Ці паўторацца «равучыя» дваццатыя?

Цяперашні Новы год распачаў і новую дэкаду. Гэта прымушае ўзгадаць 20-я гады папярэдняга стагоддзя, якія парадаксальным чынам падобныя на сённяшні дзень.

Адзін з амерыканскіх журналістаў нядаўна адзначыў цікавы момант: у дэкадаў ёсць не толькі імя, але і асоба. Логіка наступная: калі хтосьці кажа пра шасцідзясятыя, мы ўяўляем хіпі, рокераў, касмічныя адкрыцці. Сямідзясятыя асацыіруюцца з дыска і сексуальнай рэвалюцыяй, а васьмідзясятыя — гэта, безумоўна, эра відэа. Што ўжо казаць пра 90-я з бандытамі і інтэрнэтам!

А вось нулявыя ці дзясятыя гады сталі для найноўшай гісторыі нейкімі прахаднымі і да таго ж пазбаўленымі сваёй ідэнтычнасці. «Безназоўныя дэкады» — называе іх усё той жа журналіст.

Затое дваццатыя, якія пачаліся на мінулым тыдні, нясуць нам сапраўдныя вялікія метамарфозы. На думку прыхільнікаў гэтай ідэі, сённяшні свет чымсьці падобны на 20-я гады мінулага стагоддзя.

Тое дзесяцігоддзе, пры ўсім жаданні, нельга назваць прахадным. Другая дэкада 20-га стагоддзя так скаланула свет, што за ёй замацавалася мянушка «равучыя дваццатыя». Як прыклад — адзін з тагачасных кандыдатаў у прэзідэнты ЗША ішоў на выбары з абяцаннем у выпадку перамогі «вярнуць краіне нармальнасць».


Чым жа праславіліся 1920-я і чаму яны нагадваюць нашы дні? Для пачатку ўзгадаем, што сто гадоў таму свет стаў сведкам беспрэцэдэнтнай хвалі жаночай эмансіпацыі. З-за катастрафічных страт на франтах Першай сусветнай жанчыны імкліва асвойвалі мужчынскія прафесіі аж да таго, што станавіліся дэпутатамі і адміністратарамі. На базе жаночай субкультуры «flapper» нараджаўся новы тып жаноцкасці. Нешта падобнае мы назіраем сёння ў выглядзе новай хвалі фемінізму, якая ставіць пад пытанне гендарныя коды і стэрэатыпы паводзін, прапаноўваючы кожнаму нават свабоду выбару полу.

Дваццатыя таксама немагчыма ўявіць без навуковых і тэхналагічных прарываў. Сучаснікаў уразілі пералёты над Атлантыкай. Пілоты накшталт Чарльза Ліндбэрга станавіліся нацыянальнымі кумірамі, разглядаліся як прэтэндэнты ў прэзідэнты. Як фантастыка гучалі навіны пра шматлікія адкрыцці: тэлебачанне, гукавое кіно ці першы антыбіётык — пеніцылін. Прычым упершыню большасць прадуктаў прагрэсу — той жа аўтамабіль, радыё — сталі даступнымі працоўным.

Дэманстрацыя супраць сухога закону

Дэманстрацыя супраць сухога закону

У нейкай меры сёння мы таксама знаходзімся на парозе беспрэцэдэнтных тэхнічных прарываў. У нашай дыскусіі прапісалася тэма хуткай масавай рабатызацыі, першых калоній людзей на Месяцы і поўнай адмовы ад традыцыйных відаў энергіі.

З іншага боку ў аматараў праводзіць гістарычныя паралелі ёсць адзін слабы пункцік. У 1920-я тонус чалавецтва быў вельмі бадзёры. Шмат у чым з-за таго, што нефармальнай ідэалогіяй эпохі быў джаз з яго геданічнымі матывамі. Аптымізму дадавала і міжнародная сітуацыя. Здавалася, што свежая памяць пра Першую сусветную надзейна страхуе свет ад ваенных авантур. Сучасны чалавек, якога палохаюць кліматычным апакаліпсісам або маштабнай вайной на Блізкім усходзе, глядзіць на свет куды менш пазітыўна.


Так ці інакш, «равучыя дваццатыя» пахаваў кастрычнік 1929-га, калі на амерыканскіх біржах пачаўся катастрафічны абвал. Крызіс выклікаў велізарную гуманітарную катастрофу (нават у ЗША лік памерлых ад голаду ішоў на мільёны). Рэцэсія прымусіла расчаравацца ў дэмакратыі і імкліва сфарміравала запыт на ўрад моцнай рукі. Па сутнасці, гэта стала пралогам прыходу да ўлады аўтарытарных рэжымаў, якія арыентуючыся на традыцыйныя каштоўнасці, фактычна замарозілі дзіўны эксперымент 20-х.

У гэтым плане 2020-я, відавочна, не падобныя на свайго папярэдніка стагадовай даўнасці. У адрозненне ад мінулага стагоддзя 20-я гады 21-га стагоддзя, падобна, адразу пачнуцца з эканамічнага крызісу. Сёння толькі лянівы эканаміст не кажа пра тое, што ад новых катаклізмаў нас аддзяляюць літаральна некалькі месяцаў. А гэта значыць, што нам наўрад ці таксама пазбегнуць новай хвалі правага папулізму.

Так што, як сто гадоў таму не будзе, але перамены нам дакладна забяспечаныя.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: