Не выключаныя новыя санкцыі: у Кангрэс ЗША ўнесеная рэзалюцыя па Беларусі

У Кангрэс ЗША ўнесеная рэзалюцыя па Беларусі. У дакуменце гаворыцца аб падтрымцы народа Беларусі і асуджэнні сфальсіфікаваных выбараў і рэпрэсій супраць мірных дэманстрантаў.


Дакумент быў перададзены ў Камітэт па замежных справах. У далейшым ён павінен быць разгледжаны на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША, паведамляе Еўрарадыё са спасылкай на БелаПАН.

У рэзалюцыі гаворыцца, што Палата прадстаўнікоў не лічыць прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, якія прайшлі 9 жніўня 2020 года, свабоднымі і справядлівымі і не прызнае Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзідэнтам краіны.

Аўтары дакумента нагадваюць, што за некалькі месяцаў пасля выбараў у краіне былі затрыманыя дзясяткі тысяч грамадзян, у тым ліку журналісты і прадстаўнікі апазіцыі, а праваабаронцы задакументавалі «сотні жудасных паведамленняў аб прымяні катаванняў, сэксуальным гвалце і іншым жорсткім абыходжанні з затрыманымі за ўдзел у мірных пратэстах».

У рэзалюцыі асобна адзначаецца прэсінг у дачыненні да журналістаў: гаворыцца, што прадстаўнікі недзяржаўных СМІ ў Беларусі сутыкаюцца з запалохваннем і крымінальным пераследам, а журналісты замежных СМІ не могуць атрымаць акрэдытацыю.

Рэзалюцыя асуджае парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, заклікае спыніць гвалт і неадкладна вызваліць усіх затрыманых за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.

«Палата прадстаўнікоў заклікае Лукашэнку і беларускія ўлады да адкрытага і канструктыўнага дыялогу з членамі апазіцыі і іншымі зацікаўленымі бакамі для мірнай перадачы ўлады», — гаворыцца ў рэзалюцыі. Прычым легітымным інстытутам, які мог бы ўдзельнічаць у гэтым дыялогу, Палата прадстаўнікоў бачыць Каардынацыйную раду, створаную Святланай Ціханоўскай.

У рэзалюцыі таксама змяшчаецца заклік да далейшых санкцый супраць беларускіх улад за парушэнні правоў чалавека і фальсіфікацыю выбараў. Адзначаецца, што санкцыі павінны быць узгодненыя ЗША, Еўрасаюзам, Вялікабрытаніяй, Канадай і іншымі партнёрамі.

Гаворка, сярод іншага, ідзе «аб пераацэнцы любой фінансавай дапамогі, якая аказваецца рэжыму Лукашэнкі, уключаючы ўдзел у эмісіі дзяржаўнага доўгу або кантрактах на закупкі». Пры гэтым рэкамендуецца павялічыць падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці.

Раней, у снежні мінулага года быў прыняты абноўлены «Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі», які пашырыў паўнамоцтвы прэзідэнта ЗША па ўвядзенні санкцый у дачыненні да Беларусі.

Яшчэ будучы ў статусе кандыдата цяперашні прэзідэнт ЗША Джо Байдэн казаў, што мае намер падтрымліваць дэмакратычную Беларусь і будзе працаваць над планам дапамогі разам з еўрапейскімі партнёрамі.

«Я буду працягваць выступаць разам са Святланай Ціханоўскай і народам Беларусі з заклікам да мірнай перадачы ўлады, вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і правядзення свабодных і справядлівых выбараў», — гаварыў увосень Байдэн.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: