МЗС Аўстрыі: Пазбаўленне акрэдытацыі журналістаў — беспрэцэдэнтная атака на свабоду СМІ ў Беларусі

Аўстрыя рэзка асудзіла апошнія дзеянні ўладаў Беларусі ў дачыненні да журналістаў.


«Пазбаўленне журналістаў, у тым ліку тых, хто працуе на замежныя СМІ, акрэдытацыі — гэта беспрэцэдэнтны напад на свабоду СМІ», — гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным 29 жніўня ў Twitter МЗС Аўстрыі.

«Аўстрыя асуджае гэтую абуральную спробу стрымання аб’ектыўнага асвятлення падзей і заклікае беларускія ўлады неадкладна спыніць пераслед журналістаў», — падкрэслівае аўстрыйскае знешнепалітычнае ведамства.

29 жніўня замежных і беларускіх журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ, масава пазбаўляюць акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў.

На гэты момант вядома, што пазбаўленыя акрэдытацыі прыблізна 20 прадстаўнікоў СМІ, у ліку якіх беларускія карэспандэнты BBC, Reuters, AFP, RFi, тэлеканала «Настоящее время» і іншыя.

Рашэнне аб пазбаўленні акрэдытацыі МЗС прыняла міжведамасная камісія па бяспецы ў інфармацыйнай сферы, створаная паводле ўказа Аляксандра Лукашэнкі ў 2017 годзе. У яе склад уваходзяць прадстаўнікі кіраўніцтва Савета бяспекі, Адміністрацыі прэзідэнта, КДБ, Міністэрства абароны, Міністэрства інфармацыі, іншых дзяржструктур.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: