Нашто немцам Пучдэман?

Рашэнне нямецкай Феміды не выдаваць каталонскага незалежніка Карлеса Пучдэмана Іспаніі выклікала дыпламатычнае напружанне паміж Берлінам і Мадрыдам.

 Фота AP

Шлях Пучдэмана ў Германію быў вельмі доўгім. Пачалося яго падарожжа летась 30 кастрычніка, калі генпракурор Іспаніі абвінаваціў яго — на той час кіраўніка ўраду Каталоніі — у спробе сепаратысцкага путчу і карупцыі. Аднак Пучдэман напярэдадні паспеў збегчы ў Брусэль. Там ён заставаўся ў незразумелым прававым статусе да канца сакавіка 2018-га, калі іспанскія ўлады аднавілі еўрапейскі ордэр на яго арышт. Палітык адразу паспяшаўся з’ехаць у Фінляндыю, адкуль вырашыў накіравацца ў ФРГ, на мяжы якой яго ўжо чакала нямецкая паліцыя.

Спачатку падавалася, што Карлесу Пучдэману засталося нядоўга гуляць на свабодзе. Прынамсі, не супраць яго экстрадыцыі была нямецкая пракуратура. Аднак раптам 5 красавіка зямельны суд зямлі Шлезвіг-Гальштэйн вызваліў Пучдэмана з-пад арышту і вынес рашэнне аб немагчымасці яго экстрадыцыі. Лідар каталонскіх незалежнікаў нават выйшаў на волю пад заклад у 75 тысяч еўра. Пры гэтым нямецкі ўрад вуснамі міністра юстыцыі заявіў, што лічыць рашэнне суда Шлезвіг-Гальштэйна «абсалютна карэктным». Такія дзеянні з боку немцаў, натуральна, выклікалі абурэнне іспанскага боку. Міністр замежных спраў Іспаніі дыпламатычна назваў рашэнне «няўдалым».

У любым выпадку, паўстала пытанне: у якую гульню гуляе Германія? У прэсе хапае версій. Хаця, магчыма, Германія ні ў якую гульню і не гуляе. Частка нямецкай грамадскасці пабачыла ва ўсёй гэтай гісторыі трыумф незалежнасці судовай галіны ўлады. «Выключна ў Германіі магло адбыцца нешта падобнае, паколькі тут вердыкты юстыцыі вышэй за думку парламента або ўрада. Германія прадэманстравала, што яна з’яўляецца прававой краінай», — сцвярджае выданне «Freitag».

Нагадаем, суд скасаваў папярэднія высновы пракуратуры, якая пагадзілася з аргументамі Мадрыду — Пучдэман вінаваты ў спробе арганізацыі перавароту. Аднак адзнак якіх-небудзь антыдзяржаўных дзеянняў, накіраваных на арганізацыю змовы, суд не знайшоў. Згодна з артыкуламі Крымінальнага кодэкса ФРГ, для прад’яўлення такога сур’ёзнага абвінавачвання неабходная наяўнасць гвалтоўных дзеянняў або, як мінімум, заклікаў да іх. У дасье Пучдэмана, сапраўды, ніякага гвалту ці падобных заклікаў няма.

Аднак большасць каментатараў усё ж бачаць у падзеях палітычны падтэкст. На іх думку, Меркель наўмысна не экстрадуе Пучдэмана, каб мець нейкі рычаг уплыву на Мадрыд. Паводле гэтых экспертаў, у Берліне заклапочаныя тым, як жорстка іспанскі кансерватыўны прэм’ер Мар’яна Рахой вырашыў расправіцца з каталонскімі незалежнікамі, правакуючы тым самым турбулентнасць ва ўсёй Паўднёвай Еўропе. Газета «Junge Welt» піша: «Берлін і Брусэль праводзяць палітыку жорсткай эканомікі, з дапамогай якой збіраюцца вырашыць пытанне фінансавага крызісу і нейтралізаваць пратэсты. Аднак такі курс можна праводзіць выключна ва ўмовах стабільнасці. Іспанцы сваёй рэпрэсіўнай палітыкай разбіваюць карабель ЕС аб рыф каталонскай незалежнасці».

Яшчэ адзін момант тычыцца праблемы легітымнасці правадыра каталонскіх незалежнікаў. Як ні круці, Карлес Пучдэман быў абраны на пасаду кіраўніка ўраду аўтаноміі абсалютна празрыста і дэмакратычна. Калі іспанцы адправяць яго на турэмныя нары ў якасці путчыста, паўстане прававы нонсенс. Шэраг юрыстаў нават лічаць, што ў такім выпадку ЕС атрымае першага ў сваёй гісторыі палітычнага вязня.

Калі асудзіць каталонца, будуць і іншыя негатыўныя наступствы. Перш за ўсё, іспанскі досвед барацьбы з сепаратызмам можа быць узяты на ўзбраенне іншымі ўрадамі ЕС, якія сутыкнуліся з пагрозамі на адрас нацыянальнага адзінства. Экспарт іспанскага прэцэдэнту, паводле прэсы, будзе спрыяць узнікненню новых канфліктаў і развіццю аўтарытарных трэндаў.

І яшчэ адзін цікавы аргумент на карысць таго, каб Берліну ўтрымліваць Пучдэмана. У прэсе агучваліся тэорыі, што Пучдэман спрабаваў праз Фінляндыю збегчы ў Расію. У такім выпадку, як пішуць каментатары, каталонскі незалежніцкі рух можа стаць фігурай глабальнай геапалітычнай партыі.

Аднак не выдаць Пучдэмана Берліну будзе няпроста. У Мадрыдзе, падаецца, упарта лічаць, што каталонскім сепаратыстам трэба даць урок, каб перастрахавацца ў будучым ад рэцыдываў абвяшчэння незалежнасці. Улады Іспаніі таксама спадзяюцца, што пакаранне лідараў «путчу» саб’е новую пратэстную хвалю: 15 красавіка сотні тысяч прыхільнікаў незалежнасці Каталоніі ад Іспаніі выйшлі на вуліцы Барселоны, патрабуючы вызвалення затрыманых за спробу абвяшчэння незалежнасці ў мінулым кастрычніку.

Так ці інакш, рэбус Пучдэмана будзе разгаданы бліжэйшым часам. Іспанскае праўладнае выданне АВС зрабіла разлік часу, які неабходны Германіі на выкананне ўсіх мерапрыемстваў для экстрадыцыі затрыманага. Паводле разлікаў, ужо ў маі Пучдэман можа быць перададзены ў Іспанію — хай не як падазраваны ў арганізацыі путчу, аднак падазраваны ў карупцыі. Нямецкі ж бок пакуль не вельмі спяшаецца. Толькі на гэтым тыдні адпаведныя профільныя органы Іспаніі і ФРГ пачнуць кансультацыі на дадзеную тэму.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: