«Мы ведаем, чаго вартая свабода і які цяжкі шлях да яе. Але вы яго пройдзеце»

Падзеі апошняга тыдня можна было ўявіць хіба ў вострасюжэтным блокбастары, але ніяк не ў Беларусі. За нейкія пару дзён беларускія ўлады сталі пагрозай для міжнароднай бяспекі і ператварылі краіну ў дзяржаву-ізгоя для цывілізаванага свету. У той жа час гэта стала штуршком для моцнай хвалі салідарнасці з беларусамі, якія прагнуць перамен, у свеце.

Асабліва цёплую падтрымку дэмакратычнай супольнасці Беларусі выказала Латвія, што, у сваю чаргу, выклікала ўзаемную высылку паслоў і ледзь не замарозку дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі.
І хоць дыпламатычнага спынення адносін пакуль няма, бо ў абедзвюх краін ёсць консульствы, можа стацца, што нармалізацыі адносін паміж дзяржавамі давядзецца чакаць даволі доўга.

У тое, што адбываецца ў суседняй краіне ў цэнтры Еўропы, латышам паверыць цяжка. Сапраўды выбухны эфект у Латвіі, дый ва ўсім свеце, стварыла прымусовая, з выкарыстаннем знішчальніка, пасадка самалёта «Ryanair», які ляцеў з Афінаў у Вільню, і захоп беларускага журналіста Рамана Пратасевіча ды яго дзяўчыны Соф’і Сапега.

У адказ на дзеянні беларускіх улад латвійскі ўрад усталяваў абмежаванні на авіязносіны з Беларуссю. А 24 траўня ў Рызе каля гасцініцы «Radisson Blu Hotel Latvija», дзе пражываюць дэлегацыі краін-удзельніц чэмпіянату свету па хакеі, афіцыйны сцяг Беларусі быў заменены на бел-чырвона-белы. Замену беларускага сцяга каля гасцініцы асабіста правялі міністр замежных спраў Латвіі Эдгар Рынкевічс і старшыня Рыжскай думы Марціньш Стакіс. Пазней у інтэрв’ю «Белсату» мэр Рыгі заявіў, што «ў гэтай сітуацыі няма пратакола, кожны павінен выбраць свой бок — народ, які прагне свабоды, ці крывавы і некантраляваны дыктатар. Я свой выбар зрабіў».


Паводле яго слоў, маўчаць і атрымліваць задавальненне ад чэмпіянату свету па хакеі, які ў гэтыя дні праходзіў у Рызе, у такой сітуацыі было непрымальна. Мяняючы сцяг, Мартыньш Стакіс разумеў, што гэта пацягне за сабой скандал і негатыўныя ацэнкі (што ў выніку і адбылося: у адказ Беларусь выслала з краіны латвійскіх дыпламатаў, а Латвія — беларускіх). Больш за тое, з прапанаваных кіраўніком Міжнароднай хакейнай федэрацыі Рэнэ Фазелем варыянтаў зняць альбо бел-чырвона-белы сццяг, альбо сцягі Федэрацыі, Стакіс выбраў другі варыянт. Ён гэта патлумачыў тым, што палітыкі павінны найперш абараняць людзей і свабоду.

У сваю чаргу прэзідэнт Латвіі Эгліс Левітс назваў замену сцяга Беларусі на чэмпіянаце свету ў Рызе адэкватнай палітычнай рэакцыяй і сігналам аб тым, што Латвія не прызнае рэжым, які пануе ў Беларусі.

Як выглядае сітуацыя ў Беларусі з боку Латвіі і чаго чакаць ад беларуска-латвійскіх адносін у будучыні, у каментары «Новаму Часу» разважае Эліта Вейдэмане — намесніца галоўнага рэдактара штодзённай газеты «Neatkarīgā Rīta Avīze», журналістка, пісьменніца. Напрыканцы 1980-х — пачатку 1990-х яна ўзначальвала газету Латвійскага Народнага Фронту «Atmoda».

— Мяне гэта (замена сцяга. — НЧ) уразіла, паколькі Рынкевічс — дыпламат. Гэта мужны крок, хаця не ўсе нават у Латвіі яго ўхваляюць, маўляў, гэта недыпламатычна. Хтосьці казаў, што гэта дзяржаўны сцяг і беларусы самі павінны былі яго зняць. Але мы падтрымліваем беларусаў з іх гістарычным сцягам. І я нават не магу ўявіць, што нехта можа яго не падтрымліваць. Хоць я не люблю цяперашняга мэра Рыгі, як не любіла і мінулага, — але гэта ўжо іншае пытанне, — у гэтым выпадку ён зрабіў добрую справу.

Эліта Вейдэмане

У змаганні за перамены беларусаў падтрымліваюць многія латышы, але Эліта Вейдэмане зазначае, што дагэтуль яны атрымліваюць няшмат інфармацыі пра падзеі ў Беларусі. Шмат хто чуў пра нашы паслявыбарчыя пратэсты, якія паказвалі ў навінах, але калі яны сціхлі, большая частка латышоў вырашыла, што ўсё скончылася і Беларусь па-ранейшаму жыве сваім ціхім жыццём закансерваванай у савецкім часе рэспублікі. Але выпадак з самалётам дапамог расплюшчыць вочы на сітуацыю ў Беларусі не толькі латышскім грамадзянам і чыноўнікам, але і еўрапейскім.

Паводле слоў суразмоўцы, дзейнасць беларускай апазіцыі ў асобе Святланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі і іншых прадстаўнікоў у Латвіі ацэньваюць па-рознаму. З аднаго боку, тыя, хто хоча бачыць больш вострых рухаў у дачыненні да беларускіх улад, чакаюць ад дзеянняў Ціханоўскай і Латушкі нечага канкрэтнага і радыкальнага. Але, з іншага боку, людзі разумеюць, што гэтая барацьба толькі пачынаецца і іх абодвух трэба падтрымліваць, таму іх захады збольшага вітаюць.

— Здарэнне з самалётам — гэта было нешта такое, што немагчыма ўявіць. Людзі вельмі перажывалі і думалі, што гэта такое? Бо гэта — паветранае пірацтва, так дзейнічаюць толькі бандыты, — гаворыць журналістка.

Аднак якой бы ні была рэакцыя на скандальны інцыдэнт міжнароднай супольнасці, паводле яе слоў, дапамагчы беларусам найперш могуць толькі самі беларусы. Для гэтага, на думку Эліты Вейдэмане, нам трэба больш распавядаць пра сябе, шукаць магчымасці размаўляць з журналістамі, рабіць рэпартажы, распаўсюджваць іх у медыя. Іншага спосабу распавесці пра нашы праблемы свету няма.

— Я думаю, нешта зменіцца толькі тады, калі Лукашэнка сыдзе ў адстаўку, — мяркуе суразмоўца. — Ён вельмі непакорлівы і будзе стаяць на сваім, таму я думаю, што няхутка гэтыя адносіны палепшацца. Калі не адбудзецца нейкая дыпламатычная сустрэча, якая ўсё вырашыць, гэта можа зацягнуцца надоўга. Але пакуль што гэта досыць складана, бо ніхто з бакоў не пойдзе назад.

Пакуль што латвійскія палітыкі не гавораць пра канкрэтныя крокі, якія маглі б паслужыць для нармалізацыі беларуска-латвійскіх адносін — надта свежы яшчэ канфлікт паміж міністэрствамі замежных спраў дзвюх краін.

— На мой погляд, людзі самі знойдуць дарогу адно да аднаго: гэта бізнесмены, якія захочуць супрацоўнічаць, гэта людзі мастацтва, літаратуры, навукі, якія вельмі добра ведаюць мову сяброўства і ўзаемаразумення. Мы ж суседзі! — мяркуе Эліта Вейдэмане.

Суразмоўца зазначае, што пераўтварэнне Беларусі ў краіну-ізгоя для заходняга свету выгадна для Расіі, але цяжка ўявіць, што ў нашы дні адна дзяржава, якая адчувае сябе моцнай, можа паглынуць іншую.

У сваю чаргу, Беата Лівданска, даследчыца «Цэнтра даследаванняў усходнееўрапейскай палітыкі», заявіла ў эфіры «Латвійскага радыё», што замена сцягоў сведчыць пра салідарнасць з народам Беларусі. Каментуючы санкцыі Еўрасаюза, даследчыца адзначыла, што санкцыі супраць Лукашэнкі могуць не спрацаваць. У той жа час Лукашэнка дае зразумець, што не гатовы да дыялогу. А рэакцыя і падтрымка Расіяй Беларусі паказвае, што дзве краіны знаходзяцца ў цесным кантакце і што Беларусь вярнулася ў сферу ўплыву Расіі, якой выгадны разрыў сувязей Беларусі з Еўропай.

— Сітуацыя вельмі хісткая, і цяжка сказаць, што паўплывае на Лукашэнку. Калі разважаць лагічна, санкцыі могуць змяніць сітуацыю, але ён плюе на ўсё. Але мы спадзяёмся, што вы будзеце змагацца з гэтым усім, — дадае суразмоўца НЧ Эліта Вейдэмане.

Журналістка зазначае, што цяпер неабходна абмяркоўваць тэму дапамогі беларусам з дэпутатамі ў латвійскім Сейме.

— Наш народ некалі прайшоў свой шлях да незалежнасці, і мы ведаем, чаго гэта каштавала. І — так: мы суседзі, блізкія суседзі, у нас нават падобныя святы: Купальская ноч і наша Jāņu nakts. Вы — беларусы, мы — балты. У нас чырвона-бела-чырвоны сцяг, у вас — бела-чырвона-белы. Памятайце, што Латвія вас падтрымлівае. Мы ведаем, чаго вартая свабода і які цяжкі шлях да яе. Але вы яго пройдзеце. Я ведаю. Вы пераможаце ўсё роўна. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: