Напярэдадні вялікага шухеру

Тое, што сёння адбываецца ва Украіне, цудоўна ілюструе прыроду шараговага чыноўніка, які, адчуўшы змену кан’юнктуры, спяшаецца здрадзіць гаспадару.

 Фота www.unian.net

Цалкам не выключана, што праз нейкі час тое ж можа здарыцца з камандай Ула­дзіміра Зяленскага, якога сацыёлагі бачаць пераможцам другога туру. На думку палітолагаў, ужо праз паўгода новы прэзідэнт, сутыкнуўшыся з масівам цяжкіх праблемаў, будзе выклікаць у грамадстве татальны негатыў. Адпаведна, чальцы яго вертыкалі пачнуць пралічваць варыянты эвакуацыі. Аднак гэта пакуль прагноз, а вось агонія вертыкалі Парашэнкі — гэта рэальнасць. Практычна штодня прыходзяць навіны, што той або іншы чыноўнік раптам пабачыў усе хібы рэжыму.

Цяжка сказаць, хто першы запусціў гэты «флэшмоб». Магчыма, «еўрааптымісты» пад кіраўніцтва Мустафы Наема, што ўваходзілі ў склад фракцыі Блоку Пятра Парашэнка (БПП). Яны клялі прэзідэнта за карупцыю, аднак мандаты здаваць чамусьці не збіраліся. І раптам 28 лютага выйшлі з фракцыі БПП «на знак пратэсту супраць контррэвалюцыі».

Хутка працэс здрады набыў значны маштаб. Сёння здрада прысутнічае ва ўсіх галінах улады. Нешта нядобрае робіцца з падкантрольнымі прэзідэнту сілавікамі. Кажуць, што ў адстаўку папрасіўся кіраўнік СБУ Сяргей Грыцак. Здрада ў парламенце: Віталь Купій, таксама былы сябра Блоку Пятра Парашэнкі, абвяшчае пра стварэнне фракцыі партыі Зяленскага. У судовай сферы таксама неспакойна: 30 сакавіка пракурор Канстанцін Кулік абвясціў асобаў, якія блізкія да атачэння прэзідэнта, падазраванымі ў карупцыйных аферах.

Часам гэта выглядае вельмі смешна. Напрыклад, Барыс Філатаў, мэр Дняпра, які ў сакавіку асабіста падтрымаў вылучэнне Парашэнкі на другую кадэнцыю, днямі нечакана заявіў, што быў «праціўнікам большасці ініцыятыў прэзідэнта»! У прыватнасці, Філатаў пахваліўся тым, што ўзяў у мэрыю працаваць людзей Януковіча і экс-байцоў «Беркута», супрацьстаяў дэкамунізацыі.

Нават сябры прэзідэнцкай адміністрацыі пішуць заявы «па асабістым жаданні». Прычым, дазваляюць сабе смелыя каментары. Адзін з намеснікаў кіраўніка адміністрацыі аргументаваў рашэнне сысці з працы тым, што «прэзідэнт запісаў сабе ў заслугі дасягненні ў справе абароны краіны і забеспячэння яе дыпламатычнай падтрымкі». «Гэта было абразліва пачуць не толькі для мяне, але і для тысяч вайскоўцаў, якія захоўваюць мір, а таксама для дзясяткаў і сотняў дыпламатаў, якія служаць на карысць Украіны», — сказаў чыноўнік у каментары для СМІ.

Фіксуюцца дэмаршы ў рэгіёнах. Цяпер ужо экс-кіраўнік Адэс­кай вобласці Максім Сцяпанаў кажа, што яго звольнілі за нізкі вынік Парашэнкі на выбарах у першым туры. А ўсё праз рашэнне Сцяпанава адкласці выплаты аднаразовай дапамогі малазабяспечаным пенсіянерам да заканчэння выбарчага працэсу. Сцяпанаў матываваў паўзу ў выплатах тым, што «выбар краіны павінен быць сумленным, без подкупу, без адміністрацыйнага ўціску».

Чаму чыноўнікі ідуць на такія крокі? «Яны баяцца, што іх могуць зрабіць крайнімі, як было з сілавікамі Януковіча. Іншымі словамі, яны вырашылі не ствараць сабе праблемаў на будучыню. Цяпер кожны сам за сябе», — мяркуе вядомы ва Украіне палітолаг Вадзім Карасёў. А вось іншы палітолаг, Сяргей Рудэнка, лічыць, што тут ёсць віна самога Парашэнкі. Пасля пройгрышу ў першым туры ён зняў шэраг рэгіянальных чыноўнікаў, якія не забяспечылі патрэбны вынік. А такім чынам у гэтым асяроддзі справы не вырашаюцца. «Ён (Парашэнка) “злівае” сваіх. Таму і свае яго таксама “зліваюць”. Людзі проста будуць чакаць, чым усё скончыцца, сабатуючы ўказанні», — кажа Рудэнка.

Між тым, 15 красавіка адбылася падзея, на якую прэса адрэагавала загалоўкамі кшталту «сістэма канчаткова трэснула». На свабоду давялося адпусціць удзельніцу АТА, дэпутата Вярхоўнай Рады Надзею Саўчанка, якая правяла больш за год за кратамі па абвінавачванні ў спробе арганізацыі штурму ўрадавага квартала ў Кіеве з мэтай забойства ўкраінскай эліты. Прычым гэты план, калі верыць Генпракуратуры, быў узгоднены з кіраўніцтвам ДНР.

 Фота www.rusdialog.ru



Справа не ў тым, што абвінавачванні, выстаўленыя Саўчанка, выглядаюць фантастычна, што можа скапраметаваць пракурора Юрыя Луцэнку. Права ў тым, што Саўчанка — люты вораг Парашэнкі, якая неаднаразова заклікала народ Украіны да паўстання і пагражала гаранту асабіста. Тое, што суддзі вырашылі не працягваць тэрмін яе знаходжання ў следчым ізалятары, выглядае як знак непадкантрольнасці дзейнаму прэзідэнту.

Надзея Саўчанка, дарэчы, ужо паабяцала прыйсці ў наступны панядзелак у Вярхоўную Раду і адцягнуцца напоўніцу. Аднак спачатку краіне трэба перажыць нядзелю, 21 красавіка — дзень другога туру галасавання на выбарах прэзідэнта. І самай незвычайнай развязкай на выбарах можа быць перамога Парашэнкі, рэйтынг якога напачатку тыдня складаў каля 30 працэнтаў. Калі Пётр Аляксеевіч зробіць немагчымае і пераможа Зяленскага, няма сумневу, што ўсе, хто паспеў здрадзіць яму раней, адразу пабягуць каяцца.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!