Мультфільм, які прадказаў Амерыку

Свет адзначае 30-ю гадавіну мультыплікацыйнага серыялу «Сімпсаны», героі якога маюць незвычайны талент — прадказваць будучыню.

Няма сумневаў, 17 снежня 1989-га на тэлебачанні адбылася сапраўдная рэвалюцыя. У гэты дзень гледачам каналу Fox быў прапанаваны новы мультыплікацыйны серыял «Сімпсаны», які на прыкладзе аднайменнай сям’і высмейвае клішэ, стэрэатыпы і лад жыцця «сярэдняга белага амерыканца».

Серыял хутка займеў поспех не толькі праз трапныя правакацыйныя жарты. Напрыклад, у адным з эпізодаў дзядуля Сімпсан распавядае, што нейкі час пасля іміграцыі ў ЗША ён жыў унутры Статуі Свабоды, пакуль тая даверху не запоўнілася смеццем.

Рэкламу серыялу зрабілі і крытыкі. У 1992 годзе прэзідэнт ЗША Джордж Буш-старэйшы згадаў «Сімпсанаў» у сваёй прамове, заявіўшы: «Мы будзем працягваць нашыя намаганні па ўмацаванні амерыканскай сям’і, каб зрабіць амерыканскія сем’і (…) менш падобнымі да Сімпсанаў».

Меў мультфільм рэзананс і за мяжой. Сваю незадаволенасць серыялам выказвалі, напрыклад, некаторыя дэпутаты расійскай Дзяржаўнай думы, якія лічылі, што «Сімпсаны» перапоўненыя «эпізодамі гвалту і агрэсіі, укараняюць антаганізм паміж дзецьмі і бацькамі». Напэўна, апошні гучны скандал вакол «Сімпсанаў» меў месца ў 2007-м, калі амерыканцы індыйскага паходжання патрабавалі падкарэктаваць вобраз выяўленага ў мульціку індуса, бо палічылі яго расісцкім штампам.


Усё гэта толькі спрыяла папулярнасці «Сімпсанаў». Сёння амаль нікога не здзіўляе, што твор Мэцью Гроўнінга — рэжысёра праекту, — здолеў пратрымацца на экране аж 31 сезон. Гэта самы доўгі мультсерыял у гісторыі амерыканскага тэлебачання. Праўда, шмат каму з фанатаў апошнія сезоны не падабаюцца. На іх думку, Гроўнінг папросту эксплуатуе старыя фішкі.


Нават калі аўтары серыялу працуюць па старым шаблоне, гэта часткова кампенсуецца амаль містычным нюансам. «Сімпсаны» дзіўным чынам выдаюць дакладныя прагнозы на будучыню. За часы існавання серыялу яго героі прадказалі выбух ліхаманкі Эбола, з’яўленне смартфонаў, атаку 9/11 на вежы-блізняты ў Нью-Ёрку, смерць рок-музыкі Прынца, фінансавы крызіс у Грэцыі, легалізацыю марыхуаны ў Канадзе… Сёння можна наткнуцца на тэорыю, што гуру руху за клімат Грэта Тунберг капіруе свой стыль паводзінаў у Лізы Сімпсан — вельмі разумнай дзяўчынкі з серыялу, якая таксама трымаецца экалагічных прынцыпаў жыцця.

Выданне Business Insider налічыла аж 18 фрагментаў, тэмаў і сцэнаў у мультфільме, якія пазней паўтараліся ў жыцці. Стэфані Джылс, адна са сцэнарыстак, аднойчы ў інтэрв’ю прызналася: яна сама шакаваная фактамі, калі «тое, што адбываецца ў свеце, нагадвае тэмы, пра якія мы раней размаўлялі».


І, нарэшце, вішанька на торце — тэмы з Трампам. Яшчэ ў 2000 годзе выйшаў эпізод, у якім Ліза згадвае пра вялікія бюджэтныя пазыкі, што пакінуў пасля сябе прэзідэнт Трамп. У іншай серыі, якая пабачыла свет задоўга да перамогі Трампа, у сям’і Сімпсанаў кажуць, што калісьці адзін прастадушны аўтсайдэр, чыя кампанія разглядаецца як жарт, можа захапіць выбаршчыкаў лепш, чым нудотны эксперт-палітык. Адчуванне дэжа-вю выклікала дуэль «Трамп супраць Клінтан» у 2016 годзе. Адразу ўзгадалі стары выпуск мультсерыялу, фабула якога круціцца вакол выбарчай барацьбы паміж вельмі сумнай кабетай-інтэлектуалкай і прайдзісветам-бізнесоўцам. Больш за тое, задоўга да выбараў 2016-га адзін з герояў «Сімпсанаў» паўтараў лозунг: «Зробім нашу краіну вялікай зноў!»

Усё гэта дазваляе некаторым культуролагам высунуць інтрыгуючую ідэю, што людзі паводзяць сябе ў жыцці, капіруючы стыль герояў папулярных шоу накшталт «Сімпсанаў». А вось аматары канспіралагічных тэорый упэўненыя, што стваральнікі серыялу маюць інфарматараў унутры прэзідэнцкай адміністрацыі ЗША, якія зліваюць ім пікантныя тэмы. Напрыклад, у адной з серый 1997 года — задоўга да выбуху эпідэміі Эбола ў 2014-м — гераіня серыялу Марч чытае сыну кнігу, якая называецца «Зацікаўлены Джордж і вірус Эбола».


Праўда, некаторыя лічаць, што тэорыя пра наяўнасць у серыяле нейкай футуралогіі вартая смеху. «У серыяле сотні эпізодаў, прысвечаных будучыні, аднак іх развязка ніколі пазней не паўтаралася. Гэта толькі фантазіі фанатаў», — мяркуе брытанская The Sun. Сапраўды, Арнольд Шварцэнэгер так і не стаў прэзідэнтам ЗША, хаця ў шэрагу выпускаў ён быў выяўлены як кіраўнік Белага дому.

У прынцыпе, версію пра тое, што «Сімпсаны» здольныя прадказваць будучыню, лёгка праверыць у наступным годзе. Яго героям давядзецца каментаваць ход прэзідэнцкай кампаніі. І нельга выключаць, што думка Гамера, Лізы, Барта і Марч будзе для шматлікіх янкі больш аўтарытэтнай, чым нудотна-разумныя развагі палітолагаў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: