Народзіны Жызнеўскага ва Украіне адзначылі Маршам памяці (фота)

Сёння Міхаілу Жызнеўскаму мог бы споўніцца 31 год. Дзень народзінаў беларускага ўдзельніка Рэвалюцыі Годнасці, які быў забіты на Майдане шэсць гадоў таму, у Кіеве адзначылі памятным шэсцем.


Жызнеўскі лічыўся адным з самых актыўных удзельнікаў Еўрамайдана. Ён уваходзіў у Самаабарону Майдана, ахоўваў аб'екты Майдана, дзяжурыў у намётах.


Міхаіл Жызнеўскі памёр 22 студзеня 2014 года прыблізна ў 9:00 на вуліцы Грушэўскага каля стадыёна «Дынама» ў Кіеве ад кулі снайпера — яна трапіла прама ў сэрца.


Каля 200 чалавек у Кіеве са сцягамі Украіны і Беларусі рушылі тым самым шляхам, што і шэсць гадоў таму, 26 студзеня 2014 года, калі адбылося пахаванне героя: ад Міхайлаўскай плошчы да народнага мемарыяла Жызнеўскаму. На месцы гібелі беларускага майданаўца адбыўся жалобны мітынг, былі ўскладзеныя кветкі. Шмат хто з удзельнікаў мерапрыемства адзначыў, што Міхаіл для іх быў і застаецца прыкладам упартай барацьбы і мужнасці. Прысутныя заклікалі ўкраінцаў прыкласці ўсе намаганні, каб знайсці і пакараць вінаватых у забойстве Жызнеўскага.


НЧ запытаў у прысутных, чаму яны прыйшлі на мерапрыемства з нагоды памяці Міхаіла Жызнеўскага.

Андрэй, студэнт: «Я прыйшоў сюды, каб, па-першае, аддаць даніну памяці героя, які паклаў сваё жыццё за Рэвалюцыю Годнасці ва Украіне. Па-другое, паказаць усім людзям і людзям ва ўладзе ў прыватнасці, што мы ёсць, што нацыя жыве. Што мы зноў будзем гатовыя выступіць, калі прыйдзецца. Гэта вельмі важная акцыя, бо зараз украінская ўлада сваімі шматлікімі дзеяннямі намагаецца знішчыць украінскую нацыянальную ідэю як такую».

Барыс Стамахін, былы расійскі палітвязень, прыйшоў сюды, каб узяць удзел у акцыі памяці пра чалавека, які аддаў сваё жыццё за свабоду Украіны. «Я наогул заўсёды падтрымліваў незалежнасць Украіны і Беларусі і выступаў супраць расійскай імперыі, іманентная ўласцівасць якой — пагроза сваім суседзям», — распавёў ён.

Мужчына, адмовіўся назваць сваё імя: «Міхайла быў маім асабістым сябрам. Я лічу, гэта супольная страта ўсіх украінцаў і беларусаў, якія сёння змагаюцца за незалежнасць сваіх краінаў».



Міхаілу Жызнеўскаму


Той, хто ваюе,
Не памірае...
Ды ў сэрцы куля
І кроў густая
Бруіцца долу
Па сьнезе белым.
Душа на волю —
Дранцьвее цела.

Не на чужыне,
Не на базары —
У чорным дыме,
Сярод пажараў,
Ня ў дрэмкай цішы —
Скрозь бой гарачы
Плыве па Цісе
У вырай кача.

Бывай, матуля,
Ня плач пра сына —
Пад граньне сурмаў
Між пабрацімаў
На барыкадзе
Сьвятла і праўды
Я ў авангардзе
Нябеснай варты.

Мы не заснулі
За небакраем —
ТОЙ, ХТО ВАЮЕ,
НЕ ПАМІРАЕ!

Зміцер Захарэвіч

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: