На мяжы Азербайджана і Арменіі пачаліся перастрэлкі

Міністэрства абароны Арменіі паведаміла пра трох загінулых і двух параненых вайскоўцаў у новых баях на армянска-азербайджанскай мяжы. Азербайджан заяўляе пра дваіх параненых са свайго боку.


Арменія абвінаваціла Азербайджан у парушэнні рэжыму спынення агню — нанясенні ўдару па сваіх пазіцыях на паўночна-ўсходнім участку мяжы. У заяве, апублікаванай раніцай 28 ліпеня, Міністэрства абароны Арменіі адзначыла, што каля 3.40 па мясцовым часе злучэнні Узброеных сіл Азербайджана «ў чарговы раз справакавалі парушэнне рэжыму спынення агню на паўночна-ўсходнім участку армянска-азербайджанскай мяжы», перадае «Радыё Свабода».

«Разгарнуліся лакальныя баі, якія на 7 гадзін раніцы працягваюцца. Паводле папярэдняй інфармацыі, у выніку баявых дзеянняў пацярпелі абодва бакі. Падрабязнасці ўдакладняюцца. Уся адказнасць за абвастрэнне сітуацыі ляжыць на вайскова-палітычным кіраўніцтве Азербайджану».

Пазней армянскае міністэрства распаўсюдзіла наступнае паведамленне:

«Перад перамовамі ў сталіцы Расіі Маскве праціўнік пачаў наступальныя дзеянні на межах Рэспублікі Арменіі ад сяла Сотк да сяла Вэрын Шорж. Вядуцца інтэнсіўныя перастрэлкі».

Пазней Міністэрства абароны Арменіі паведаміла, што двое армянскіх салдатаў параненыя, а інфармацыя пра яшчэ пяцёх правяраецца.

Міністэрства абароны Азербайджану абвінаваціла ў эскалацыі сітуацыі Арменію. У Баку заявілі, што падраздзяленні Узброеных сілаў Арменіі неўзабаве пасля поўначы адкрылі агонь па пазіцыях азэрбайджанскіх войскаў, размешчаных у раёне Калбаджару, у выніку чаго паранілі дваіх азербайджанскіх салдатаў. Паводле афіцыйнага Баку, азербайджанскія сілы прымаюць «адэкватныя захады», а адказнасць за эскалацыю цалкам ляжыць на кіраўніцтве Арменіі.

Канфлікт у Карабаху

Тэрытарыяльная спрэчка паміж Арменіяй і Азербайджанам вакол Нагорнага Карабаху доўжыцца з канца 1980-х гадоў. Населеная пераважна этнічнымі армянамі Нагорна-Карабаская аўтаномная вобласць пры падтрымцы Арменіі заявіла аб выхадзе з Азербайджанскай ССР, а ў верасні 1991 года абвясціла аб стварэнні «Нагорна-Карабахскай рэспублікі» («Арцах» па-армянску).

Падчас узброенага канфлікту 1988–1994 гадоў у рэгіёне загінулі 30 тысяч чалавек. Нагорны Карабах і некалькі прылеглых да яго раёнаў Азербайджану перайшлі пад фактычны кантроль узброеных сіл Арменіі. У выніку сотні тысяч чалавек, пераважна этнічныя азербайджанцы, сталі ўцекачамі і вымушанымі перасяленцамі.

«Нагорна-Карабаская рэспубліка» не была афіцыйна прызнаная ніводнай з дзяржаў ААН, у тым ліку самой Арменіяй. У 1993 годзе ААН прыняла чатыры рэзалюцыі з патрабаваннямі вываду армянскіх войскаў з Карабаху і прызнаннем тэрыторыі часткай Азербайджану.

Пасля чарговага абвастрэння сітуацыі ў канцы верасня 2020 года Азербайджан вярнуў пад свой кантроль раёны вакол Нагорнага Карабаху і ўзяў старажытны і сімвалічна істотны горад Шуша. Назаўтра пасля ўзяцця Шушы прэмʼер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян, прэзідэнт Азербайджану Ільхам Аліеў і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падпісалі мірнае пагадненне аб спыненні вайны ў рэгіёне.

Паводле дамовы за Арменіяй і Азербайджанам замацаваныя тэрыторыі, на якіх знаходзіліся войскі на момант падпісання дакументу. Уздоўж лініі дотыку размешчана міратворчая місія Расіі, якая на ліпень 2021 года складае каля 2 тысяч чалавек.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: