Мова і Еўропа

Еўрасаюз можа апынуцца на парозе моўных войнаў.

Прэзідэнт Іль-дэ-Франс Валеры Пекрэс: «Любім усіх, але працоўных месцаў замала». Фота www.lepoint.fr

Фанаты еўрапейскай інтэграцыі чакалі гэтага дня практычна год. Пасля леташняга рэферэндуму ў Вялікабрытаніі на старым кантыненце пачалося трыумфальнае шэсце еўрафобаў. З кожнымі наступнымі выбарамі яны атрымлівалі ўсё больш мандатаў, выходзілі на новыя межы ўплыву на грамадскі дыскурс. Трэнд удалося спыніць толькі на мінулым тыдні. Па выніках парламенцкіх выбараў у Нідэрландах, што адбыліся 15 сакавіка, кансерватары, насуперак прагнозам, утрымаліся пры ўладзе. Ксенафобская «Партыя свабоды», хаця і павялічыла колькасць сябраў парламенцкай фракцыі, застаецца ў апазіцыі.

Праўда, прэса шмат піша, што перамога нідэрландскіх еўрафілаў нагадвае поспехі вядомага цара Піра. Апанентаў ЕС удалося спыніць выключна за кошт таго, што кансерватары самі актыўна кінуліся ўжываць ксенафобскую рыторыку. Тым не менш, шмат хто лічыць, што нідэрландскія выбары — гэта сапраўды пераломны момант у сучаснай гісторыі ЕС.

Праз тое, што ўсе назіралі за Нідэрландамі, амаль незаўважаным аказалася нядаўняе рашэнне парламенту французскага сталічнага рэгіёну Іль-дэ-Франс. Мясцовыя парламентары прагаласавалі за ўвя­дзенне так званай Сlause Molière («умова Мальера»). Пастанова, названая ў гонар вялікага французскага драматурга Жана-Батыста Мальера, уводзіць новае патрабаванне для жадаючых працаваць у публічных службах рэгіёну. Цяпер кандыдаты павінны даво­дзіць, што здольныя размаўляць па-французску на працоўных месцах не горш за славутага Мальера.

Парламент сталічнага рэгіёну — не першы, хто ўводзіць Сlause Molière. Прыкладна год таму мясцовыя заканадаўчыя органы краіны ахапіла сапраўдная мода — папулярызаваць французскую мову сярод супрацоўнікаў публічнай сферы. Пачынаючы з красавіка мінулага года, калі падобны законапраект быў упершыню прыняты ў адным з муніцыпалітэтаў, Сlause Molière дзейнічае ўжо ў дзесяці рэгіёнах або дэпартаментах.

На першы погляд, прыняты цыркуляр мае абсалютна бюракратычную прыроду. Нездарма так мудрагеліста гу­чыць матывацыя яго прыняцця: «камунікацыі паміж рознымі зацікаўленымі бакамі, уключаючы пытанні бяспекі або выканання абавязкаў». Натуральна, узгадалі аўтары пастановы і неабходнасць абароны ды прапаганды французскай мовы ва ўмовах глабалізацыі, якая нясе пагрозу моўнай асіміляцыі з боку мовы Шэкспіра.

Між тым, мала хто верыць у тое, што французскія лакальныя палітыкі так моцна заклапочаныя праблемамі эфектыўнасці менеджменту альбо стану роднай мовы. Грамадзянскія актывісты і прафсаюзныя арганізацыі падазраюць, што рэформа накіраваная зусім не на ўдасканаленне ўзаемадзеяння кіраўніцтва і падпарадкаваных. Галоўная задума прыхільнікаў «умовы Мальера», маўляў, абмежаванне доступу работнікаў-замежнікаў на французскі рынак працы.

Ідэя сапраўды выглядае бліскуча. Як вядома, побытавая, вулічная французская мова моцна адрозніваецца ад той, што вывучаюць у школах ці на розных моўных курсах. Іншымі словамі, пры жаданні заўжды можна адмовіць іншаземцу ў працаўладкаванні, і такім чынам неяк палепшыць сітуацыю з беспрацоўем — старой хваробай французскага грамадства.

З іншага боку, Сlause Molière відавочна ставіць пад пытанне адзін з галоўных прынцыпаў еўраінтэграцыі — роўнасць грамадзян усіх краін-сябраў ЕС. Нівелюецца прынцып вольнага руху працоўных сілаў і капіталаў у межах ЕС — адзін з чыннікаў эканамічнага развіцця аб’яднання.

Нарэшце, прыём, калі з працоўнай міграцыяй змагаюцца мовай, па сутнасці, з’яўляецца рэалізацыяй асноўных пастулатаў ксенафобаў. Хіба што з той розніцай, што ксенафобы, напрыклад, з таго ж «Нацыянальнага фронту», абяцаюць змагацца з дэмпінгам на рынку працы жорсткімі прававымі — аж да паліцэйскіх — сродкамі, а дэмакраты робяць фактычна тое ж самае коштам моўных законаў.

У любым выпадку, Брусэлю трэба аператыўна дзейнічаць. Не так даўно Сlause Molière як праект агульнанацыянальнага закону быў агучаны ў парламенце Францыі дэпутатам ад фракцыі правацэнтрыстаў. Пакуль большасць у Нацыянальнай асамблеі складаюць сацыялісты, наўрад ці такая заканадаўчая ініцыятыва будзе падтрыманая. У дадатак сацыялісты запатрабавалі ад рэгіянальных парламентаў «мадыфікаваць» іх варыянты Сlause Molière, якія супярэчаць шэрагу дырэктыў ЕС. Аднак хутка пройдуць прэзідэнцкія выбары, пасля якіх, згодна традыцыі, новы прэзідэнт прызначае датэрміновыя парламенцкія выбары, на якіх сацыялісты, хутчэй за ўсё, прайграюць.

Існуе таксама пагроза, што аналагічныя Сlause Molière пастановы могуць зацвердзіць і парламенты іншых краін. Вялікае абурэнне заканадаўчыя навацыі французаў выклікалі ў суседняй Італіі, адкуль сезонныя працоўныя даўно ездзяць працаваць да суседзяў. Натуральна, гучаць заклікі да парытэтнага адказу: прыняцця закону аб крытэрах ведання італьянскай мовы для грамадзян ЕС у Італіі. Падобную на Сlause Molière ідэю днямі пачалі абмяркоўваць у шэрагу зямельных парламентаў Аўстрыі. Дарэчы, у выпадку імпарту ў Аўстрыю і ў іншыя краіны ЕС французскай заканадаўчай практыкі, яе ахвярамі стануць самі французы. Паводле статыстыкі, у краінах ЕС працуе каля 200 тысяч французскіх грамадзян, якіх можна будзе лёгка звольніць за няведанне мовы тубыльцаў.

Адным словам, еўрапейскай грамадскасці трэба не піць шампанскае з нагоды выбараў у Нідэрландах, а хутка пераключацца на моўны фронт.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: