Нараджэнне новай Еўропы?

Праз сто гадоў пасля таго, як немцы і амерыканцы сустрэліся на палях Першай сусветнай вайны, абедзве краіны пасварыліся зноў. Вынікам цяперашняга канфлікту, на думку экспертаў, стане імклівая эмансіпацыя не толькі Германіі, аднак і ўсёй Еўропы.

Фота www. voenhronika.ru

Напэўна, усё прызвычаіліся да спартовых рэкордаў, аднак, як высвятляецца, існуюць рэкорды і сацыялагічныя. Адзін з іх быў пабіты нядаўна ў Германіі. Дадзеныя апытання выдання «Contra Magazin» сведчаць, што ўпершыню ў гісторыі сацапытанняў у ФРГ рэкордна малая колькасць немцаў давярае ЗША. Толькі 21% рэспандэнтаў заявіў, што бачаць у Вашынгтоне вартага даверу саюзніка. Прыкладна столькі ж давяраюць рускім.

З іншага боку, такі трэнд заканамерны з улікам беспрэцэдэнтнага пахаладання ў амерыкана-германскіх адносінах, і напоўніцу ён праявіўся падчас саміту Вялікай сямёркі 1 чэрвеня. У межах мерапрыемства адбылася сустрэча Меркель і Трампа, на якой апошні агучыў усё, што накіпела і што так доўга баяўся сказаць Абама (той меў да Меркель асабістыя сантыменты). Не маючы комплексаў, Трамп абвінаваціў немцаў у субсідыях нямецкаму аўтапраму, маніпуляцыях з курсам еўра, нежаданні фінанса­ваць NАТО і гэтак далей. Нарэшце, ледзь не па слядах сустрэчы Вашынгтон заявіў пра выхад ЗША з Парыжскай дамовы па клімаце, што ў Еўропе ўспрынялі як дэманстратыўны плявок у твар (барацьба з глабальным пацяпленнем была фішкай ЕС).

«З адменай Парыжскай дамовы былая звышдзяржава аказалася цалкам ізаляванай ад вольнага свету. Паўночнаатлантычны альянс раскалоўся», — пракаментаваў сітуацыю ўплывовы нямецкі часопіс «Der Spiegel». Яшчэ больш катэгарычнай была сама Меркель: «Мы, еўрапейцы, павінны ўзяць наш лёс у нашы рукі».

Хто пераможа ў дуэлі Трамп — Меркель?

На першы погляд, пытанне рытарычнае. Германія па сутнасці дасюль застаецца краінай, якая часткова падпарадкоўваецца правілам акупацыйнага рэжыму, што быў уведзены саюзнікамі па антыгітлераўскай кааліцыі яшчэ ў чэрвені 1945-га. На тэрыторыі краіны знаходзіцца тузін амерыканскіх баз, дзе цягнуць лямку каля 34 тысяч вайскоўцаў. Кампетэнцыі Бундэсвера моцна абмежаваныя тымі ж пасляваеннымі законамі. Амерыканскія спецслужбы нават не хаваюць, што со­чаць за перамовамі і ліставаннем вядучых нямецкіх палітыкаў. Як тут ні працытаваць самога Трампа: «Германія — не вельмі моцная сіла, якая належыць да трэцяга эшалону».

Аднак такая ацэнка — архаічная ў часы гібрыдных войнаў, калі штык і танк замянілі мышка і клавіятура, з дапамогай якіх фармуецца грамадская думка. Паколькі Германія ў разборках з Трампам выступае ў ролі абаронцы ідэалаў заходняй дэмакратыі, частка амерыканскага грамадства адкрыта сімпатызуе Меркель. У дадатак скандальны курс Трампа не выклікае захаплення нават у яго выбаршчыкаў. Думка пра тое, што імпічмент Трампу непазбежны, штодня гучыць у СМІ.

Адным словам, у доўгатэрміновым плане перамога Меркель і яе саюзнікаў па ЕС падаецца непазбежнай. Але, як піша прэ­са, гэта не значыць, што пасля сыходу Трампа з Белага дому мы аўтаматычна вернемся ў знаёмыя геапалітычныя расклады, якія папярэднічалі часам Трампа. Ёсць думка, што цяперашні перагляд Трансатлантычнага пакту — не выбрык амерыканскага кіраўніка, а лагічнае следства барацьбы глабальных гульцоў за рэсурсы. То бок, любы гаспадар Белага дому будзе абараняць унутраны рынак і скарачаць замежныя субсідыі.

З іншага боку, еўрапейцы ўжо думаюць пра альтэрнатыву ЗША. 11 чэрвеня кіраўніца Мінабароны ФРГ Урсула фон дэр Ляен выступіла за больш цеснае супрацоўніцтва з Францыяй у сферы абароны, у прыватнасці, за стварэнне ваеннага саюза з Францыяй, які будзе пралогам войска ЕС. Пры гэтым яна не аспрэчвае тэзіс, што рэферэндум у Вялікабрытаніі і прэзідэнцкія выбары ў ЗША «адкрылі еўрапейцам вочы», і цяпер трэба браць бяспеку ў свае рукі. За кошт саюзу з Парыжам Берлін можа стаць саўладальнікам атамнай зброі, якой валодаюць французы.

І ўсё ж самы правакатыўны тэзіс тычыцца ідэнтычнасці немцаў, у якой праз канфлікт са Злучанымі Штатамі, быццам бы, могуць адбыцца тэктанічныя зрухі. У выніку, маўляў, бюргеры павераць у магчымасць Германіі без пратэкцыі з-за акіяну праводзіць сваю знешнюю палітыку. На практыцы, калі верыць некаторым экспертам, нас чакае адраджэнне бісмаркаўскай геапалітычнай канцэпцыі Kerneuropa (Ядро Еўропы). Рэалізацыя Kerneuropa ў цяперашніх умовах пасуе папулярным ідэям стварэння дзвюх Еўропаў: больш інтэграванай, эканамічна развітай, з адзінай валютай еўра (старая Еўропа плюс Польшча, Славакія, Чэхія, Паўночная Італія) і беднай перыферыйнай. Прасцей кажучы, Еўрасаюз чакаюць глыбокія рэформы.

Што тычыцца адносін з Усходам, дык расійская аналітыка ў кантэксце цяперашняй спрэчкі ЗША і ЕС спадзяецца на ўступленне ФРГ і Францыі ў еўразійскі клуб. Аднак у еўрапейскай прэсе больш кажуць пра вось Берлін — Пекін.

Усе агучаныя палітолагамі прагнозы вельмі спекулятыўныя. Аднак хіба не быў спекулятыўным прагноз Маргарэт Тэтчар, якая ў 1989-м закаціла істэрыку Джорджу Бушу? Яна тады сцвярджала, што аб’яднаная Германія цалкам зменіць Еўропу.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: