Народ замест міліцыі

У ценю падзей украінскага Майдана незаслужана застаўся не менш значны грамадскі працэс. У нейкі момант у 2014-м краіна засталася, па сутнасці, без праваахоўных органаў. Тады грамадзяне Украіны самаарганізаваліся і ўзялі на сябе функцыі міліцыі, што знікла з вуліц. Гэты досвед аказаўся вельмі паспяховым.
Ілюстрацыйнае фота, 04868.com.ua

Ілюстрацыйнае фота, 04868.com.ua

З 20 студзеня ў Кіеве за парадкам на Цэнтральным чыгуначным вакзале і прылеглай да яго тэрыторыі сочыць паліцыя. Для беларуса гэта шок — даведацца, што вялізарны аб'ект, праз які праходзіць больш за сто тысяч чалавек у суткі, у прынцыпе, мог доўгі час абыходзіцца без адпаведнага нагляду. Бо мінскі вакзал (з прапускной здольнасцю менш за сем тысяч пасажыраў у суткі) укамплектаваны самастойнай аператыўна-дзяжурнай службай, і гэта ні ў каго не выклікае пытанняў.

Яшчэ больш здзіўляецца беларус, калі дазнаецца: міліцыі ў звыклым для яго разуменні ў Кіеве няма ўжо больш за чатыры гады. Пасля «Рэвалюцыі годнасці» змянілася не толькі назва (зараз гэта «Нацыянальная паліцыя»), але сама структура праваахоўных органаў. У снежні 2014 года знiклi Упраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, ветэрынарная міліцыя, а таксама транспартная міліцыя (ДАІ). За некалькі гадоў сур'ёзна скарацілі асабісты склад — да 126 тысяч чалавек. Гэта 265–285 чалавек на сто тысяч насельніцтва. У Беларусі, нагадаем, паводле афіцыйных дадзеных, гэта лічба — 405 чалавек на сто тысяч, паводле неафіцыйных падлікаў — 685 міліцыянтаў на сто тысяч грамадзян.

Функцыі новай нацыянальнай паліцыі — у асноўным, патруляванне гарадской тэрыторыі і выезды на простыя затрыманні, без далейшых следчых дзеянняў. Для беларусаў гэта выглядае як поўная анархія. Але для ўкраінцаў такі падыход — вынік як страты даверу да дзяржаўнай машыны, так і імкнення кантраляваць тое, што адбываецца ў гэтай сферы. А пачалося ўсё падчас падзей 2013–2014 гадоў, калі міліцыю на нізавым узроўні замянілі групы раённай самаабароны, арганізаваныя цалкам сіламі простых грамадзян.

Гэта незвычайна цікавы вопыт, калі людзі перасталі дэлегаваць дзяржаве выключнае права на прымяненне гвалту і скарысталіся сваім правам абараняць саміх сябе.

Пра тыя падзеі «Новаму Часу» распавёў іх непасрэдны ўдзельнік, у той час — прадпрымальнік, аператыўны дзяжурны штаба самаабароны Аляксей Н.

2013. Міліцыя + крымінал = «цітушкі»


У канцы 2013 года свет даведаўся значэнне слова «цітушкі». Гэта гарадскія і вясковыя гопнікі, люмпен-пралетарыі ды дробны крымінал, якія мэтанакіравана выкарыстоўваюцца ў палітычных мэтах, зазвычай — для сілавога прыгнечання дэмакратычных выступаў.

Феномен «цітушак» быў вядомы ва Украіне задоўга да 2013 года, але раней арганізаваныя гопнікі больш выкарыстоўваліся ў мэтах рэйдарскіх захопаў уласнасці і бізнесу. Дзякуючы СМІ было шырока вядома, што міліцыя карыстаецца дапамогай такіх людзей для вырашэння тых задач, якія выходзяць за рамкі працэсуальнасці і законнасці.

«З'ява гэта вельмі старая. У Кіеве ўпершыню такое было выкарыстана ў 1898-м, калі нейкі праваслаўны саюз вырашыў зрабіць пагром на Падоле. Спачатку яны хацелі мабілізаваць кіяўлянаў на гэты пагром, кіяўляне на гэта не павяліся, — распавядае Аляксей. — Тады тупа назбіралі, дзе толькі маглі ў розных губернях, і цягніком у Кіеў даставілі прыезджых, якія і здзейснілі пагром. Па сутнасці, гэта было першае выкарыстанне цітушак у Кіеве.

У 2013 годзе таксама прывозілі вельмі шмат цітушак у Кіеў. Вось стаіць Майдан. Гэта адна тэрыторыя. На плошчы каля Вярхоўнай Рады і ў Марыінскім парку зрабілі так званы Антымайдан. Менавіта туды пазвозілі ўсіх. Па-першае, для масоўкі бюджэтнікаў, настаўнікаў, яны заўжды ўсе дзіркі закрываюць. Па-другое, дробны крыміналітэт, гопнікаў, ну, такую дробную бандоту, якую сама міліцыя папрывозіла ў Кіеў з розных абласцей для таго, каб яны намёты бурылі, бойкі арганізоўвалі».

"Цітушкі" ў Кіеве, фота tsn.ua

"Цітушкі" ў Кіеве, фота tsn.ua

Так Кіеў у канцы 2013-га захліснула хваля крыміналу. Каб пасеяць у грамадстве страх і хаос, «цітушкі» пачалі падпальваць аўтамабілі ў розных месцах горада. Мэтанакіравана палявалі на аўтамабілі са львоўскімі нумарамі, але пакутавалі і кіяўляне. Далей пачаліся пагромы, правакацыі і іншыя акцыі па нагнятанні напружанай атмасферы ў Кіеве.

Міліцыя, тады яшчэ падкантрольная Віктару Януковічу, бяздзейнічала, таму што ўлады хацелі падаць усплёск крыміналу як вынік Майдана — вось, гэта яны прыехалі і ладзяць пагромы ў Кіеве.

Такая правакацыя не атрымалася дзякуючы незалежным СМІ: у той час па тэлебачанні вельмі шмат пра гэта казалі, раскрывалі сапраўдную сутнасць «цітушак», распавядалі, што звезлі іх менавіта для таго, каб яны ладзілі пагромы.

«Яны за дробны прайс хадзілі па Кіеву: недзе нешта разаб'юць, дзесьці нешта паломяць. І падпальвалі аўтамабілі са львоўскімі нумарамі. Нібыта ўсе львавяне ўдзельнічаюць у Майдане, — распавядае Аляксей. — Аднаго цітушку злавілі, калі ён падпаліў машыну. Яна загарэлася, загарэўся суседні жыгуль. Яго злавілі, ён прызнаўся, што яго нанялі. Натуральна, мясцовыя яго за гэта не пахвалілі. Далей адбываецца Майдан. Ёсць людзі з нейкімі палітычнымі патрабаваннямі, ёсць з нейкімі ідэйнымі патрабаваннямі, супраць улады. А існуе яшчэ маса кіяўлян, якая пакутуе ад таго, што міліцыянты ў Кіеў прывезлі бандытаў, і бандыты пачынаюць бясчынстваваць. І тады, паралельна таму, што адбывалася на Майдане, спантанна самаарганізоўваюцца групы людзей. Групы самаабароны».

Ад пачатку рух ішоў з самых нізоў. Мужчыны арганізоўваліся на дваравым узроўні, на вулічным, на квартальным. Па прынцыпе суседства і асабістага знаёмства. Простыя жыхары, якія не хацелі пускаць крымінальнікаў туды, дзе жывуць яны самі і іх сем'і. Гэта былі вельмі розныя людзі, і далёка не ўсе яны падзялялі каштоўнасці і мэты Майдана.

Папросту збіраліся групы людзей, якія патрулявалі свае двары, свае вуліцы для таго, каб ніхто там нічога не разваліў, не падпаліў, каб нічога не здарылася.

Самаабарона. Фота Улада Содзеля, kiev.vgorode.ua

Самаабарона. Фота Улада Содзеля, kiev.vgorode.ua

Такая народная ахова правапарадку пачала масава фармавацца ў снежні 2013 года і ў студзені 2014 года.

«Міліцыя як бы яшчэ ёсць, яны яшчэ працуюць. Але ўжо пайшоў працэс самаарганізацыі. У двары звычайнага кіеўскага дома мы таксама з мужыкамі неяк сышліся і вырашалі, што будзем рабіць. Ну, добра, кажа адзін, у мяне драбавік ёсць. А па кім ты страляць будзеш? Адзін кажа, я ў міліцыі служыў, у мяне міліцэйскі вопыт ёсць. Другі яшчэ што-небудзь. І мы вось так начамі ахоўвалі свой двор, — распавядае Аляксей. — Хтосьці, напрыклад, каля акна сядзеў, глядзеў, каб там нічога не адбывалася. Гэта як вахта была.

І ў нас была хуткая сістэма апавяшчэння. Тады на смартфоны модна было ставіць праграму Zello, якая працавала па тыпу рацыі. А калі мы яе паставілі, то ўбачылі, што ў Zello ёсць іншыя чаты, іншыя групы. Кіеў вялікі, але ўсё роўна ўсе ўсіх ведаюць. І вось аказваецца, што хтосьці ведае таго, хто на іншай вуліцы арганізаваў такое».

Дзіўным стала тое, наколькі масавы характар прыняла падобная самаабарона. Браў удзел па раёнах увесь Кіеў. Было неарганізавана, здробнена, нескаардынавана, але эфектыўна.

«Мы ж лавілі на вуліцах цітушак, выканаўцаў гэтых, яны прызнавалі: вось я з такой вобласці з такога далёкага раёна, тэрмін адкруціў ці атрымаў умоўны, і ўчастковы мяне прымусіў прыехаць у Кіеў. Участковыя на месцах іх збіралі, грузілі ў аўтобус, прывозілі ў Кіеў — і тут ім ставілі задачы. Кармілі, утрымлівалі, Антымайдан ім нешта такое падаваў. Аўтобусы з імі стаялі там, дзе помнік Радзіма-мацяры, бліжэй да вуліцы Старанаводніцкай, — распавядае Аляксей. — Яны начавалі ў гэтых аўтобусах, бамжавалі, іх ахоўвалі, каб не збеглі. Яны выкупілі ўвесь алкаголь у цэнтры. Гэта страшная публіка. Я двойчы хадзіў у так званую разведку да Марыінскага парку, заходзіў у гэты загон, дзе яны знаходзіліся. Гэта Мордар, як у Толкіена. Гэта гобліны, дробная гапата, дробныя крымінальнікі з усёй Украіны».

Аб самаарганізацыі пачалі казаць па тэлевізары. Журналісты рабілі цікавыя сюжэты, і тады ўся Украіна ўбачыла, што людзі могуць абараніць самі сябе на фоне міліцэйскіх бясчынстваў і правакацый. Па прыкладзе Кіева аналагічныя групы пачалі стварацца і дзейнічаць ва ўсіх рэгіёнах Украіны.

У гэты самы час самаарганізацыя «народнай міліцыі» пачала падымацца на больш высокі ўзровень. У мікрараёнах з'яўляліся каардынатары — людзі, якія звязвалі паміж сабой некалькі разрозненых груп. Лідарства было не прынята, усе разумелі, што хтосьці адзін узначальваць гэта не мог. Усе спробы каардынаваць дзеянні адбываліся з асабістай ініцыятывы асобных людзей.

«Па раёнах пачалі гуртавацца, а потым казалі — давайце мы ўсё ж арганізуемся з іншымі раёнамі. На Саксаганскага ёсць гульнявы клуб, яго ўладальнік прадаставіў памяшканне, каб там маглі збірацца ў вольны час прадстаўнікі груп самаабароны. Я, напрыклад, прыйшоў ад сваёй групы, хтосьці прыйшоў з іншых раёнаў, — распавядае Аляксей. — Нехта недзе камусьці сказаў, нехта ў Facebook прачытаў. І вось: давайце сыдземся, пагаворым, як мы будзем жыць далей, як мы будзем каардынавацца ў рамках не толькі свайго двара, але і ўсяго Кіева. Мы свядома не стваралі адзіную арганізацыю. Палітыкі спрабавалі ўзначаліць наш рух, але не змаглі, іх не прынялі».

Як успамінаюць зараз удзельнікі падзей, нават хтосьці з міліцэйскага кіраўніцтва прыходзіў з прапановай узаконіць самаабарону дружыннікаў, іх узначаліць, арганізаваць, даць памяшканне. Але яго выгналі: проста ў твар сказалі, што гэта ж вы ўсё гэта зрабілі, вы вінаватыя, і з вамі ніхто супрацоўнічаць не будзе.

«Мы зрабілі ў тым гульнявым клубе дыспетчарскі пункт. Дзяжурылі па чарзе. І мая жонка там дзяжурыла. Прымалі званкі, каардынаваліся. Зрабілі карту. На гэтую карту наносілі, хто, дзе, у якім раёне ёсць, у якім раёне няма, з якімі групамі ёсць кантакт, з якімі — не, — распавядае Аляксей. — Я асабіста тэлефанаваў хлопцам: «Хлопцы, вы дзе? Вось Курэнаўская група. Добра. А вось там ёсць Сырэцкая група. Вы знаёмыя з імі? Не, не знаёмыя. Тады трэба пазнаёміцца. Вось тэлефон чалавека, патэлефануй яму». Яны знаёміліся, і потым сумесна патрулявалі, ужо перакрываліся раёны. Тады гэты ўсплёск падпалаў машын удалося патушыць. Вядома, былі асобныя эпізоды, але ўжо значна менш. Таму што гэтых бандытаў проста лавілі і білі — больш нічога зрабіць не маглі. У міліцыю іх весці сэнсу не было».
Тэлефоны Самаабароны Кіева па раёнам. Карту падрыхтавалі актывісты "Еўрамайдана SOS" на выпадак правакацый прарасійскіх сіл у сталіцы. 

Тэлефоны Самаабароны Кіева па раёнам. Карту падрыхтавалі актывісты "Еўрамайдана SOS" на выпадак правакацый прарасійскіх сіл у сталіцы. 


2014. Разам з Майданам

У нейкі момант пачалося камунікаванне паміж удзельнікамі Майдана і раённымі самаабаронамі. У Самаабароны Майдана былі задачы абароны саміх барыкад і супрацьстаяння тым падраздзяленням міліцыі, якія спрабавалі Майдан разагнаць. А ў раённай самаабароны былі задачы супрацьстаяння дробнаму крыміналітэту. Там палітычныя патрабаванні, а тут — утрыманне правапарадку. Дзве вялікія групы людзей. Але надышоў момант, калі гэтым групам ужо было нельга не каардынаваць свае дзеянні.
Прадстаўнікі Самаабароны Майдана запрасілі на сустрэчу раённыя групы.

«Прыйшоў Саша Траццякоў — сотнік першай сотні з пазыўным «Касатка». Менавіта на Саксаганскага ў гульнявым клубе тады мы сабраліся, — успамінае суразмоўца НЧ. — Прыйшоў ён вельмі стомлены, у бронекамізэльцы, замучаны ўвесь. І кажа: «Давайце, хлопцы, вы з намі. Ужо дайшло да таго, што трэба быць разам».

У лютым 2014 года ў групе Самаабароны Майдана было 12 тысяч чалавек, якія знаходзіліся ў адзін час у адным месцы».

Колькі людзей у лютым 2014 года ўваходзіла ў групы раённых самаабаронаў — тады ніхто не лічыў. Але такія групы існавалі ва ўсіх раёнах і мікрараёнах Кіева.
Народная самаабарона. Фота liga.net

Народная самаабарона. Фота liga.net

Мясцовыя актывісты пад свае мэты займалі пустыя памяшканні. У некаторых раёнах дамаўляліся з міліцыяй. Напрыклад, у Святошынскім раёне сядзелі ў РАУС, дзе ім выдзелілі памяшканне. Сядзелі і ў нейкіх офісах. Спрабавалі наладзіць больш сістэмную работу, хоць з міліцыяй тады супрацоўніцтва не атрымалася. Таму раённая самаабарона апавясціла насельніцтва, што парадак падтрымліваецца, што ёсць групы, якія гэтым займаюцца. Развешвалі ўлёткі, дзе былі пазначаны нумары кругласутачных тэлефонаў, па якіх можна было тэлефанаваць, калі ў двары нешта адбываецца. Па гэтых лістоўках шмат людзей тады прыходзіла. Усе ведалі, куды тэлефанаваць, куды прыходзіць, нават часам па тэлебачанні пра гэта расказвалі. Увесь інтэрнэт пра гэта крычаў.

«Усё рабілася за свае ўласныя сродкі. Напрыклад, мы ўтрох сабраліся. Нам трэба купіць нейкі тэлефон з нумарам. Давайце скінемся. Давайце надрукуем лістоўкі! А вось у мяне прынтар ёсць, дзе можна друкаваць, — распавядае Аляксей. — Паміж раёнамі таксама каапераваліся, калі ў некага чагосьці бракавала. Але ў асноўным ва ўсіх усяго хапала. Вельмі розныя людзі ўваходзілі ў гэтыя раённыя самаабароны. Былі тыя, хто зусім не падзяляў мэты Майдана, але яны былі за правапарадак. Былі простыя рабацягі і вельмі заможныя людзі, якім было не трэба, каб у іх у двары нешта адбывалася. Былі людзі, якія на сваіх вельмі дарагіх аўтамабілях патрулявалі горад. Каб было зразумела, што гэтая патрульная машына, на яе ставілі жоўта-блакітны сцяжок зверху.

Для некаторых гэта быў такі вясёлы хайп. Калі Майдан — гэта было больш аднароднае асяроддзе, людзі з аднолькавымі перакананнямі і больш ці менш трывалай ідэалогіяй, то ў групы раённай самаабароны ўваходзілі разнамасныя людзі».

У нейкі момант асноўная маса прадстаўнікоў раённых самаабаронаў падтрымала прапанову аб'яднацца з Самаабаронай Майдана. Пасля расстрэлу на Майдане нараду раённых самаабаронаў сабралі ўжо проста там, на Крэшчаціку. Занялі двухпавярховае памяшканне нейкага буціка. Туды перабраўся штаб Самаабароны Майдана, калі Дом Прафсаюзаў спалілі, а на другім паверсе сабралі нараду гарадскіх самаабаронаў.

Пасля расстрэлу на Майдане Арсена Авакава прызначылі міністрам унутраных спраў. Так пачалася цэнтралізаваная арганізацыя мясцовай самаабароны. Новае кіраўніцтва МУС літаральна за некалькі дзён правяло каласальную арганізацыйную працу. Мясцовыя самаабароны пад гэткай адзінай каардынацыяй вельмі эфектыўна выконвалі свае функцыі. Да таго ж у людзей ужо назапасіўся досвед патрулявання — і якраз у гэты момант з вуліц украінскіх гарадоў знікла ўся міліцыя.

«Міліцыя ў гэтым супрацьстаянні была тым бокам, што пацярпеў паразу. Яны прайгралі гэтую бітву, і яны баяліся, што ім будуць помсціць, баяліся, што супрацьстаянне перакінецца на іншыя пляцоўкі. І яно магло перакінуцца. Гэта было ў Львове, гэта было і ў Цярнопалі, там людзі проста палілі аддзяленні міліцыі. Гэта была так званая «Ноч гневу». Толькі ў адным падраздзяленні львоўскай міліцыі паступілі вельмі мудра. Яны заявілі, што не будуць падпарадкоўвацца загадам і што падтрымліваюць мэты Майдана. Гэта падраздзяленне міліцыі цалкам прыехала ў Кіеў, — распавядае Аляксей. — Гэтыя людзі вельмі моцна дапамаглі, яны ўтрымалі парадак у Львове, яны пракансультавалі, як правільна арганізаваць працу ў Кіеве, і з'ехалі. Яны не ўдзельнічалі ў супрацьстаянні на Майдане. Яны проста паказалі сваю прысутнасць і падтрымку. Гэта было ўспрынята «на ўра».

Пасля 20 лютага 2014 года ўкраінскія міліцыянты проста прыходзілі на працу і сядзелі там, зачыніўшыся, баючыся выйсці на вуліцу. Яны былі на працы, але нават не прымалі шараговыя заявы ў грамадзянаў. Патрулявання як такога не было. Знікла нават ДАІ. Знікла ўсё. Следчыя не праводзілі расследаванняў па крымінальных справах, тлумачылі гэта неабходнасцю ахоўваць грамадскі парадак ва ўмовах масавых беспарадкаў. Хоць грамадскі парадак яны таксама не ахоўвалі. Проста прапаноўвалі ўсім прыходзіць, калі ўсё скончыцца.
Людзі самаарганізаваліся для патрулявання раёнаў, фота uainfo.org

Людзі самаарганізаваліся для патрулявання раёнаў, фота uainfo.org

«Менавіта ў гэтыя дні пайшла чарговая актывізацыя раённых самаабаронаў. Усе разумелі, што акрамя нас больш няма каму. Мы павінны ўсё гэта рабіць. Фактычна, сістэма ўжо была створаная. І яна працягвала далей выконваць сваю задачу па ахове правапарадку, — успамінае Аляксей. — Але што далей? Што магла зрабіць такая местачковая самаабарона? Мы маглі толькі прыехаць, кагосьці адагнаць, але не затрымаць, не зрабіць далейшыя працэсуальныя дзеянні. І тады было вырашана, што трэба прымушаць працаваць міліцыю. Міліцыя ў законным парадку можа вырашыць усе пытанні з затрыманнем, з працэсуальнымі дзеяннямі, з прызначэннем пакарання».

У розных раёнах Кіева ўсё было вельмі па-рознаму. Там, дзе быў наладжаны дыялог з мясцовымі РАУС, прадстаўнікі раённых самаабароны сталі масава прыходзіць туды і дзяжурыць сумесна з міліцыяй. Прыйшоў загад новага міністра аб садзейнічанні раённым самаабаронам. Прадстаўнікі самаабароны і міліцыі сядзелі ў адных памяшканнях, калі паступалі выклікі — ехалі разам. Міліцыя баялася ехаць на выклікі. Баяліся, што іх там паб'юць, адбяруць зброю і наогул забіць могуць. Таму з міліцыяй у машыне ехалі некалькі прадстаўнікоў раённай самаабароны. На машыну зверху ставілі сцяжок: значыць, у машыне прысутнічае актывіст. Разам патрулявалі, разам ехалі на затрыманні.

У міліцыі была зброя і было права ўжываць яе. А актывіст самаабароны быў патрэбны, каб прымусіць міліцыянта дзейнічаць і прымяняць дазволеную яму зброю ў выпадку неабходнасці. Пра ўсе выпадкі, калі міліцыя не выконвала свае функцыі, актывісты паведамлялі адразу ж наўпрост намесніку міністра. Міліцыянтаў проста прымушалі працаваць.

Потым яшчэ вельмі доўгі час людзі па звычцы тэлефанавалі і скардзіліся на правапарушэнні менавіта ў самаабарону. Тады ўжо людзей пачалі пераконваць, што трэба тэлефанаваць на 102, маўляў, калі міліцыя не выедзе, тады тэлефануйце нам, а мы прымусім міліцыю выязджаць. Так функцыя мясцовай самаабароны пераключылася з непасрэднай аховы правапарадку на прымус міліцыі да выканання сваіх функцый.
У самыя складаныя дні на піку змены ўлады прадстаўнікі раённай самаабароны сумесна з прадстаўнікамі Самаабароны Майдана ўвайшлі ў групу, якая ахоўвала стратэгічныя пункты Кіева: Манетны двор, Вярхоўную Раду, СБУ.

«У канцы лютага — пачатку сакавіка 2014 года нават СБУ апынулася тым аб'ектам, які трэба было ахоўваць. Яны займаюць вялікі квартал, і нашы людзі патрулявалі тратуар і перыметр вакол усяго квартала. Мы павінны былі тлумачыць, што там унутры сядзяць узброеныя людзі, калі вы будзеце біцца ў вокны, вас усіх проста перастраляюць. Спробаў не было. Але патрулявалі пастаянна.

Пайшла хваля рэйдарскіх захопаў, і трэба было ездзіць ахоўваць прадпрыемствы. Ахоўвалі. Бывала, лавілі людзей з пашпартамі РФ — каўказцаў, дагестанцаў. Быў адзін чачэнец. Яго злавілі, потым перадалі ў службу бяспекі Украіны», — распавядае Аляксей. — У сакавіку 2014-га была спроба ўзброенага захопу Вярхоўнай Рады — прама падчас пасяджэння. У нейкі момант паступае мне сігнал: Правы Сектар пайшоў штурмаваць Вярхоўную Раду. Я тэлефаную правасекам з пытаннем: «Хлопцы, што гэта? Вы ў курсе?» Правы Сектар кажа, што гэта не яны, і наогул першы раз чуюць, што хтосьці штурмуе Раду.

Ад Вярхоўнай Рады тэлефануюць мне дзяжурныя, што супраць іх пачынае бойку натоўп. Ужо кідаюць камяні ў вокны. Група правакатараў у балаклавах (а на той момант балаклавы ўнутранай пастановай былі на Майдане ўжо забароненыя) спрабуе штурмаваць будынак. Да будынка Вярхоўнай Рады падцягнуўся сапраўдны Правы Сектар, правакатараў адагналі, але спроба захапіць будынак была сур'ёзнай.

Паралельна з гэтым мне тэлефануюць з Харкаўскай вобласці і кажуць, што ў іх там танкі. Я кажу, што яны, напэўна, з’ехалі з глузду, якія там могуць быць танкі. Яны адказваюць, што танкі зайшлі з расійскай тэрыторыі. Адзін з прадстаўнікоў самаабароны ў Харкаўскай вобласці на сваёй машыне паехаў і далажыў, што ўжо на глыбіню 3–5 км у Харкаўскай вобласці ў палях зайшлі з боку Расіі танкі і спыніліся. Ён мне распавядае гэта па тэлефоне — і тут жа паралельна я бачу сітуацыю са штурмам Рады. Я складаю адзін да аднаго: калі зараз адбудзецца штурм Вярхоўнай Рады, танкі рушаць далей. І я разумею, што калі цяпер падключыцца ўзброеная група да штурму Вярхоўнай Рады, то гэта канец. Тады мы збіраем увесь архіў, які ў нас ёсць, і сыходзім па падземных хадах са штаба. Нейкі час мы прасядзелі не ў штабе, а ў іншым месцы, бо разумелі, калі цяпер штурмуюць Раду, то наступная група прыйдзе і хлопне нас як каардынатараў. Нас проста ўсіх пераб'юць, бо ў нас нават зброі ніякай няма

Але тады штурм Вярхоўнай Рады не адбыўся, сіламі Самаабароны Майдана правакатараў адагналі. Танкі сышлі. І гэта ўсё адбываецца на фоне падзей у Крыме. Вельмі-вельмі страшна было».

Новы час. Новая паліцыя

Пасля «Рэвалюцыі годнасці» была створана новая паліцыя. Але не адразу: амаль увесь 2014 год парадак у гарадах Украіны ахоўвалі падраздзяленні мясцовай самаабароны. А калі нарэшце пачала фармавацца новая паліцыя, яна ўжо не мела нічога агульнага з ранейшай украінскай міліцыяй, якая цалкам сябе скампраметавала. У ёй не было, напрыклад, «палачнай сістэмы», што практыкавалася ў старой міліцыі (асабістаму саставу ставілі пэўны мінімум паказчыкаў). Пазбягаюць «новыя паліцэйскія» і перавышэння службовых паўнамоцтваў.

Падчас Майдана стала зразумела: хоць супрацоўнікі міліцыі прысягалі на вернасць народу, яны схільныя выконваць заведама злачынныя каманды і загады начальства. Вопыт узаемадзеяння самаабароны з міліцыяй паказаў: новая паліцыя павінна быць не карным органам, а органам, які абслугоўвае грамадства. Адной з галоўных задачаў у Палажэнні аб патрульнай службе МУС становіцца «ўзаемадзеянне з грамадствам», а таксама «ўсталяванне даверных адносінаў паміж прадстаўнікамі патрульнай службы і насельніцтвам».

У ходзе рэформаў 2014–2016 гадоў паліцыя аддзяляецца ад МУС, што яшчэ больш адпавядае еўрапейскай мадэлі: асобна паліцыя са сваім кіраўніцтвам, асобна — міністэрства са сваёй палітыкай. Колькасць праваахоўнікаў скарачаецца ўдвая. З канца 2015 года Нацыянальная паліцыя Украіны складаецца з шасці дэпартаментаў: патрульная паліцыя (падтрыманне грамадскага парадку і кантроль бяспекі на вуліцах), ахоўная паліцыя (ахова аб'ектаў), крымінальная паліцыя (супрацьдзеянне злачыннасці), паліцыя асаблівага прызначэння (падраздзяленне КОРД для рэагавання на надзвычайныя сітуацыі), органы папярэдняга расследавання (збор, ацэнка, праверка доказаў), спецыяльная паліцыя (забеспячэнне грамадскага парадку на аб'ектах і тэрыторыях, якія пацярпелі ад стыхійных бедстваў ці экалагічных катастрофаў).

Новая патрульная служба замяніла патрульна-паставую службу і ДАІ. Практычна кожны ўкраінец адзначае, што сітуацыя на дарогах са знікненнем даішнікаў горш не стала, затое ў людзей знік страх, што да іх «дакалупаюцца» на роўным месцы. (Хаця праблемы, вядома, застаюцца.) У чэрвені 2017 года было прадстаўлена новае падраздзяленне патрульнай службы — «дарожная паліцыя». Мяркуецца, што «дарожнікі» будуць сачыць за трасамі міжнароднага і дзяржаўнага значэння. У верасні 2018-га ва Украіне рэзка выраслі штрафы за парушэнне ПДР.

Патрульная паліцыя — выдатны прыклад таго, наколькі можа быць паспяховым стварэнне нейкага інстытута з нуля па новых стандартах. Гэта адзінае падраздзяленне паліцыі, у якім большасць людзей не працавала ў былой міліцыі, і таму ў ім цалкам атрымалася выкараніць карупцыю. У патрульнай паліцыі ўвесь час з'яўляюцца новыя формы: тактыка-аператыўныя падраздзяленні, велапатруль, конны і водны патруль, аэравыведка.


Узровень даверу насельніцтва Украіны да нацыянальнай паліцыі ў самым пачатку рэформы ўзляцеў угору і даходзіў да паказчыка ў 66–68%. Людзі разумеюць: да іх прыедуць хутка і дапамогуць вырашыць кожную спрэчную сітуацыю. Праўда, да сённяшняга дня ўзровень даверу да паліцыі ўпаў да 40–42% з-за таго, што маёмасных злачынстваў (асабліва дробных крадзяжоў) менш не становіцца.

Па статыстыцы, раскрывальнасць злачынстваў у 2016 годзе, адразу пасля праведзеных рэформаў, упала ніжэй за 30% — усяго было раскрыта 154,7 тысячы злачынстваў з 562 тысяч. У 2017-м паказчыкі палепшыліся, але не нашмат: было раскрыта на 40 тысяч злачынстваў больш, а ўсяго іх зарэгістравалі каля 500 тысяч. Але стабільна высокай засталася раскрывальнасць цяжкіх злачынстваў — 89,8% за мінулы год. Гэта самы высокі паказчык, пачынаючы з 2013 года. Па сутнасці, у 2018 годзе паліцыя ўпершыню вярнулася да даваенных паказчыкаў: стала працаваць лепш, чым у мінулым і пазамінулым годзе, але не лепш, чым у 2013-м.

Вярнуся да красамоўнай падзеі: з'яўлення паліцыі на чыгуначным вакзале. Галоўная заслуга ўкраінцаў сёння нават не ў «перафарматаванні» праваахоўных органаў, а ў тым, што народ сам стварыў паліцыю, якой можа давяраць, і якая кіруецца рэальнымі патрэбамі грамадства, а не ўказаннямі зверху.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: