«Мы ўжо нікога і нічога не баяліся». У Рызе адзначылі 30-годдзе Балтыйскага шляху

Мерапрыемствы, прысвечаныя трыццатай гадавіне Балтыйскага шляху, прайшлі ў сталіцы Латвіі Рызе.

23 жніўня 1989 года каля двух мільёнаў жыхароў Латвіі, Літвы і Эстоніі (прыкладна 25% трох прыбалтыйскіх рэспублік на той час) сталі ў жывы ланцуг, каб нагадаць свету пра падпісаны ў Маскве ў 1939 годзе Пакт Молатава-Рыбентропа. Праз трыццаць гадоў жыхары Рыгі сабраліся, каб узгадаць тыя падзеі.




У 8.40 на ўзлётна-пасадачнай паласе рыжскага аэрапарта 100 танцораў з раёнаў Марупе і Бабіт, дэманструючы прыгажосць нацыянальнага строя, выканалі самы «высакародны» латвійскі танец, які першапачаткова існаваў як вясельны, — Gatves deja («Вулічны танец»). З улікам таго, што мерапрыемства адбывалася ў месцы высокай небяспекі, да яго не было адкрытага доступу: вялася прамая трансляцыя па телебачанню і стрымінгавых сайтах.

На плошчы ля статуі Свабоды на працягу дня жыхары Латвіі і турысты знаёміліся з выставай фотаздымкаў, якія былі зроблены падчас Балтыйскага шляху, а таксама адлюстроўвалі гісторыю ўваходжання краін Балтыі ў СССР.


Наведаць выставу пад адкрытым небам можна да 17 гадзін 29 жніўня.

На асфальце пляцоўкі намалявана лінію, якая складаецца з назваў балтыйскіх краін і іх сталіц, а таксама кропак і працяжнікаў - азбукі Морзэ. Азбука Морзэ была абрана для візуальнай афіцыйнай ідэнтычнасці 30-годдзя Балтыйскага шляху. Калі перавесці на лацінскія літары, атрымаюцца паштовыя коды Балтыйскіх краін: Літва — LT, Латвія — LV і Эстонія EST. Менавіта ўздоўж гэтай лініі стаў ланцужок людзей у жніўні 1989 года.




Ля самога помніка знаходзяцца савецкія аўтамабілі ГАЗ і УАЗ, упрыгожанныя расцяжкамі з заклікамі да волі і флагамі балтыйскіх краін — гэта імправізаваныя сцэны, на якіх у другой палове дня распачалася рэпетыцыя афіцыйнага ўрачыстага мерапрыемства.




Помнік свабодзе, сімвал нацыянальнай еднасці і свабоды, стаў падчас нацыянальнага абуджэння месцам, дзе цяга да незалежнасці латвійскага народа сустракалася са спробамі яго падаўлення.

У Музеі Народнага фронта Латвіі працавала бясплатная невялікая экспазіцыя, прысвечаная тым падзеям.

Рэтра-тэлевізар транслюе відэа-хроніку 23 жніўня 1989 года.


Таксама можна было атрымаць брашуры, прысвечаныя 30-годдзю Балтыйскага шляху.

Уздоўж будынка Кабінета міністраў Латвіі размесцілася выстава рэтра-аўтамабіляў, некаторыя з якіх былі выкарыстаны для перавозкі ўдзельнікаў да розных месц ланцужку.

Айварс Рітц разам са сваімі дзецьмі быў удзельнікам мерапрыемства і знаходзіўся у ланцужку каля Рыгі ў кірунку г. Сігулда: «Гэта быў першы крок да незалежнасці Латвіі, мы ўжо нікога і нічога не баяліся. Зараз мы сабраліся тут на гістарычных машынах і ўзгадваем тыя падзеі, але гэта ўжо іншыя пачуцці, чым тады. Можа, успаміны ляжаць бліжэй да сэрца. Зараз пачуццё адзінства захоўваецца, але на іншай аснове. Раней была агульная мэта — незалежнасць, зараз мы вельмі згуртаваны ў эканоміцы, абароне і працягваем наш балтыйскі шлях. Перадаю прывітанне нашаму бліжэйшаму суседу — Беларусі».


Валдыс Клявіньш, прадстаўнік рыжскага аўтамабільнага музея, адзначыў:
«Мы да палітыкі не былі абыякавымі, і калі з'явіліся падрабязнасці аб пакце Молатава-Рыбентропа, з'явіўся Балтыйскі шлях, я выйшаў і таксама ўдзельнічаў на Пскоўскай шашы, побач з Сігулдай. Былі дзівосныя пачуцці, эйфарыя. Шмат чаго забылася з таго часу, прайшло 30 гадоў, і можа сёння не ўсё адбываецца, як тады марылі, але гэта нармальна. Жадаю Беларусі не ўвайсці ў моцны саюз з Расіяй. Я сам не быў у Беларусі, але шмат чуў добрага пра вашу краіну ад сваіх сяброў».


Удзельнікі шляху адзначалі сваё месцазнаходжанне ў ланцужку 30 гадоў таму на адмысловай мапе.



Спадарыня Ліга, удзельніца шляху, лічыць, што гэтая падзея вельмі важная для ўсяго латышскага народа, каб людзі не забыліся, што ў іх ёсць свая дзяржава, свабодная Латвійская Рэспубліка. «Быў вялікі ўздым ва ўсяго народа, удзельнічалі ўсе, хто маглі. Мы зразумелі, што можам дасягнуць чагосьці не фізічнай, а духоўнай сілай. Як паказала гісторыя — нам гэта ўдалося. Свабода ёсць свабода, яна не вымяраецца іншымі выгодамі, мы маем сваю дзяржаву».

Удзельнікаў акцыі «Балтыйскі шлях» і ўсіх жадаючых запрасілі зноў сустрэцца ля помніка Свабоды ў трыццатую гадавіну гэтай асаблівай падзеі ў 7 гадзін вечара — менавіта пасля працы жыхары краін Балтыі пачалі ствараць адзіны ланцуг.

Ва ўрачыстым памятным мерапрыемствы ўдзельнічалі прэзідэнт Латвіі Эгілс Левіц, першы старшыня Латвійскага Народнага Фронту Дайніс Сванс), латвійскія сучасныя музыкі і выканаўцы, змешаны хор Garkalne, «Pa Saulei» (дырыжор Яніс Озолс). Выконваўся гімн Латвіі, патрыятычныя і сучасныя песні. Латвійскі рэпер Girts Rozentals (Гіртс Розенталс) праспяваў песню «Atmostas Baltija 3.0» («Прыбалтыка прачынаецца 3.0»).




Усім жадаючым раздалі раздрукоўкі тэкстаў для сумеснага выканання спеваў. Людзі актыўна ўдзельнічалі, падпявалі, пляскалі ў ладкі.


Пасля мерапрыемства некаторым удзельнікам пашанцавала зрабіць здымкі і сэлфі сумесна з прэзідэнтам Латвіі.


Андріс Гобіньш, прэзідэнт Еўрапейскага руху ў Латвіі, трымаў металічны прут з флагамі Літвы, Латвіі, Эстоніі і Еўразвязу.


На плошчы можна было заўважыць хлопца і дзяўчыну ва ўкраінскіх нацыянальных строях з украінскім сцягам (Дзень украінскага сцяга таксама адзначаецца 23 жніўня). Вольга Бэрга, старшыня ўкраінскага цэнтра моладзі і дзяцей у Латвіі, жыве тут з 1987 года. Трыццаць гадоў таму яна знаходзілася каля гатэля «Латвія» (зараз «Radisson Latvija»), зараз прыйшла са сваёй дачкой. На яе думку, галоўнае дасягненне заключаецца ў тым, што зараз людзі вольна дыхаюць, бо ніякія грошы не заменяць свабоды. Успамінае, што ў тыя дні было шмат барыкадаў і вялікае духоўнае яднанне.

 
У 22 гадзіны на выспе Луцавсала прайшла пастаноўка метал-оперы «Kurbads. Ķēves dēls» («Курбадс. Сын кабылы»). Опера з'яўляецца сучаснай інтэрпрэтацыяй народнай латвійскай казкі пра Курбадаў, якая вельмі важная для культурнай спадчыны Латвіі. У пастаноўцы таксама прымалі ўдзел фолк-метал гурт Skyforger, выканаўцы сучасных танцаў.


У гэтыя дні адбыліся і іншыя імпрэзы: дні Балтыйскага кіно ў рыжскім кінатэатру «Splendid Palace» і міжнародная канферэнцыя «Балтыйскі шлях. Працяг. Балтыйскі шлях 30 / Пакт Молатава-Рыбентропа 80» у Нацыянальнай бібліятэцы Латвіі.

У некаторых мястэчках ля латвійска-літоўскай мяжы прайшлі выступы музычных артыстаў і калектываў, ладзіліся танцы і запальваліся вогнішчы еднасці.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!