Пісаў ён, як вядома, вельмі цьмяна, што дазваляе рабіць самыя смелыя інтэрпрэтацыі напісанага. Сваю версію прагнозаў Настрадамуса на гэты год выдаў брытанскі таблоід Daily Mirror. Версія, шчыра кажучы, невясёлая.
Пачнём з таго, што нейкі навуковец з Расіі ў 2021-м створыць біялагічную зброю — вірус, які ператворыць людзей у зомбі. Таксама Настрадамус быццам прагназуе, што ў гэтым годзе на зямлю прыйдзе голад біблейных маштабаў. Але і гэта яшчэ не фінал. Аграмадную шкоду нашай планеце ў 2021 годзе, сцвярджае выданне, зробяць велізарныя сонечныя буры. У набор таго, што нам нясе новы год, прапануецца дадаць маштабны землятрус і нават сутыкненне планеты з астэроідам.
Тым больш цікава, як чытачы Daily Mirror каментуюць такі прагноз. На іх думку, ад жоўтага выдання наўрад ці можна было чакаць нечага іншага. А некаторыя нават высмеялі логіку трактовак запісаў Настрадамуса журналістамі. «“Схіл парку, вялікае бедства. Праз землі Захаду і Ламбардыю. Агонь на караблі, чума і палон; Меркурый у Стральцы, згасанне Сатурна”, — аказваецца для Daily Mirror гэты запіс Настрадамуса трэба перакладаць як “разбуральны землятрус”», — іранізуе ў каментарах адзін з чытачоў.
Паводле брытанскай прэсы