Ці чакае Назарбаева беларускі сцэнар?

Чым бліжэй да заканчэння парламенцкая кампанія ў Казахстане, тым больш спекуляцый пра тое, што для аўтакратыі Назарбаева ўсё скончыцца беларускім сцэнарам.

Фота www.rosinform.ru

Днямі лонданская The Times падзялілася кур’ёзнай інфармацыяй наконт юрыдычнага ўладальніка будынку на Бейкер-Стрыт, 21Б. Менавіта тут, як вядома, паводле твораў Артура Конан-Дойля, жыў і працаваў славуты дэтэктыў Шэрлак Холмс. Высветлілася, што зямля і памяшканне належаць дачцэ экс-прэзідэнта Казахстана Дарызе Назарбаевай і яе сыну, якія выклалі за нерухомасць 140 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў. У сувязі з гэтым некаторыя медыя жартоўна прапанавалі называць Дарыгу не інакш як «місіс Хадсан».

Напэўна, у іншы час такі жарт падаваўся б смешным. Аднак цяпер гэта навіна, хутчэй, можа мець іншы эфект. Інфармацыя пра каласальныя сродкі з невядомымі крыніцамі паходжання, якімі валодае эліта Казахстана, яшчэ больш узмацняе пратэставы патэнцыял у грамадстве.

Пра яго пачалі актыўна пісаць, калі каментавалі апошні «кыргызскі Майдан». Нават дылетант бачыў, што механізмы, якія выклікалі бунт у Бішкеку, дзейнічаюць і ў суседнім Казахстане. Перш за ўсё, гэта адмоўныя сацыяльна-эканамічныя наступствы эпідэміі і практыкі татальнага каранціну ўвесну.

Валавы ўнутраны прадукт Казахстана за першыя пяць месяцаў 2020 года знізіўся на 1,7%. Паколькі цэны на сыравінных рынках паказалі самае моцнае падзенне з 1990-х гадоў, асноўны ўдар прыйшоўся на нафтагазавую галіну. Між тым, 15% казахстанскага ВУП фарміруецца якраз нафтагазавым сектарам. Паводле папярэдніх ацэнак, праз крызіс армія тых, хто жыве за мяжой беднасці, вырасла да 800 тысяч чалавек.

Градус напружанасці ўзмацняе і фактар закрытых межаў. Немагчымасць працаваць за мяжой прымусіла некалькі мільёнаў чалавек застацца на радзіме. Паколькі, як правіла, гэта мужчыны да 30 гадоў, у краіне з’явілася дадатковая вялікая сацыяльная і патэнцыйна актыўная група незадаволеных.

Рост незадаволенасці сярод насельніцтва накладаецца на выбарчы каляндар, паводле якога 10 студзеня 2021 года павінны прайсці выбары ў Мажыліс (ніжнюю палату парламента) і рэгіянальныя масліхаты (мясцовыя прадстаўнічыя органы). Цяпер заканчваецца першы этап кампаніі, калі партыі, паводле закону, праводзяць з’езды і складаюць спісы кандыдатаў.

У прынцыпе, мясцовыя выбары ў Казахстане даўно з’яўляюцца праформай. Аднак гэтым разам Акорда (адміністрацыя прэзідэнта), падаецца, адчула небяспечныя сігналы, і яшчэ ўвесну запусціла пакет маштабных дэмакратычных рэформаў.

Электарату кінуты пернік у выглядзе ўвядзення інстытута парламенцкай апазіцыі. Цяпер аднаго старшыню і двух сакратароў пастаянных камітэтаў Мажыліса будуць рэкрутаваць з ліку дэпутатаў парламенцкай апазіцыі. Апошняя таксама надзяляецца правам ініцыяваць правядзенне парламенцкіх слуханняў не менш як адзін раз на працягу адной сесіі. Павялічана абавязковая квота ў партыйных спісах для моладзі.

Магчыма, гэта і магло б стаць нейкай прынадай для выбаршчыкаў. Аднак толькі не ў краіне, дзе ўсе шэсць партый, якія дапускаюцца да выбараў, лаяльныя на адрас існуючага рэжыму. Тым больш, партыі, якія называюць сябе апазіцыйнымі, не маюць сваёй ідэалогіі ды мала вядомыя простаму абывацелю. Яны з’яўляюцца на інфармацыйным полі толькі падчас выбараў, калі для назіральнікаў з АБСЕ трэба рабіць ілюзію плюралізму.

Таксама загадзя вядома, хто атрымае большасць месцаў у парламенце. Галоўны трафей дастанецца кіруючай партыі «Нур Атан», лідарам якой з’яўляецца былы прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў, і які фактычна кіруе дзяржавай і цяпер.

Менавіта на ўгодніцтва чыноўнікаў, якія дакладна будуць маляваць праўладнай партыі завоблачныя працэнты, і робіць стаўку апазіцыя. Паводле яе разлікаў, народ, шакаваны данымі ЦВК, выйдзе на вуліцу. Пры гэтым, у адрозненне ад Кыргызстана або Беларусі, маніфестанты не будуць патрабаваць адстаўкі Елбасы. На першым этапе яны вылучаць лозунг удзелу ў выбарах сапраўдных апазіцыйных партый — нават з захаваннем існуючай рэдакцыі выбарчага кодэксу. Такі фокус, маўляў, дазволіць схіліць на свой бок частку вертыкалі, якая дапускае неабходнасць пераменаў.

Так ці інакш, для каардынацыі будучых пратэстаў апазіцыйнымі цэнтрамі, быццам, ужо праводзяцца нейкія семінары. Праўда, хто тыя апазіцыянеры, пакуль не зразумела. Касцяк апазіцыі даўно знаходзіцца за мяжой краіны, і, калі меркаваць па змесце іх выказванняў, асаблівых планаў на выбары не мае. Можна дапусціць, што гаворка ідзе пра нейкіх алігархаў, якія нешта не падзялілі з кіруючым кланам.

Акрамя таго, калі глядзець на прэсу, як уладай, так і апазіцыяй актыўна вывучаецца актуальны беларускі вопыт. Паводле інфармацыі парталу Zona.кz, у нейкіх беларускіх апазіцыянераў закупленыя правы на выкарыстанне сістэмы падліку «Голас» па перасылцы даных са смартфонаў. У сваю чаргу, улада, калі меркаваць па тых жа публікацыях, з беларускага досведу таксама зрабіла адназначную выснову — ні ў якім разе не дапусціць з’яўлення ў краіне ў выпадку хваляванняў яскравых лідараў.

Што будзе ў выніку — загадка. Пакуль дакладна можна казаць, што ніколі раней такіх эмоцый выбары, прычым больш, чым за месяц да іх правядзення, не выклікалі. Напэўна, студзень у Казахстане сапраўды будзе гарачым.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: