На Сіцыліі затрыманая брыгада «пажарных-падпальшчыкаў»

Італьянскія паліцэйскія на поўдні Сіцыліі затрымалі 15 пажарных-валанцёраў, якіх абвінавацілі ў падпалах лясоў. Паводле следства, яны спецыяльна ладзілі падпалы ў лясах, каб потым атрымліваць грошы за іх тушэнне.

Фота AFP

Затрыманыя пажарныя працавалі ў якасці дадатковай брыгады. Паводле версіі паліцыі, пасля таго, як меркаваныя ашуканцы ладзілі падпал, яны ці іх сваякі тэлефанавалі на экстраны нумар 115.

Нягледзячы на ​​статус валанцёраў, пажарныя атрымлівалі за кожную гадзіну працы па 10 еўра. Улады звярнулі на іх увагу пасля таго, як высветлілася, што колькасць пажараў, на якія выязджала брыгада, прыкладна ў тры разы перавышала сярэднюю колькасць выездаў па краіне.

Лідар брыгады, пазначаны ў рапарце паліцыі толькі абрэвіятурай DDV, часам прапускаў свае змены для таго, каб ладзіць пажары. Падчас дзяжурства ён выязджаў са станцыі, ладзіў падпал і вяртаўся, каб дачакацца выкліку. Зараз DDV знаходзіцца пад хатнім арыштам, паведамляе “Guardian” са спасылкай на рапарт паліцэйскіх.

Нагадаем, Еўропа цяпер сутыкнулася з анамальнай спякотай — на мінулым тыдні ў шэрагу краін поўдня Еўропы тэмпература паветра дасягнула адзнакі ў 44 градусы па Цэльсіі.

Некалькі краін выпусцілі афіцыйную перасцярогу аб анамальнай спякоце і заклікалі людзей не выходзіць па магчымасці на вуліцу ў дзённыя гадзіны і піць больш вады.

Незвычайна высокія тэмпературы ў Італіі — на 10 градусаў вышэй звычайных — выклікалі лясныя пажары; у некаторых рэгіёнах ёсць небяспека засухі.

Па меншай меры, два чалавекі памерлі — у Румыніі і Польшчы, а дзясяткі па ўсёй Еўропе трапілі ў бальніцы з цеплавымі і сонечнымі ўдарамі і іншымі, звязанымі з спякотай, станамі.

Паводле ВВС


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: