Наперадзе праварадыкальная хваля?

Калі для большасці людзей каронавірус — гэта трагедыя, то для правых радыкалаў — унікальная магчымасць прыходу да ўлады.

Фота www.bobr.by

Маштабы трагедыі, што здарылася з-за пандэміі каронавірусу, за акіянам у абсалютнай большасці ўжо выклікаюць шок. Прычым больш за 430 тысяч хворых і 14 тысяч нябожчыкаў, паводле таго ж Трампа, — далёка не мяжа. А вось мясцовая праварадыкальная сцэна бачыць у эпідэміі пралог для рэалізацыі сваіх праграм. У гэтым асяроддзі назіраецца актывізацыя ў выглядзе рэкрутынгу новых актывістаў і падрыхтоўкі да радыкальных акцый.

У якасці прыкладу прэса ўзгадвае арганізацыю Southern Poverty Law Center (SPLC), якая прагназуе хуткі паралюш урадавых органаў праз няздольнасць спыніць эпідэмію. Поўная дэградацыя інстытутаў, паводле матэрыялаў арганізацыі, хуткім часам дазволіць экстрэмісцкім групоўкам нарэшце заявіць пра сябе. Перш за ўсё, праз атакі на ключавыя ведамствы федэральных структур, базы NATO і іншыя аб’екты ваеннай інфраструктуры. Пасля, маўляў, можна будзе заняцца непасрэдным стварэннем дзяржавы па лякалах нацыянал-сацыялізму.

Праўда, наконт паралюшу ўлады экстрэмісты паспяшаліся. Інакш бы пра гэтыя пражэкты не даведалася ФБР. У тым ліку сталі вядомыя тактычныя планы неанацыстаў — распальваць недавер да ўраду, прыцягваць новых рэкрутаў, заклікаць тых, хто ўжо падтрымлівае «карычневыя» ідэі, лепш арганізавацца. Усё гэта падпарадкавана агульнай задачы — паскорыць заняпад існуючага грамадства. Адсюль і назва новай дактрыны — acceleration (паскарэнне).

Цікава, што значная роля ў планах правых адводзіцца папулярызацыі сярод людзей апакаліптычнай думкі, што ўсё прапала, надзеі на аднаўленне нармальнага жыцця нічога не вартыя, дый наогул папросту наіўныя. «“Амерыка памерла!” — гэта трэба заўжды казаць людзям», — піша адзін з правых мілітантаў. Цяперашні калапс, натуральна, прапануецца трактаваць як лагічны вынік крызісу ўсёй дэмакратычнай дэкадэнцкай мадэлі.

Сярод іншых пунктаў згаданай вышэй метадычкі ёсць і вельмі экзатычны: «Распаўсюджваць вірус перш за ўсё сярод яўрэяў і паліцыянтаў». Прычым, па гэтым пункце радыкалы пачалі працаваць. 24 сакавіка мела месца спроба ўзарваць бомбу ў шпіталі каля Канзас-Сіці. У тым шпіталі знаходзіліся пацыенты, якія захварэлі на Covid-19. Пакуль няма канкрэтнай інфармацыі наконт затрымання арганізатараў правакацыі, хаця нейкія прозвішчы падазраваных агучаныя.

Прыхільнікі іншых неафашысцкіх груповак, наадварот, вырашылі пасіўна назіраць за развіццём крызісу і заставацца на жорсткім каранціне. Яны лічаць залішнім губляць кадравыя рэсурсы на падрыў сістэмы, які сама па сабе хутка дасягне кульмінацыйнай кропкі: «Гэта пандэмія рэальная, яна глабальная, таму падрыхтуйцеся і атрымлівайце асалоду ад шоу».

Разлік робіцца на тое, што на нейкім этапе белыя амерыканцы страцяць доступ да базісных бонусаў былой сістэмы. «Белы чалавек страціць зберажэнні, працу, і нават ежу. Яго хлеб і відовішчы адмененыя. Яму ўжо няма чаго губляць. Мірнага статус-кво больш не існуе», — так апісвае гэты сакральны момант адзін з блогераў. Пасля, па логіцы, белыя пачнуць ствараць свае, вольныя ад карпарацый і дэмакратаў, установы.

Дэфіцыт базавых прадуктаў у крамах таксама гальванізаваў рух накшталт праекту Redoubt. Яго правадыры даўно выступаюць за стварэнне нейкіх ізаляваных экалагічных камунаў белых амерыканцаў, якія здольныя забяспечыць сябе. Пры гэтым паніка ў чэргах, плёткі ў інтэрнэце і адсутнасць у адміністрацыі таго ж Трампа канкрэтнай схемы выхаду з крызісу, спрыяюць інтарэсу да такога кшталту «фаланстэраў».

Па гэты бок Атлантыкі, дзе эпідэміялагічная сітуацыя лепшая за амерыканскую, ультраправыя не такія амбіцыйныя. Яны, як правіла, абмяжоўваюцца спробамі займець больш прывабны імідж у вачах бюргераў за кошт рознай філантропіі, накшталт бясплатнай дастаўкі ежы пенсіянерам або перадачы кветак урачам у шпіталі з інфікаванымі. «Трэба стаць героямі паўсядзённага жыцця», — піша адзін з ідэолагаў нямецкіх неанацыстаў. Паводле СМІ, дактары разумеюць, што іх намагаюцца выкарыстаць дзеля палітычнай рэкламы, і часам не прымаюць падарункаў ад палітыкаў, асабліва правых поглядаў.

Яшчэ адна фішка правых радыкалаў — крытыка рэжыму каранціну. Напрыклад, вядомая ісламафобская групоўка PEGIDA з Саксоніі бачыць у рэжыме каранціну намер эліты прымусіць народ маўчаць і не выходзіць на вуліцы на фоне таго, што дзясяткі тысяч мігрантаў прарываюцца з Турцыі праз Грэцыю ў Еўропу. Прычым, еўрапейскія ўрады з нейкім скрыпам, аднак усё ж, быццам, гатовыя даць прытулак шмат каму з тых уцекачоў.

Падводзячы вынікі, можна сцвярджаць, што пакуль планы «ультра» выглядаюць утапічнымі. У тым ліку таму, што ў Злучаных Штатах і ў ЕС дастаткова моцная грамадзянская супольнасць. Прычым, ва ўмовах эпідэміі яна не пасіўная, а, наадварот, вельмі рашуча патрабуе прагрэсіўных рэформаў. Напрыклад, настойвае на гарантаваным мінімальным даходзе для кожнага або пашырэнні фінансавання сацыяльных і медыцынскіх праграм ды асу­джае намеры ўладаў абмежаваць грамадзянскія свабоды.

З іншага боку, сапраўды, цяжка ўзгадаць, калі апошні раз вулічныя правыя радыкалы на Захадзе ўсур’ёз стваралі канкрэтныя планы наконт захопу ўлады.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: