На сайце прэзідэнта Украіны зарэгістравалі петыцыю за эканамічныя санкцыі супраць Лукашэнкі

Кіраўнік грамадскай арганізацыі «Інститут реформ та інновацій» (Дняпро) Раман Сярдзюк 28 студзеня зарэгістраваў на афіцыйным сайце прэзідэнта Украіны петыцыю аб увядзенні спецыяльных эканамічных і іншых абмежавальных захадаў у дачыненні да беларускіх дзяржаўных і прыватных кампаній, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі.


«Гэтая петыцыя з’явілася ў адказ на заяву нашага міністра замежных спраў пра тое, што ён лічыць магчымым набываць у Беларусі электраэнергію», — сказаў Свабодзе Раман Сярдзюк.

Актывіст разлічвае, што петыцыя збярэ неабходныя 25 тысяч подпісаў, і «ў такім выпадку прэзідэнт будзе абавязаны разгледзець нашу петыцыю і надаць адказ. Будуць санкцыі ўведзеныя, ці не, але ён будзе абавязаны патлумачыць хаця б прычыны свайго рашэння».

Раман Сярдзюк дадаў, што петыцыя стала лагічным працягам дзейнасці актывістаў Дняпра, дзе са жніўня 2020-га праходзілі акцыі на знак салідарнасці і падтрымкі Беларусі: «У нас на цэнтральнай плошчы нашые мастакі-авангардысты зладзілі такі вялікі перфоманс, было шмат мітынгаў. Мы таксама запісалі відэа, каб патрымаць беларусаў і іх пратэсты».

24 студзеня, у вечаровым эфіры аднаго з украінскіх тэлеканалаў міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба заявіў, што Украіна не мае ніякіх супярэчнасцяў з Польшчай і Літвой з прычыны закупу ў Беларусі электраэнергіі з Беларускай АЭС. Кулеба таксама дадаў, што лічыць магчымым «гандляваць з Беларуссю, калі там сістэмна парушаюць правы чалавека».

Украіна, як і краіны ЕС, не прызнала легітымнасці Лукашэнкі, прыпыніўшы са жніўня ўсе афіцыйныя кантакты з беларускім бокам. У верасні прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі скасаваў свой візіт у Беларусь на трэці Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны.

Пасля ўвядзення Еўрасаюзам першых санкцый супраць Беларусі Кулеба заявіў, што Украіна далучыцца да іх, але эканамічную супрацу будзе працягваць. Аднак дагэтуль Украіна не вызначылася, да якіх санкцый будзе далучацца, і, адпаведна, не правяла неабходных для ўвядзення ўнутрыдзяржаўных працэдур. Згодна з украінскім заканадаўствам, рашэнне аб санкцыях прымае Рада нацыянальнай бяспекі і абароны. Яно набывае моц пасля выдання адпаведнага ўказу кіраўніка дзяржавы.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: