Навукоўцы: Кінжал Тутанхамона выраблены з матэрыялу незямнога паходжання

Кінжал, знойдзены ў 1925 годзе пасля ўскрыцця саркафага Тутанхамона, выраблены з метэарытнага матэрыялу.
Да такой высновы прыйшла група італьянскіх навукоўцаў, якія даследавалі артэфакт, перадае ТАСС.

Прафесар фізікі Турынскага політэхнічнага інстытута Франчэска Парчэлі, які браў удзел у экспертызе, у інтэрв'ю газеце «Стампа» адзначыў, што 35-сантыметровы жалезны клінок адразу пасля яго знаходжання ў пакрывале муміі выклікаў палеміку ў навуковых колах.

«Вырабаў з жалеза ў Старажытным Егіпце было вельмі мала. Гэты матэрыял цаніўся больш, чым золата, — падкрэсліў італьянец. - Неверагодна, што раней ніхто не падвергнуў аналізу гэты сплаў».

З дапамогай рэнтгенаўскіх прамянёў навукоўцы вызначылі, што матэрыял клінка змяшчае 10% нікелю і 0,6% кобальту. «Такі сплаў характэрны для метэарыта. Атрымаць жа яго ў тую эпоху штучным шляхам было абсалютна немагчыма», — сказаў Парчэлі.

Паводле яго слоў, узгадаць пра кінжал Тутанхамона навукоўцаў прымусіла адкрыццё ў 2010 у егіпецкай пустыні кратэра Каміль метэарытнага паходжання. Пра «жалеза, што ўпала ўначы з неба» распавядаецца таксама ў адным з вядомых егіптолагам старажытных папірусаў, аднак сур'ёзна «незямную» версію паходжання матэрыялу, з якога выраблены кінжал, ніхто ніколі не разглядаў.

Тутанхамон кіраваў з 1333 па 1323 г. да н.э і памёр ва ўзросце 18 гадоў. Яго грабніца была знайдзеная ў 1922 годзе ў Даліне цароў брытанскім навукоўцам Говардам Картэрам і калекцыянерам старажытнасцяў лордам Джорджам Карнарвонам.

Паводле «Нашай Нівы»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: