не менш нават такая грубая гістарычная фальшыўка цяпер запускаецца ў міжнародную інфармацыйную прастору.

Аднак міф аб «расійскім Крыме» будаваўся, на жаль, не толькі на прапагандысцкіх фэйках і абсурдных скрыўленнях гісторыі. У траўні 1944 года Масква ажыццявіла маштабную злачынную аперацыю, мэтай якой было цалкам ачысціць Крым ад карэннага народа і замяніць яго на этнічных расіян. Сталінскі рэжым абвінаваціў у калабарацыянізме з гітлераўцамі, якія акупавалі Крым у 1941—1944 гадах, увесь крымскататарскі народ, і ўся 191 тысяча крымскіх татараў, уключаючы немаўлятаў, былі на працягу двух дзён вывезеныя ў аддаленыя азіяцкія рэгіёны СССР.

 Пра тое, што Крамлю патрэбна была менавіта этнічная чыстка, а абвінавачванні ў здрадзе — гэта толькі нагода, сведчыць тое, што ў ссылку былі адпраўленыя і сем'і 9 тысяч татараў-чырвонаармейцаў, якія ў той момант ваявалі на фронце з фашыстамі, а затым — і самі гэтыя воіны. Акрамя таго, пасля татараў былі вывезеныя і іншыя этнічныя групы — грэкі, балгары і армяне, якія пражывалі на паўвостраве на працягу стагоддзяў і якіх у здрадзе нібыта ніхто і не абвінавачваў. На паўвостраве засталіся толькі славяне, гэта значыць, мясцовыя расіяне і ўкраінцы.

Пасля гэтага пачалося масавае перасяленне ў Крым людзей з расійскай глыбінкі. Яны засяліліся ў 80 тысяч пустых дамоў, якія засталіся ад вывезенага карэннага народа. Менавіта нашчадкі гэтых расійскіх каланістаў сёння складаюць аснову той часткі крымскага насельніцтва, якая падтрымлівае расійскую анексію Крыма і на волю якіх так любіць спасылацца Крэмль.

Чытайце таксама: «Прынцыпова ляпіў украінскі сцяг на Крым»

Масква да апошняга перашкаджала крымскім татарам вяртацца на радзіму. Іх масавая рэпатрыяцыя пачалася ўжо ў незалежнай Украіне. Менавіта Украіна ўзяла на сябе ўсе выдаткі і клопаты аб уладкаванні цэлага народа. Да 2013 года на радзіму вярнуліся 266 тысяч татараў, што склала 13,7% насельніцтва паўвострава.

Расійская акупацыя 2014 года стала для крымскіх татараў сапраўднай нацыянальнай катастрофай. Яны вырваліся з ГУЛАГу, але ГУЛАГ зноў прыйшоў да іх на іх родную зямлю. Таму практычна ўвесь крымскататарскі народ знаходзіцца ў апазіцыі расійскім захопнікам і застаецца верным Украіне. Менавіта таму крымскія татары сталі сёння галоўнай ахвярай пераследу і рэпрэсіяў з боку акупантаў. Да 25 тысяч татараў вымушаныя былі зноў пакінуць Крым і эміграваць на мацерыковую Украіну. Крэмль забараніў Меджліс, нацыянальны крымскататарскі парламент, прыгнёт адчуваюць татарскія медыя, адукацыя, культура і рэлігія, дзясяткі патрыётаў кінутыя ў турмы.

Так, у снежні 2018 года пры ўездзе ў Крым акупанты арыштавалі татарскага грамадскага дзеяча Эдэма Бекірава, які хацеў наведаць 78-гадовую маці. У Бекірава цяжкая інваліднасць: у яго дыябет, ампутаваная нага, 4 шунты на сэрцы пасля леташняга інфаркту. Знаходжанне ў зняволенні без неабходных лекаў і медыцынскага нагляду для яго, па сутнасці, — смяротны прысуд. Тым не менш расійскае «правасуддзе» ўтрымлівае яго пад арыштам. А абвінавачваюць яго ў тым, што ён нібыта меўся перадаць некаму сумку з 15 кілаграмамі выбухоўкі, хоць здароўе не дазваляе яму падняць і двух кілаграмаў. Адкрытая абсурднасць абвінавачванняў, нахабная пахвальба юрыдычнай самаўпраўнасцю сведчыць, што расійская рэпрэсіўная машына спрабуе запалохаць і дэмаралізаваць крымскіх татараў.

Ахвярамі рэпрэсій з'яўляюцца не толькі крымскія татары. Увесь свет ужо ведае імя незаконна зняволенага кінарэжысёра, этнічнага расіяніна і сапраўднага патрыёта Украіны Алега Сянцова, які адкрыта пратэставаў супраць анексіі Крыма. Сімвалам мужнасці стаў для нас таксама этнічны ўкраінец Уладзімір Балух, кінуты за краты за тое, што падняў украінскі сцяг над сваім домам у акупаваным Крыме. Як бачым, супраць грубага захопу сваёй зямлі расійскімі акупантамі пратэстуюць і змагаюцца сумленныя і мужныя людзі Крыма незалежна ад нацыянальнасці. Парушэнне Масквой чалавечых і нацыянальных правоў на паўвостраве не раз былі асуджаныя ААН і іншымі міжнароднымі арганізацыямі. Але перакананы, што міжнародная супольнасць павінна патроіць намаганні для неадкладнага вызвалення палітвязняў.

Цяперашняе злачынства супраць крымскататарскага народа з'яўляецца прамым працягам злачынства 1944 года, якое ўвайшло ў сусветную гісторыю пад назвай «дэпартацыя», менавіта гэтую назву і сёння выкарыстоўваюць усе навукоўцы, палітыкі і журналісты. Аднак і гэты сам па сабе страшны тэрмін на самай справе з'яўляецца палітычным эўфемізмам, які дае няправільную карціну і змякчае рэчаіснасць. Факты сведчаць, што толькі за першыя 4 гады ў ссылцы пры вельмі суровых умовах пражывання загінула 46,2 адсоткаў крымскіх татараў. А гэта ўжо не толькі дэпартацыя, гэта сапраўдны генацыд. Дзякуючы падмене паняццяў крымскататарскі генацыд, як у свой час і ўкраінскі Галадамор, выпаў з гістарычнай памяці чалавецтва, і, трэба прызнаць, гэта яшчэ адна чорная перамога савецка-расійскай прапаганды.

Такім чынам, міф, што «Крым заўсёды быў расійскім», патрэбен Маскве яшчэ і для таго, каб схаваць вынікі генацыду крымскіх татараў і засялення замест іх рускіх каланістаў. Гэта ж з'яўляецца і адной з галоўных мэтаў цяперашняй анексіі Крыма.

Дэакупацыя Крыма і вяртанне яго пад суверэнітэт Украіны, акрамя палітычнага і прававога аспектаў, мае яшчэ і магутны маральны імператыў. Міжнародная супольнасць не мае права дапусціць, каб хоць адзін генацыд «акупіўся», каб тыя, хто яго здзейсніў, дасягнулі сваёй мэты нават праз многія дзесяцігоддзі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!