«На страйк выходзяць нават дворнікі»

У Казахстане — рэзкі і нечаканы выбух працоўных пратэстаў, якія імкліва пашыраюцца на ўсю краіну.
Страйкоўцы "Кезбі"

Страйкоўцы "Кезбі"

...«Па цэнтральнай плошчы ішла група ў чорнай вопратцы і страляла ва ўсіх людзей, якія стаялі на плошчы. На працягу 20–30 хвілін, пакуль яны ішлі, бесперапынку вялася страляніна па людзях... Трупы забітых на плошчы ляжалі штабялямі адзін на адным каля мясцовага морга, у якім усё было забіта… Прыкладна 400 чалавек па калена ў вадзе ў снежні стаялі басанож каля мясцовага ІВС. Іх збівалі, а потым вызначалі, каго прызначыць адказным за беспарадкі... Па вуліцах курсіравалі машыны, з якіх стралялі па людзях. Напрыклад, з такой машыны была забітая жанчына, маці чацвярых дзяцей, якая 16 снежня проста стаяла каля банкамата»…

Гэта — фрагменты расповедаў сведкаў падзей 16–17 снежня 2011 года ў горадзе Жанаазен. Тады 16 чалавек (паводле афіцыйных даных) загінулі, і больш за 100 былі параненыя пасля таго, як паліцыя адкрыла агонь па натоўпе. Расправе папярэднічаў доўгі страйк нафтавікоў з патрабаваннем павышэння заробкаў і паляпшэння побытавых умоў.

Апісаныя вышэй сцэны гвалту настолькі брутальныя, што сутнасць аперацыі з пункту гледжання палітычнага прагматызму цяжка зразумець. Магчыма, хіба адзінае тлумачэнне — улады жадалі надаць, і прычым надоўга, урок забастоўшчыкам і тым, хто іх падтрымліваў. Калі гэта так, то план не спрацаваў. Гэтым летам Жанаазен зноў страйкуе. Прычым, яшчэ больш маштабна, чым у 2011-м.

Усё пачалося 30 чэрвеня з забастоўкі рабочых прадпрыемства ТАА «Кезбі», якое займаецца бурэннем і абслугоўваннем тэхнікі на нафтавым радовішчы. Прычынай страйку сталі нізкія заробкі, якія тут ледзь дасягаюць 300 долараў у эквіваленце. Акрамя таго, людзі працуюць у вельмі складаных умовах на зношаным, яшчэ савецкім абсталяванні, не маючы нават спецвопраткі і патрэбных інструментаў.

У выніку цярпенне 1200 рабочых лопнула, і яны запатрабавалі падвышэння заробкаў удвая, а таксама паляпшэння ўмоваў працы. Да іх стыхійна пачалі далучацца калектывы суседніх прадпрыемстваў. Працадаўцы і мясцовыя ўлады спачатку імкнуліся падавіць выступу ў ходзе сустрэч з працоўнымі, але ў выніку забастоўка перакінулася на іншыя прадпрыемствы.

У Жанаазене з 19 ліпеня спынілі працу адразу шэсць прадпрыемстваў. Пры гэтым на страйк, калі верыць рэпартажам з месца, выходзяць нават дворнікі. Самае цікавае тое, што, як высвятляецца, страйкі людзей непрыкметных прафесій і малых калектываў ствараюць большую пагрозу для рэжыму. Патрабаванні малых калектываў няцяжка выканаць. Аднак навіна пра тое, што нейкі страйкам дамогся перамогі, выклікае энтузіязм сярод іншых працоўных і з’яўляецца стымулам для новых пратэстаў.

На мяжы ліпеня-жніўня ў страйку прымалі ўдзел працоўныя больш за дзесяць рэгіянальных прадпрыемстваў. У самім абласным цэнтры — горадзе Актаў — 24 ліпеня мясцовыя актывісты выйшлі на вуліцу і патрабавалі прафсаюзных свабодаў.

Першапачаткова лічылася, што заходняй частай Казахстану, дзе знаходзіцца эпіцэнтр руху, — пратэсты і абмяжуюцца. Усё з-за спецыфікі мясцовага менталітэту. Заходні рэгіён з’яўляецца донарам дзяржаўнага бюджэту. Таму мясцовыя жыхары шчыра не разумеюць, чаму рэгіён-донар жыве так бедна. І гэта, безумоўна, выклікае незадавальненне.

Аднак цяпер бунт нечакана выйшаў за межы вобласці. 8 ліпеня забаставалі чыгуначнікі Шымкенту, а 13 ліпеня адмовіліся спускацца пад зямлю метрабудаўнікі Алматы. 22 ліпеня выйшлі на страйк медыкі хуткай дапамогі ў Алматы і кіроўцы аўтапарка ў Сяміпалацінску. Усе пратэсты аб’ядноўваюць агульныя патрабаванні — павышэнне заработнай платы і паляпшэнне ўмоў працы.

Трэба сказаць, што гэтым разам улады, відавочна памятаючы пра негатыўны рэзананс на расстрэл у снежні 2011-га, імкнуцца не прыцягваюць сілавікоў. Як мінімум, пакуль. Іх місію выконваюць нанятыя паўкрымінальныя асобы. Яны тэрарызуюць сходы страйкоўцаў, што часам правакуе сутычкі.

Ва ўладных кабінетах стаўка, падаецца, робіцца, хутчэй, на інфармацыйную вайну. Сярод страйкоўцаў распаўсюджваецца інфармацыя, што арганізатараў пратэсту вызвалілі ад пасад, а замест іх на працу прынялі іншых людзей. У СМІ гучаць пагрозы масавых звальненняў і падачы ў суд пазоваў аб прызнанні ўсіх забастовак незаконнымі. Актывістаў палохаюць цэлым букетам крымінальных артыкулаў — за «распальванне сацыяльнай варожасці», «арганізацыю і заклікі да незаконнай страйку», «удзел у незаконным страйку» і гэтак далей.

Зрэшты, выніковая пазіцыя і крокі ўлады будуць залежаць ад ступені палітызацыі пратэсту. Наколькі здольныя страйкі прывесці да росту палітычных пратэстаў у краіне? Як прызнае Айнур Курманаў, адзін з лідараў Рабочага саюза Казахстана, пакуль страйкі досыць апалітычныя. Аднак ён таксама адзначае важны момант: выканаць многія патрабаванні страйкамаў немагчыма без перагляду дзяржаўных кантрактаў з амерыканскімі, кітайскімі і еўрапейскімі кампаніямі, якія эксплуатуюць казахстанскія радовішчы. Цяжка ўявіць, што ўлада рызыкне патрабаваць перагляду тых дамоваў. Таму, на думку актывіста, «страйкавая хваля будзе толькі нарастаць». Пытанне толькі ў тым, калі сацыяльная незадаволенасць можа рэальна перарасці ў палітычны крызіс.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: