Навіны з краіны цудаў, «Стоп-Бензін» у Францыі: тыдзень вачыма карыкатурыстаў

Навала мігрантаў пагражае некаторым штатам ЗША, пратэсты «жоўтых камізэлек» у Францыі, няўдзячнасць у Дзень падзякі — гэтыя і іншыя падзеі тыдня вачыма сусветных карыкатурыстаў.

Працягваюцца палітычныя дыскусіі вакол ідэі стварэння «арміі еўрапейцаў», якая, маўляў, забяспечыць Еўропе бяспеку без дапамогі ЗША. Праўда, агульнай пазіцыі па пытанні еўрапейскіх узброеных сілаў няма. Да скептыкаў адносіцца і швейцарская Le Temps, мастак якой лічыць, што рэсурсаў у Еўропы хопіць хіба на тое, каб каментаваць твіты Трампа. Менавіта такі загад дае генерал арміі ЕС на малюнку.

Караван з бежанцамі з Цэнтральнай Амерыкі выйшаў на мяжу ЗША. У адказ Трамп даў дазвол на ўжыванне зброі. Навала мігрантаў раптоўна стала важнай тэмай у супрацьстаянні дэмакратаў і рэспубліканцаў. Выданні апошніх палохаюць насельніцтва жудаснымі наступствамі прарыву каравана. Майкл Рамірэз (Michael Ramirez), адзін з кансерватыўных мастакоў, фантазіруе — як можа выглядаць палітычная карта ЗША, калі мігранты (пры дапамозе дэмакратаў) прарвуць мяжу. На мапе на месцы часткі цяперашніх Штатаў выяўленая новая дзяржава — «Цэнтральная Амерыка».

Францыю ахапілі пратэсты так званых «жоўтых камізэлек» — масавы рух супраць чарговага павышэння падатку на бензін. Па ўсёй краіне блакуюцца аўтатрасы, бензакалонкі, склады гаручага. Некаторыя СМІ нават пішуць пра прыкметы рэвалюцыі. Напэўна таму карыкатурыст газеты Le Monde мяркуе, што прыйшоў час падкарэктаваць вядомую карціну Эжэна Дэлакруа «Свабода на барыкадах». Яе персанажам, на думку мастака, вельмі пасуюць «жоўтыя камізэлькі.

Тэма Brexit настолькі надакучыла, што згадваць пра яе варта хіба цікавымі карыкатурамі, што высмейваюць працэс выхаду Вялікабрытаніі з ЕС. На мінулым тыдні адзначыўся нідэрландскі графік па мянушцы Hajo. Ён адлюстраваў брытанскага прэм'ера Тэрэзу Мэй у выглядзе Алісы з казкі Люіса Кэралла. Падобна Алісе палітык дарэмна спрабуе прайсці ў мініяцюрныя дзверы з надпісам Brexit.

 «Чорная пятніца» — штогадовы лістападаўскі распродаж з шалёнымі зніжкамі — прыйшла ў наш побыт усяго некалькі гадоў таму. На Захадзе выстойваць доўгія чэргі і змагацца за (не)патрэбны тавар ужо стала традыцыяй. У гэтым годзе ажыятаж дасягнуў такіх маштабаў, што многія амерыканцы нават забыліся пра важнае сямейнае свята — Дзень падзякі. Дзень падзякі адзначаюць у чацверг увечары, аднак шмат хто праігнараваў традыцыю, пабегшы займаць чаргу з ночы. Кур'ёз ілюструе малюнак Гары Варвела (Gary Varvel). На ім бацька сямейства, члены якога памчаліся ў крамы, наракае на тое, што распродажы з кожным годам пачынаюцца ўсё раней.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: