«Мы на адным баку барыкад». Навошта прадпрымальнік з Гамбурга дапамагае беларускім творцам 

На фоне гвалту і беззаконня ў Беларусі паўсталі фонды салідарнасці, якія дапамагаюць пацярпелым ад рэпрэсій. Яны месцяцца ў розных краінах і падсілкоўваюцца за кошт ахвяраванняў неабыякавых людзей і бізнес-структур.    
Уладзімір Папкоў

Уладзімір Папкоў

Адзін з такіх прыкладаў — дабрачынны фонд «Разам з Беларуссю». Выканаўчым дырэктарам ініцыятывы з’яўляецца прадпрымальнік з нямецкага Гамбурга Уладзімір Папкоў. Грамадскі кантроль ажыццяўляе апякунская рада на чале з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў і палітвязнем Сяргеем Скрабцом, а таксама эканамістам, неаднаразовым удзельнікам прэзідэнцкіх кампаній Віктарам Цярэшчанкам.    


«Давайце разам створым фінальны гімн нашай перамогі»  

Дзейнасць фонду акцэнтаваная на падтрымцы і прасоўванні творчых праектаў як у асяроддзі дыяспары, так і ў самой Беларусі. Апошняя супольная праца — запіс песні «Дзень перамогі наш» у выкананні «Вольнага хору».

 Сяргей Скрабец і гурт «ЖЗЛ»

Да таго паспрабаваў сябе ў спеўным жанры сам Сяргей Скрабец, які запісаў кампазіцыю на ўласны верш «Жыве Беларусь!». Кажа, што задума аформілася яшчэ ў 2006 годзе падчас адседкі ў Віцебскай турме, але штуршком да рэалізацыі сталі менавіта леташнія падзеі.  

А нядаўна быў дадзены старт міжнароднаму інтэрактыўнаму флэшмобу. Яго сутнасць у тым, каб прыхільнікі перамен дасылалі свае аўдыё- або відэаролікі для сумеснага стварэння фінальнага відэакліпу ў гонар перамогі беларусаў. Пілотную версію ў канцы сакавіка прэзентаваў калектыў «Арт Марка».

«Нашым фондам запісана песня на верш Дзмітрыя Растаева (пераклад на беларускую Зміцер Дзядзенка) у гонар беларусаў, якія падтрымліваюць перамены і свабоду. У рэалізацыі задумы ўдзельнічала каманда творчых людзей, якія сабраліся пад брэндам “Арт Марка”. Мы выклалі фанаграму для агульнага доступу. Усё, што трэба, — гэта выканаць песню. Дасылайце відэа любой якасці або фота са здымкамі працэсу. Можна паспрабаваць сябе ў вакальным жанры або проста прыгожа адкрываць рот пад фанаграму. Гэта не конкурс выканаўцаў, а сумесная творчасць, дзе кожны здольны зрабіць унёсак у агульную справу. Станьце часткай каманды, якая створыць фінальны кліп “Калі мы пераможам”. Зробім гэта разам!» — заклікаюць ініцыятары фонду.  

Кампазіцыя ў выкананні «Арт Марка»


«У справе дабрачыннасці манаполія толькі шкодзіць»

Пра мэты і планы міжнароднага фонду салідарнасці «Разам з Беларуссю» паразмаўлялі з яго кіраўніком Уладзімірам Папковым. Сам ён ужо больш за 20 гадоў жыве ў Германіі, заўважная фігура ў публічнай прасторы Гамбурга. У яго вялікая сям’я: жонка, чацвёра дзяцей. Займаецца бізнес-кансультаваннем, коўчынгам, прадзюсаваннем. Ад Міжнароднага адукацыйнага праекта «Універсітэт без меж» ездзіў з лекцыямі на лінію размежавання ў зоне канфлікту на ўсходзе Украіны.    

Юры Хашчавацкі і Уладзімір Папкоў

Юры Хашчавацкі і Уладзімір Папкоў


Пераломным момантам для ўласнага светаўспрымання лічыць далёкі 1982 год. Тады ён паступіў у Мінскі педагагічны інстытут, а выкладаць на факультэт грамадскіх прафесій акурат прыйшоў кінадакументаліст Юры Хашчавацкі. «Чалавек, які ўсё паставіў на свае месцы», — удакладняе Уладзімір Папкоў.  

«Ад таго часу мы сябруем, рэалізуем розныя творчыя праекты, — гаворыць суразмоўца. — Напрыклад, заснавалі Інстытут свабоднага прафесійнага відэа («Free Pro Video»), прадукуем тэлевізійныя праграмы, дакументальныя фільмы і г. д. А нядаўна завяршылася доўгаіграючая гісторыя — нарэшце выдалі кніжку Юрыя Іосіфавіча пад назвай “Выхаванне чарцей”. Гэта своеасаблівы дапаможнік па рэжысуры дакументальнага кіно ў папулярным выкладанні».



 Аватарка для сацыяльных сетак  


Нягледзячы на тое, што надалей Уладзімір Папкоў адукоўваўся ў Расіі — у Ленінградскім інстытуце тэатру, музыкі і кіно, на факультэце журналістыкі Санкт-Пецярбурскага ўніверсітэта і Усерасійскай акадэміі знешняга гандлю ў Маскве — сувязі з Беларуссю ніколі не траціў.  

Яшчэ адной знакавай падзеяй стала знаёмства ў канцы нулявых з некалі паспяховым прадпрымальнікам, а пасля вязнем рэжыму Сяргеем Скрабцом. Падчас здымак фільма «Лабатамія» іх звяла Вольга Нікалайчык, якая прадзюсавала нашумелую стужку Юрыя Хашчавацкага.

На акцыі ў падтрымку Аляксея Навальнага  

На акцыі ў падтрымку Аляксея Навальнага  


«Уласна кажучы, наш фонд нарадзіўся менавіта з ідэі Сяргея — пасля леташняга жніўня ён адчуў і ўбачыў, што людзям неабходная падтрымка. У мяне запытвалі: навошта дубляваць, калі ўжо ёсць ByHelp і BySol? Скажу так: у тым жа Гамбургу больш за 1400 фондаў. Гэта толькі падсцёгвае да ініцыятыўнасці, крэатыўнасці. Нават у такой справе, як дабрачыннасць, манаполія шкодзіць. Так і тут: спрабаваць праціснуць усю дапамогу праз адну дзірачку не заўсёды эфектыўна. Але і ў думках не было стварыць некаму злосную канкурэнцыю. Мы на адным баку барыкад».


«“Nivea” стала адным з сімвалаў барацьбы з рэжымам»

Уладзімір Папкоў кажа, што спецыяльна выправіўся ў Вільню, каб пазнаёміцца з паплечнікамі. Наладзіў кантакты з Беларускім фондам культурнай салідарнасці, сустрэўся з творцамі, якія былі вымушаныя з’ехаць праз пераслед на радзіме.

З карцінай беларускага мастака. Фота Дзмітрыя Лельчука  

З карцінай беларускага мастака. Фота Дзмітрыя Лельчука 

А па вяртанні ў Гамбург падтрымаў выставу мастакоў беларускага пратэсту, арганізаваную актывістамі дыяспары. Прыцягнуў увагу мясцовых палітыкаў і журналістаў, а на памяць пра падзею і для стымулявання аднаго з выстаўленых аўтараў набыў яго карціну.    

«Мы рэгулярна ладзім пікеты салідарнасці, грукаемся да нямецкіх палітыкаў з просьбай інфармаваць цэнтральныя ўлады пра рэпрэсіі ў Беларусі. У нас плённыя сувязі з беларускімі ініцыятывамі, якія з’явіліся ў Германіі. Дарэчы, наш фонд зарэгістраваны ў Літве, але яго структура інтэрнацыянальная: тут і нямецкая грамадская арганізацыя NDKRUS e.V., якую я ўзначальваю больш за 10 гадоў, і кампаніі з Латвіі, Эстоніі ды іншых краін», — расказаў Уладзімір Папкоў.    

Удзячнасць кампаніі «Nivea» за салідарнасць з беларусамі

Удзячнасць кампаніі «Nivea» за салідарнасць з беларусамі

Апошнім часам Уладзімір Папкоў стаў добраахвотным папулярызатарам прадукцыі «Nivea». Лінія знакамітых крэмаў для скуры мае гамбургскую прапіску, а нядаўна кампанія стала наўпрост асацыявацца з Беларуссю: разам з іншымі генеральнымі спонсарамі нямецкі вытворца адмовіўся ад падтрымкі хакейнага чэмпіянату свету, калі б форум адбыўся ў апошняй дыктатуры Еўропы. У выніку спаборніцтвы ў Мінска забралі, а на марку пачаліся ганенні аж да экспрапрыяцыі з гандлёвых сетак.    


«У берлінскім лагеры пачуем “Жыве Беларусь!”»

У гэтыя дні міжнародны фонд салідарнасці праз сваё нямецкае прадстаўніцтва NGO NDKRUS ангажаваны ў маштабны праект супраць дыктатуры. У цэнтры Берліна каля Брандэнбургскіх варот актывісты раскінулі «Лагер дэмакратыі», каб выказаць пратэст рэпрэсіўным рэжымам і падтрымку іх ахвярам. Намётавы гарадок у плакатным антуражы маецца прастаяць да пачатку мая.

Лагер дэмакратыі каля Брандэнбургскіх варот

Лагер дэмакратыі каля Брандэнбургскіх варот


Сярод арганізатараў культурнай праграмы — актрыса берлінскага тэатру «Volksbühne», спявачка Сара Сандэрс. Яе англамоўная песня-зварот «Mr. President» да кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна з асуджэннем аўтарытарнай палітыкі выбрана ў якасці аднаго з гімнаў палітызаванай дзеі. Зрэшты, аналагічны пасыл можна адрасаваць і галоўнаму хаўрусніку Крамля — Аляксандру Лукашэнку. Балазе, у роліку ён таксама прысутнічае.  
«Мы вельмі рады, што Сара падтрымала наш флэшмоб “Калі мы пераможам”, выканаўшы песню для нас. Верш беларускага паэта Дзмітрыя Растаева пераклаў на англійскую мову Аляксей Цвяткоў, які жыве ў Ізраілі. Такім чынам, неўзабаве пакажам ажно дзве версіі: у выкананні “Вольнага хору” па-беларуску і Сары Сандэрс па-англійску. І спадзяёмся, што гэтыя гімны пратэсту і свабоды пачуюць па ўсім свеце і наша змаганне падтрымаюць усе неабыякавыя людзі», — адзначыў кіраўнік фонду «Разам з Беларуссю».
 
 Спявачка Сара Сандэрс

Ужо бліжэйшым часам над Берлінам пранясецца вокліч «Жыве Беларусь!», кажа Уладзімір Папкоў. 30 красавіка праца кэмпу будзе цалкам прысвечаная сітуацыі ў Беларусі. Арганізатары пакажуць нашумелы фільм Юрыя Хашчавацкага «Звычайны прэзідэнт»; выкажуцца вядомыя людзі, якім баліць ад таго, што адбываецца і ў Маскве, і ў Мінску — не сакрэт, што рэжымы знітаваныя адно з адным. Пацвярджэннем гэтаму — нядаўняе затрыманне «саюзнымі» спецслужбамі палітолага Аляксандра Фядуты і беларускага актывіста з амерыканскім пашпартам Юрася Зянковіча.  

Паводле суразмоўцы, расійская і беларуская дыяспары ў Германіі выступаюць адзіным фронтам: разам скандуюць «Свабоду Навальнаму!», «Далоў Пуціна і Лукашэнку!», «Слава Украіне!». На фоне абвастрэння сітуацыі на ўкраінскай мяжы важна заявіць, што ўсе за адно: супраць гвалту ў Беларусі, супраць тыраніі ў Расіі, супраць агрэсіі ва Украіне.      


«Каманда ментараў гатовая апекавацца творцамі»

Дзейнасць фонду ў самой Беларусі з аб'ектыўных прычын абмежаваная. Як кажа Уладзімір Папкоў, практычна пасля кожнага сумеснага праекта даводзіцца канстатаваць незваротныя страты.  

 Ангажаванасць у нямецкую палітыку

 Ангажаванасць у нямецкую палітыку

«Наш фонд спрычыніўся да запісу зімовага канцэрта “Партызан-рок” у мінскім бары “Графіці”, ідэя належала Сяргею Скрабцу. Мы не афішавалі месца, каб нікога не падставіць. А нядаўна даведваюся: пляцоўку, якая працавала ад канца 1990-х, зачынілі. Паспелі зрабіць, бадай, апошні вялікі праект пад дахам легендарнага клуба. Меркавалі супрацу з Symbal.by, але ўлады папросту знішчылі краму, прымусілі згарнуць дзейнасць. Цэлая чарада сур'ёзных страт для беларускай культуры. За некалькіх месяцаў існавання фонду бачым, што дапамогі трэба больш, практычна штодня».  

Сёлета каманда фонду далучылася да хакатона на базе бізнес-прасторы «Imaguru», каб выпрацаваць механізмы падтрымкі беларускіх творцаў. Вынікам стала крэатыўная платформа салідарнасці «Разам», якая мае неблагія перспектывы, перакананы Уладзімір Папкоў. 

Падчас паездкі ва Украіну, 2019 год  

Падчас паездкі ва Украіну, 2019 год  

«Платформа паступіла ў “Imaguru Startup Lab”, гэткі акселератар ноу-хау. Ідэя — «робат-нянька» для творцы ў яго прасоўванні. Адсюль, з Захаду, далучацца прадзюсары, інстытуцыі, якія адкрыюць магчымасці занятасці, прамоўшну. То-бок, каманда ментараў гатовая апекавацца канкрэтным чалавекам. Наша задача — аўтыматызаваць працэс, каб дапамога паступала імгненна: ад юрыдычных калізій да падпісання кантракту. Многія рэчы рэальна перавесці ў дыгітальную прастору. А гэта спосаб рушыць у глабальны свет, каб аніякая ўлада не магла замкнуць творчы дух у клетку. Тэхналогіі дазваляюць стаць над межамі, над палітыкай».    

Тым часам стала вядома, што стартап-хаб «Imaguru» разам з іншымі трапіў у лік «ворагаў дзяржавы» і валявым рашэннем будзе зачынены.     


«Мастак не можа быць на кароткім ланцугу»

Як кажа суразмоўца, падчас кантактаў з беларускімі творцамі даводзіцца выслухоўваць сумныя гісторыі, калі з-пад людзей выбіваюць глебу палітычна і эканамічна: забараняюць выступы, пераследуюць за пазіцыю, выганяюць з працы. За любое меркаванне, якое не супадае з афіцыйным, прэсуюць, ставяць бар'еры для ўладкавання. Многія ўсур'ёз задумваюцца пра эміграцыю ці ўжо з’ехалі.  

Партрэты пацярпелых ад крамлёўскага рэжыму 

Партрэты пацярпелых ад крамлёўскага рэжыму 


«Тое, што ў нашых праектах часта фігуруе слова “разам”, невыпадкова. З аднаго боку, падкрэсліваецца аўтэнтычнасць, нязломны дух, якім сёння славяцца беларусы ва ўсім свеце. З іншага, хочам прадэманстраваць творчасць нашага мірнага пратэсту. Мастак — гэта заўсёды супраціў чамусьці старому, застойнаму. Творца апрыёры не можа быць паслухмяным, на кароткім ланцугу. У нашай падтрымцы нуль экстрэмізму, нуль гвалту. І роўна наадварот: мы за тых, хто супраць беззаконня ці ад яго пацярпеў. Вось такая наша ідэалогія і асноўная місія».  

Уладзімір Папкоў не хавае: адной з перадумоў да ад'езду ў 1999 годзе з Расіі стала існаванне яго вялікай сям'і на мяжы нястачы. А таму лічыць справай гонару дапамагчы тым, хто сёння не мае магчымасці годна пачувацца ў сваёй краіне.        

Фота з асабістага архіву Уладзіміра Папкова


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: