Не любіш Трампа — пі піва, новы гардэроб Меркель: тыдзень вачыма сусветных карыкатурыстаў

«Клір» падзяліў Польшчу, новы антытрампаўскі мем і выбары ў Бразіліі, якія закрануць Беларусь — гэтыя і іншыя падзеі тыдня вачыма сусветных карыкатурыстаў.

За Бугам мегаскандал з-за фільма «Клір». Твор 55-гадовага Войцэха Смажоўскага распавядае аб педафіліі, распусце, карупцыі і алкагалізме польскіх каталіцкіх святароў.

Чытайце таксама:

«Клір» скаланае Польшчу


Фільм раскалоў польскае грамадства. Лібералы называюць «Клір» самым важным сучасным польскім фільмам, паколькі ён падымае тэму ўплыву Касцёла на грамадства. Клерыкалы і прадстаўнікі партыі ўлады «Закон і справядлівасць» наадварот убачылі ў карціне «нападкі на царкву». На карыкатуры вядомай газеты «Nie» адзін святар перад кінаафішай супакойвае калегу: «Не хвалюйся. Урад аплаціць нам нашы маральныя.пакуты».



У апанентаў Дональда Трампа новая фішка — на сваіх акцыях яны п'юць піва. Усё з-за справы колішняга (6 кастрычніка Сенат ЗША зацвердзіў кандыдатуру Брэта Кавана) кандыдата ў суддзі Вярхоўнага суда Брэтта Кавана, якога лабіраваў Трамп. Кавана абвінавацілі ў спробе згвалтавання больш за 35 гадоў таму, калі ахвяре было 15 гадоў, а Брэтту — 17. Падчас спрэчак Кавана заявіў, што не памятае таго эпізоду, паколькі выпіў шмат піва, якое ён любіць і цяпер. Дэмакраты адразу ператварылі тэму піва ў папулярны антытрампаўскі мем. На карыкатуры мастака Даніэля Мэрфі (Daniel Murphy) суддзя выносіць пастанову з дапамогай банкі алкагольнага напою.

Увесь свет замер у чаканні навін з Бразіліі, дзе абіраюць прэзідэнта. Напярэдадні першага тура лідарам гонкі з 36 працэнтамі з'яўляецца правы папуліст Жаір Болсонару. Яго поспех, у тым ліку, можа выклікаць адток фінансаў з т.з «рынкаў, якія развіваюцца» (да іх належыць, дарэчы, і наш рэгіён). Між тым сам Жаір заявіў, што аспрэчыць любыя вынікі галасавання, калі яго не абвесцяць пераможцам. Гэта дало падставу мастаку выдання Times of Oman выявіць палітыка ў выглядзе камікадзэ бразільскага разліву.

Нямецкая прэса зноў дружна піша пра канец эры Меркель. На гэты раз каталізатарам плётак стаў канфлікт канцлера з уласнай фракцыяй у парламенце. Меркель не змагла дабіцца абрання свайго чалавека на пасаду старшыні фракцыі. Зрэшты, да адстаўкі справа можа не дайсці. Вотум недаверу для Меркель пагражае роспускам бундэстага і пазачарговымі выбарамі. У такім сцэнары ніхто не зацікаўлены, паколькі рэйтынгі зараз растуць толькі ў правых папулістаў. А вось нямецкі часопіс Der Spiegel лічыць, што Меркель хута здыме чырвоны пінжак — абавязковы атрыбут стыля канцлера.

Нарэшце, трошкі незвычайнага гумару. Да апошняга Майдана ў самым цэнтры Кіева стаяў помнік Леніну, які падчас тых падзей разбурылі. Адразу паўсталі дэбаты — хто або што мае заняць месца правадара пралетарыяту. У выніку перамог варыянт арт-аб’екту ў выглядзе сіняй рукі. Як лічыць гарадская адміністрацыя, гэта «сімвалізуе дружбу і кантакты». Між тым самі кіяўляне ў сацсетках прапанавалі свае трактоўкі: «рука алкаша», «рука практолага», «рука Фантамаса». Аднак, напэўна, самы незвычайны варыянт прапанаваў адзін з ананімных мастакоў.

***

Паглядзіце папярэднія агляды сусветнай карыкатуры. А якія тэмы былі б цікавыя вам? Пішыце ў каментарах!


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • фцф
  • 2018-10-07 21:54:10
А ў цэнтры Кіева будзе тырчаць "рука масквы".