«Мова — гэта дыялект, у якога ёсць армія і флот»

Шатландыя набліжаецца да новага рэферэндуму пра незалежнасць — і цяпер усё часцей сталі гучаць заклікі пра наданне шатландскай мове больш высокага статусу.

«Хуло» замест «хэло» і «вулам» замест «вэлкам». Так кажуць шматлікія жыхары Шатландыі. Як сведчыць сацыялогія, такіх людзей дастаткова шмат. Колькасць актыўных носьбітаў шатландскай мовы ацэньваецца ў 1,5 мільёна (з 4 мільёнаў чалавек, якія жывуць у Шатландыі). Астатнія валодаюць тымі ці іншымі прамежкавымі формамі паміж стандартнай англійскай і архаічнай шатландскай. Захавалася ў краі і гістарычная мова — гэльская, якая адносіцца да кельцкіх моў. Аднак размаўляюць на ёй толькі каля 50 тысяч чалавек, або каля 1% насельніцтва Шатландыі.

Менавіта на адраджэнне і папулярызацыю гэльскай мовы доўгі час арыентаваліся мясцовыя нацыяналісты. Вынікам іх актыўнасці стаў прыняты ў 2005 годзе «Закон аб гэльскай мове», «накіраваны на замацаванне гэльскай у якасці афіцыйнай мовы Шатландыі, да якой павінны ставіцца з такой жа павагай, як да англійскай». Закон галоўным чынам выкарыстоўваецца для стварэння планаў па вывучэнні гэльскай мовы дзяржаўнымі чыноўнікамі Шатландыі. Акрамя таго, дзякуючы яму фінансуюцца гэльскія медыя і нават была адкрытая адна гарадская школа.

Не забывалі і пра шатландскую. Хаця б таму, што пасля асіміляцыі шатландцаў, прыкладна з 1400-х гадоў, шатландская мова была афіцыйнай мовай у Каралеўстве Шатландыя. Акты мясцовага парламента былі напісаныя на шатландскай. Сярод тых, хто пісаў на ёй літаратурныя творы, быў славуты Роберт Бёрнс. Шатландскую сёння можна вывучаць ва ўніверсітэтах Абердзіна, Эдынбурга, Глазга. ЮНЭСКА прызнае шатландскую мову мовай, як і Еўрапейскі саюз. Пры гэтым асабліва пытанне шатландскай мовы не палітызавалася — у адрозненне ад праблемы з гэльскай.

Стаўленне да яе пачало рэзка мяняцца на фоне цяперашніх спроб нацыяналістаў дабіцца незалежнасці рэгіёна. Па-першае, наяўнасць у рэгіёне асобнай мовы надае шатландцам дадатковыя правы патрабаваць суверэнітэту. Па-другое, дастаткова ўмоўная мяжа паміж мясцовай англійскай і шатландскай дазваляе перацягваць на бок ідэі незалежнасці англамоўных жыхароў краю.

У мінулым годзе адбылася спецыяльная канферэнцыя Шатландскай нацыянальнай партыі (SNP), прысвечаная праблеме шатландскай мовы. Па яе слядах нарадзілася ідэя замацаваць правы спецыяльным актам, накшталт «Акта ў абарону гэльскай мовы». Напрыканцы мінулага года ў шатландскім парламенце прайшлі першыя слуханні, што варта рабіць з шатландскай мовай. Пры гэтым дэпутаты намагаліся выступаць па-шатландску. З мінулай восені ідзе грамадская кампанія за правы шатландскамоўных.

Адначасова нарадзіліся і набылі адносную папулярнасць тэорыі, аўтары якіх ставілі пад пытанне тэзу, што шатландцы перайшлі на англійскую ў выніку моўнай асіміляцыі, якая часам мела гвалтоўны характар. Новыя тэорыі даводзяць, што шатландская мова — не фрагмент англійскай, а цалкам самастойны кірунак. Ідэя ў тым, што шатландская мова, маўляў, паходзіць ад аднаго з паўночных дыялектаў стараанглійскай мовы, а цяперашняя стандартная англійская — прадукт паўднёвай старажытнай англійскай.

Такі падыход выклікаў дэбаты ў навуковых колах. Філолагі, якія лічаць шатландскую мову дыялектам, прызнаюць, што ў горцаў трошкі іншыя слоўнікавы запас і маўленне. Аднак, на іх думку, выключна лексіка і вымаўленне не робяць гаворку мовай. Больш фундаментальнай, як кажуць яны, застаецца граматыка — і тут адрозненні ад англійскай не такія вялікія. Шатландцы кажуць «я іду ў свой ложак», у той час як англічане — папросту «іду спаць». Звяртаецца ўвага, што, як паказваюць мапы шатландскага сінтаксісу, шатландская мова вар’іруецца ўнутры краю.

Свае пяць капеек у гэтую дыскусію нечакана ўставілі і праеўрапейскія СМІ, якія бачаць незалежную Шатландыю будучым чальцом Еўрасаюза. Яны прапануюць аматарам тэзіса пра тое, што шатландская — гэта дыялект, накіравацца ў Данію і паспрабаваць давесці датчанам, што тыя размаўляюць на нарвежскім дыялекце.

На жаль, за кадрам гэтых дэбатаў і спрэчак застаецца пытанне лёсу гэльскай мовы — у выніку магчымага ўзмацнення прававога статусу шатландскай. Ці не будзе яна цалкам маргіналізаваная ў перспектыве?
Пакуль аматары гэльскай выступаюць за замацаванне статусу шатландскай з прычыны салідарнасці перад спробамі моўнай дыскрымінацыі. «У грамадстве па-ранейшаму шмат лінгвістычнага невуцтва, снабізму, забабонаў альбо моўнага расізму. Гэта проста неразумна, калі нешматлікія людзі, здаецца, ведаюць, як і на якой мове трэба размаўляць іншым», — піша адна з актывістак руху ў мясцовай газеце «The National».

Хутчэй за ўсё, месца гэльскай і шатландскай моў будзе вырашацца, сыходзячы з будучай палітычнай сітуацыі, і ў тым ліку ў кантэксце спроб шатландцаў атрымаць незалежнасць. Часопіс «The Economist» з гэтай нагоды адзначае: «Прызнанне шатландскай у якасці афіцыйнай мовы можа быць падмацавана не граматычнымі аргументамі, а палітычнымі. Як гаворыцца ў старой прыказцы, “мова — гэта дыялект, у якога ёсць армія і флот”».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: