На лабутэнах у Дзярждуму

Каб выйграць у 2021 годзе парламенцкія выбары, Крэмль заводзіць у палітыку партыю аматараў кампутарных гульняў. На падыходзе, падобна, партыя папулярнага блогера і нават партыя музыкі-нефармала.

Фота www.rusmonitor.com. Вядомы ў геймерскіх колах Слава Макараў, аўтар ідэі і адзін з вядучых распрацоўшчыкаў знакамітай гульні World of Tanks, нечакана для ўсіх абвясціў, што пакідае кампанію Wargaming.net, у якой ён займаў адну з кіруючых пасадаў, дзеля палітычнай кар'еры. Паводле афіцыйнай версіі, адзін са стваральнікаў WoT раптам нечакана вырашыў змяніць свет да лепшага, і для гэтага стварыў уласную палітычную сілу пад назвай «Партыя прамой дэмакратыі». Партыя разлічвае ўдзельнічаць у рэгіянальных выбарах 2020 года, а таксама вылучаць сваіх чальцоў кандыдатамі ў Дзярждуму ў 2021 годзе

У расійскіх палітычных тэлешоу любяць здзекавацца з украінскага электарату, які ў мінулым годзе масава галасаваў за шоумэна Уладзіміра Зяленскага. Цяпер, падобна, надыходзіць чарга смяяцца ўкраінцам. Усё ідзе да таго, што на выбарах 2021-га ў Дзярждуму расіяне будуць галасаваць за яшчэ дзіўнейшыя палітпраекты, чым «Слуга народу».

У тым ліку гэта партыя айцішнікаў (дзяжурная назва праекту — «Партыя прамой дэмакратыі»). Яе афішаваў  адзін са стваральнікаў кампаніі Wargaming.net (распрацоўшчык вядомай гульні World of Tanks) Вячаслаў Макараў. Відавочна, што мэтавую аўдыторыю «прамых дэмакратаў» прадстаўляе моладзь, якая не ўяўляе жыццё без інтэрнэту і анлайн-гульняў.

У бацькоў-заснавальнікаў партыі негатыўныя ацэнкі расійскай рэальнасці і радыкальныя формулы выхаду з крызіснай сітуацыі. «Запыт на перамены, асабліва характэрны для маладой, адукаванай і актыўнай часткі грамадства, патрабуе неадкладнага вырашэння», — гаворыцца ў маніфесце аргкамітэту партыі, якую ў сацыяльных сетках ужо празвалі «партыяй танчыкаў».

Зрэшты, рабіць сабе паблісіці Макараў і кампанія збіраюцца не за кошт гучных партыйных пракламацый. «Партыя прамой дэмакратыі» пазіцыянуе сябе перш за ўсё як партыя без лідара. Фішкай праекту павінна стаць нейкая праграма, якая будзе даступная партыйным актывістам. Дзякуючы ёй яны змогуць прагаласаваць за тое, што будзе рабіць арганізацыя. Тым, хто хоча канкрэтыкі наконт працы гэтай шайтан-машыны, давядзецца пачакаць да 5 сакавіка, калі пройдзе Устаноўчы з’езд гэтай палітычнай сілы. Дарэчы, у з’ездзе, як мяркуецца, возьмуць удзел прадстаўнікі такіх буйных кампаній, як «Яндэкс» і іншых.

Айцішнікі — не адзіныя, хто раптам задумаўся пра лёс Расіі. Апошнім часам расійская палітычная сцэна актыўна папаўняецца новымі актарамі. Дастаткова ўспомніць, што напярэдадні Новага года стварыць патрыятычную партыю на базе руху «За праўду» вырашыў пісьменнік Захар Прылепін. Аднак вішанька на торце яшчэ наперадзе: калі верыць спекуляцыям у рунэце, Крэмль заводзіць у палітыку папулярнага блогера Дудзя і вядомага рок-музыку Шнурава («Шнура»), у чыім рэпертуары — акіян нецэнзурнай лексікі.

Маскоўскі журналіст Дзмітрый Кастэнка, каментуючы для «Новага Часу» апошнія навіны, кажа, што прыход Шнурава ў вялікую палітыку — цалкам чаканая з’ява.

«Крамлю тэрмінова патрэбныя спойлеры для перахопу галасоў у партый, якія канкуруюць з “Адзінай Расіяй” ці навязваюць грамадству радыкальную павестку. Шнур і партыя айцішнікаў мабілізуюцца, каб адцягнуць галасы маскоўскага офіснага планктону, у асяроддзі якога модна быць апанентам Пуціна», — кажа Кастэнка. На яго думку, пасля 2021-га ўсе створаныя пад выбары праекты, накшталт партыі Шнурава, знікнуць, паколькі спыніцца фінансавая падпітка.

Большасць экспертаў каментуюць сітуацыю ў падобным ключы. Кансэнсус адсутнічае толькі па пытанні допуску на выбары ліберальных антыпуцінскіх кандыдатаў. Некаторыя лічаць, што гэтым разам улада можа паспрабаваць абысціся і без іх удзелу. Прысутнасць у палітычнай рэкламе такіх экзатычных кандыдатаў, як Шнур, маўляў, можа кампенсаваць абывацелю адсутнасць у бюлетэні прозвішчаў крытыкаў рэжыму.

Зрэшты, усё да канца спрагназаваць нельга. Прэса дапускае, што «партыя танчыкаў» можа выкінуць нечаканы фартэль. Напрыклад, звесці выбаршчыка не ў дэмакратаў, а ў «Адзінай Расіі» — перацягнуць пад свае сцягі яе моладзевы фланг. У такім выпадку фінальны вынік «мядзведзеў» будзе горшы, чым плануюць крамлёўскія паліттэхнолагі.

Акрамя таго, выбаршчыкі могуць не паверыць, што партыі-неафіты сапраўды ўяўляюць нейкую альтэрнатыву адміністрацыі Пуціна, не з’яўляюцца яе крэатурай. Любому, хто хоць неяк цікавіцца палітыкай, зразумела, што без падтрымкі адміністрацыйнага рэсурсу таму ж Макараву банальна немагчыма стварыць у бліжэйшы час больш за 40 рэгіянальных партыйных асяродкаў (умова для ўдзелу расійскіх партый у выбарах).

Можна дапусціць, што выбаршчык адчуе падвох і будзе шукаць спосабы для выяўлення пратэсту. Аднак наўрад ці трэба чакаць нейкіх пазаштатных сітуацый. Прынамсі, Дзмітрый Кастэнка ў сцэнар Майдану не верыць. «Закон аб замежных агентах маргіналізаваў ліберальны грамадскі сегмент і цэнтры апазіцыі. Як вынік — усе прыкметныя апазіцыянеры імкнуцца сёння з’ехаць за кардон, і да 2021-га гэты трэнд зламаць будзе вельмі цяжка», — кажа суразмоўца.

На яго думку, незадаволе­насць рэжымам будзе выяўляцца ў падтрымцы камуністаў, якія нядрэнна каціруюцца, асабліва ў правінцыі. Зрэшты, такую пагрозу ў адміністрацыі Пуціна могуць паспрабаваць вырашыць за кошт іншых партый-спойлераў, створаных пад нейкіх іншых фрыкаў. Так што працэс экзатычнага партбудаўніцтва ў Расіі, напэўна, будзе працягвацца.

Зяленскі адпачывае.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: